- Пра намер Літвы забараніць транзыт прадукцыі «Беларуськалію» праз сваю тэрыторыю стала вядома ў канцы 2021 году.
- Гэтаму папярэднічала некалькі скандалаў, у выніку якіх у адстаўку падалі адразу некалькі міністраў літоўскага ўраду.
- Страціў працу і кіраўнік «Літоўскіх чыгунак», а транзыт беларускіх угнаеньняў з дапамогай дзяржаўнага перавозчыка мусіў быць цалкам спынены з 1 лютага.
- З прапановай наладзіць перавозкі беларускіх угнаеньняў да ўладаў Літвы і ў «Літоўскія чыгункі» зьвярнулася пяць іншых кампаній, аднак усім ім было адмоўлена.
Расказваем, што вядома пра цягнікі зь беларускімі калійнымі ўгнаеньнямі сёньня.
У асноўным саставы з вагонамі «Беларуськалію» да Клайпеды транспартаваліся праз Слуцак, Баранавічы і Ліду. Часткова таксама іх шлях ляжаў да Асіповічаў і далей па электрыфікаванай лініі празь Менск, Маладэчна і Гудагай.
Сытуацыю зь цягнікамі «Беларуськалію» ранкам 1 лютага пачалі актыўна абмяркоўваць на чыгуначных форумах. Паводле агучаных там зьвестак, у першай палове дня па лініі Слуцк — Баранавічы — Ліда заўважылі два саставы з вагонамі «Беларуськалію», яшчэ адзін быў зафіксавалі ў раёне Маладэчна. Усе яны накіроўваюцца ў Літву. Да забароны транзыту ў Літву зь Беларусі штодня прыбывала 6-7 саставаў з прыкладна 50 вагонамі «Беларуськалію» кожны.
Цяпер на тэрыторыі Літвы знаходзіцца каля 1000 чыгуначных вагонаў, якія належаць «Беларуськалію», гэта прыкладна 20 саставаў.
«Толькі ў Клайпедзе зараз каля 700 вагонаў «Беларуськалію», — паведаміў у чыгуначнай групе адзін зь літоўскіх удзельнікаў. Усе беларускія вагоны зь Літвы плянуюць вярнуць у Салігорск да 7 лютага.
Што будзе з саставамі «Беларуськалію», якія паспрабуюць трапіць на тэрыторыю Літвы 1 лютага, пакуль незразумела. Усе таварныя чыгуначныя саставы, якія прыбываюць у Літву зь Беларусі, праходзяць мытны кантроль на станцыі «Вайдотай» ля Вільні. Паводле інфармацыі «Эўрарадыё», у першыя дні пасьля забароны транзыту на тэрыторыю Літвы могуць заехаць некалькі саставаў, што перавозяць іншую прадукцыю «Беларуськалію», якая ня трапіла пад заходнія санкцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ў чаканьні спыненьня транзыту празь Літву выклікаў кіраўніцтва ўраду і «Беларуськалію» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларуськалій» падаў скаргу ў Віленскі суд на спыненьне транзыту калійных угнаеньняў празь Літву