Ніводзін дыктатарскі рэжым, разьвязваючы вайну, не гаворыць свайму народу праўду пра тое, што сапраўды адбылося.
Сотні тысяч нямецкіх мужчын увосень 1939 года апранулі мундзіры і ўзялі ў рукі зброю ў цьвёрдым перакананьні, што ідуць адбіваць наступ агрэсіўных палякаў, якія атакавалі іхны Фатэрлянд.
Гэтаксама сотні тысяч чырвонаармейцаў зімой 1939-1940 гадоў ішлі ваяваць у Фінляндыю, бо Сталін і партыя загадалі адпомсьціць «за нахабную правакацыю фінляндзкай ваеншчыны».
Злодзей заўсёды гучней за іншых крычыць: «Трымайце злодзея!». А праўду аб правакацыях, учыненых двума дыктатарскімі рэжымамі дзеля апраўданьня пачатку агрэсіі, іхныя народы даведаліся толькі праз шмат гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На беларуска-польскай мяжы зноў стралялі. Гэтым разам сыгнальнай ракетайУ Беларусі і Расеі ў 2022 годзе можа быць інакш? Сумнеўна.
Слова «вайна» ў сваёй прамове 28 студзеня Лукашэнка прамовіў 36 разоў. Ягоныя прадказаньні пра магчымасьць вайны прагучалі злавесна і пагрозьліва: «Дык будзе вайна ці не? Так, яна будзе. Але толькі ў двух выпадках: калі супраць Беларусі будзе ўчынена прамая агрэсія ці супраць нашай Беларусі будзе разьвязана гарачая вайна. Мы ўсе як адзін, і нават тыя, хто ня хоча, стануць на абарону нашай зямлі і нашай Айчыны... І другі момант, калі быць вайне і Беларусь будзе ў ёй удзельнічаць: калі на нашага саюзьніка — Расейскую Фэдэрацыю — ажыцьцявяць непасрэдны напад».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вайна будзе, але ў двух выпадках», — Лукашэнка выступіў з пасланьнем«Польшча змушае нас да вайны»
Ніводзін агрэсар ня хоча паўставаць у вачох свайго народа захопнікам і распальшчыкам вайны. І калі раніцай 1 верасьня 1939 года мільёны шараговых немцаў разгарнулі сьвежы нумар галоўнай нацысцкай газэты Völkischer Beobachter, дык даведаліся што «Польшча напала на радыёстанцыю ў Глайвіцы». У газэце пісалі: «Натоўп палякаў, захапіўшыся, перайшоў мяжу імпэрыі, напаў на нямецкую радыёстанцыю, зьмясьціўшы ў бочку з порахам полымя вайны, за якое палякі аднойчы расплацяцца перад гісторыяй». Усе нямецкія газэты перадрукавалі гэту навіну. Загалоўкі таго дня: «Польшча змушае нас да вайны», «Нямеччына ідзе ў контранаступ па ўсім фронце», «Хвалюючыя словы фюрэра».
Праўду пра той напад сьвет даведаўся значна пазьней. Насамрэч напад на радыёстанцыю быў учынены на загад Гітлера. Яго зрабілі пераапранутыя ў польскія мундзіры эсэсаўцы пры ўдзеле вязьняў канцлягераў. Ажыцьцяўляць апэрацыю было даручана штурмбанфюрэру СС Альфрэду Наўёксу. 31 жніўня а 20:00 ён разам са сваімі падначаленымі ўварваліся ў памяшканьне радыёстанцыі і распачалі страляніну. Супрацоўнікаў радыёстанцыі зьвязалі і кінулі ў сутарэньне. Потым зачыталі ў эфір загадзя падрыхтаваны тэкст на польскай мове — пра тое, што палякі нібыта імкнуцца ў хуткім часе распачаць вайну супраць Нямеччыны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня»: як немцы гаспадарылі ў сталіцы«Нахабная правакацыя фінляндзкай ваеншчыны»
Але асабліва шмат аналёгій у цяперашняй перадваеннай сытуацыі — з позьняй восеньню 1939 года, зь пярэдаднем савецка-фінскай вайны. І тады, і цяпер — спачатку заявы і патрабаваньні Масквы пра недапушчальнасьць цяперашняга стану рэчаў зь бясьпекай СССР («адсуньце мяжу ад Ленінграда, занадта блізка да Фінляндыі»). Потым невыканальны ўльтыматум («аддайце свае тэрыторыі, а інакш пашкадуеце...»). Потым — правакацыя, як casus belli для поўнамаштабнай вайны, для бамбаваньня і ўварваньня.
26 лістапада 1939 года ўсе савецкія газэты апублікавалі паведамленьне ТАСС пад красамоўным загалоўкам «Нахабная правакацыя фінляндзкай ваеншчыны». Паведамлялася, што ў мясцовасьці Майніле на Карэльскім перашыйку нібыта ў выніку фінскага артналёту былі забітыя чацьвёра чырвонаармейцаў 70-й стралковай дывізіі.
Фінскі бок пераконваў, што ня мае да гэтага ніякага дачыненьня і прапаноўваў сумесна расьсьледаваць інцыдэнт. Але ўжо на наступны дзень наркам Молатаў абвінаваціў Фінляндыю ў «жаданьні ўвесьці ў зман грамадзкую думку і пазьдзекавацца з ахвяраў абстрэлу» і заявіў, што СССР больш ня будзе прытрымлівацца Пакту аб ненападзе.
30 лістапада савецкія танкі ўварваліся на фінскую тэрыторыю. Савецкія самалёты бамбілі Хэльсынкі, Вііпуры, Котке ды іншыя фінскія гарады.
Чырвоная армія пераходзіла мяжу пад літаўры аркестраў, узьняўшы над калёнамі партрэты Сталіна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Шкада, што для кагосьці асобы Сталіна, Яжова могуць быць узорам». Суд пакараў двух жыхароў Гомля калёніяй на 3 гады за «масавыя беспарадкі»Перад пачаткам працоўнага дня на заводах ва ўсім СССР адбыліся «стыхійныя мітынгі працоўных» з заклікам «даць адпор белафінскай ваеншчыне» і «вызваліць братоў-фінаў ад капіталістычнага прыгнёту». «Правда» цытавала бракоўшчыцу Кукушкіну, якая выказала цьвёрдую ўпэўненасьць, што «белагвардзейскаму пеклу», у якім 20 гадоў пакутавалі фінскія браты па клясе, настаў канец.
Міне шмат гадоў, і былы начальнік ленінградзкага бюро ТАСС Анцаловіч раскажа, што пакет з тэкстам пра «майнільскі інцыдэнт» і надпісам «ускрыць па асобым распараджэньні» ён атрымаў за два тыдні да абстрэлу.
Як высьветлілася ўжо ў гады перабудовы, абстрэл, які стаў фармальнай падставай для пачатку вайны, быў ажыцьцёўлены камандай НКВД у складзе 15 чалавек на чале з маёрам Акуневічам, якая прыбыла зь Ленінграда.
Пра фінскую вайну ў СССР ніколі не любілі ўспамінаць. Хоць гэта быў зусім ня дробны і не лякальны канфлікт — нават па цяперашнім часе. За 105 дзён «зімовай вайны» Чырвоная армія страціла амаль 127 тысяч чалавек. Яшчэ 246 тысяч былі параненыя, кантужаныя, абмарожаныя. Фінскія страты: 26 тысяч загінулых, 43 тысячы параненых. Фінляндыя супраціўлялася агрэсіі як магла — і вытрымала, захавала незалежнасьць, хоць і страціла частку тэрыторыі. Калі б не змагалася, то, без сумневу, яе чакала б савецкая акупацыя і лёс краінаў Балтыі. У абозе акупанты везьлі ўрад камуніста Куусінена, які павінен быў узначаліць прасавецкую Фінляндыю — паводле таго ж узору, які быў ужо часткова ажыцьцёўлены ў краінах Балтыі, якім пазьней наканавана было стаць часткай СССР.
Мала хто ў сьвеце паверыў у прапагандысцкія прыдумкі Масквы пра тое, што фіны «першыя пачалі». Сусьветная супольнасьць прызнала СССР краінай-агрэсарам і выгнала зь Лігі Нацый. А Гітлер, назіраючы, як савецкі калос на гліняных нагах ня здолеў паставіць на калені маленькую Фінляндыю, канчаткова рашыўся на агрэсію супраць СССР.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прыхільнік Сталіна, былы супрацоўнік спэцслужбаў. Хто зарэгістраваў праваабарончую арганізацыю, калі ўсе іншыя зьліквідаваліЯк Украіну будуць вяртаць «ва ўлоньне нашага славянства»
Калі я чытаю цяперашнія беларускія дзяржаўныя газэты, то нібы гартаю ў бібліятэцы «Правду» 1939-1940 гадоў. Геаграфічныя назвы іншыя, а агрэсіўная рыторыка, атмасфэра нянавісьці і нецярпімасьці — тыя ж. Некалькі выпадковых цытат з апошняга нумара «СБ. Беларусь сегодня»:
«Теперь особенно заметно, что пытаются уничтожить восточнославянский православный этнос, куда входят белорусы, русские и украинцы. Уничтожить через последних, так проще. Украина, точнее то, что от нее осталось, давно стала для них пушечным мясом, с помощью которого решают исключительно свои проблемы. Мясо не сопротивляется, оно покорно».
«Украинского государства как такового больше не существует. В верхах просто переставляют одну марионетку вместо другой. Сплошные фрики, вроде Кличко, и уровнем ниже. Государства нет».
І як падведзеная рыса пад усім гэтым — словы Лукашэнкі зь ягонага пасланьня: «Мы вернем нашу Украіну ва ўлоньне нашага славянства».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасадар Украіны ў Менску: «Беларусь усё больш „растае“ ў наратывах і задумах Крамля»Якой можа быць падстава для пачатку агрэсіі супраць Украіны? Добра інфармаваны галоўны рэдактар радыё «Эхо Москвы» Аляксей Венядзіктаў раіць зьвярнуць увагу на агаворку міністра Лаўрова падчас інтэрвію 28 студзеня. А менавіта — на наступныя словы:
«Я не исключаю, что кое-кто хотел бы спровоцировать военные действия. И киевский режим не контролирует огромное количество военнослужащих. По данным Запада даже, по-моему, около 100 тыс. на линии соприкосновения. И киевский режим большую часть из этих вооруженных людей не контролирует».
Калі ў адзін нядобры дзень у сярэдзіне ці ў канцы лютага мы ўбачым паведамленьне таго ж ТАСС пра тое, што нейкае невядомае ўкраінскае фармаваньне, не кантраляванае Кіевам, абстраляла расейскую ці ўкраінскую тэрыторыю, а ў адказ расейскі і беларускі галоўнакамандуючы аддалі загад наступаць на тэрыторыю Украіны — успомнім пра Глайвіц і Майніле. І пра тое, што сапраўдныя агрэсары, як правіла, спрабуюць перакласьці віну за ўварваньне на сваіх ахвяраў. А самі тым часам ужо падрыхтавалі абоз, у якім сядзіць які-небудзь украінскі Куусінен, гатовы заняць у Кіеве крэсла марыянэтачнага «прэзыдэнта» і выканаць любы загад дзеля вяртаньня Украіны «ва ўлоньне нашага славянства».
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.