Пасьля некалькіх месяцаў маўчаньня ў інфармацыйнай прасторы зноў зьявіўся затрыманы ў траўні блогер і журналіст Раман Пратасевіч. Ён выклаў сумесны фотаздымак зь Дзьмітрыем Беляковым, які цяпер узначальвае ці не адзіную афіцыйна зарэгістраваную ў Беларусі праваабарончую арганізацыю — Цэнтар «Сыстэмная праваабарона».
Свабода пацікавілася, што гэта за ўстанова і што за чалавек яе ўзначальвае.
Тыповае GONGO-утварэньне
«Сыстэмная праваабарона» была зарэгістраваная Менгарвыканкамам 12 кастрычніка 2021 году. На той момант уладамі былі зьліквідаваныя фактычна ўсе астатнія праваабарончыя арганізацыі, якія яшчэ працягвалі легальна дзейнічаць у краіне.
Вядомы беларускі праваабаронца растлумачыў Свабодзе, што «Сыстэмная праваабарона» зьяўляецца тыповым GONGO-утварэньнем. Што гэта значыць? У літаральным перакладзе — «Дзяржавай арганізаваная недзяржаўная арганізацыя».
Такі гібрыд стаў вельмі папулярным на тэрыторыі былога СССР. GONGO-арганізацыі масава ствараюць у Расеі, Азэрбайджане, Казахстане.
«Прадстаўнікі такіх арганізацый, калі прыяжджаюць у Страсбург ці Брусэль, могуць гаварыць вельмі правільныя рэчы аб стане правоў чалавека ў іхных краінах, валодаюць сытуацыяй, але чамусьці заўсёды робяць ня дужа правільныя высновы з гэтага ўсяго. Гэта значыць, у нейкай ступені ім дазваляецца крытыкаваць стан рэчаў у іх краінах, але да пэўнай мяжы. Думаю, у Беларусі нават такое будзе немагчымым», — сказаў праваабаронца.
Ён мяркуе, што «Сыстэмная праваабарона» не здабудзе больш-менш значнага ўплыву.
«Яны пакуль не валодаюць нават адпаведнай тэрміналёгіяй. Калісьці той жа „Рэгіён 119“ на чале з Аленай Касьпяровіч-Красоўскай быў больш небясьпечнай зьявай, бо яны скарысталі магчымасьці „Плятформы“ Андрэя Бандарэнкі. Але нават гэта прайшло досыць хутка. Магчыма, гэтага „сыстэмнага праваабаронцу“ паспрабуюць разьвіць, а магчыма, і не спатрэбіцца», — працягвае праваабаронца.
Сам Дзьмітры Белякоў у інтэрвію «Спутнику» казаў, што да зьяўленьня ягонай арганізацыі іншыя праваабаронцы ў краіны былі «экстрэмісцкай накіраванасьці». У той жа гутарцы ён абяцаў вырашаць выпадкі канкрэтных людзей.
Фіксуюць парушэньні правоў чалавека дзе заўгодна, але не ў Беларусі
Пакуль самай прыкметнай гісторыяй з удзелам «Сыстэмнай праваабароны» стаў мігранцкі крызіс на мяжы Польшчы і Беларусі. Дзьмітры Белякоў прысутнічаў каля лягера ў Брузгах, а таксама даваў шматлікія інтэрвію пра тое, як Польшча парушае правы мігрантаў на мяжы.
«Ніякіх іх дзеяньняў ня бачыў, апроч надпісу на сьпіне», — кажа праваабаронца Алег Гулак.
«Не выключаю, што іх маглі стварыць пад адну гісторыю — мігранцкага крызісу», — дадае другі праваабаронца.
Калі паглядзець на тэлеграм-канал «Сыстэмнай праваабароны», то ў ім можна знайсьці шмат выпадкаў нібыта парушэньняў правоў чалавека ў Польшчы, Літве, Латвіі, Украіне, ЗША. Але нельга знайсьці ніводнай гісторыі з самой Беларусі.
Супрацоўнік спэцслужбаў і камуніст
Хто такі Дзьмітры Белякоў? Яму 41 год. Паводле сацыяльных сетак, ён скончыў Вайсковую акадэмію па спэцыяльнасьці інжынэр. Актыўныя згадкі пра яго ў прэсе сталі зьяўляцца на працягу пару апошніх гадоў. Свае сацыяльныя сеткі ён таксама стаў весьці параўнальна нядаўна.
Магчыма, гэта тлумачыцца ягонай службай у сілавых органах. У жніўні 2020 году Белякова ў этэры расейскага тэлеканалу «Звезда» прадстаўлялі як «былога супрацоўніка спэцслужбаў». Сам Белякоў нават назваў сваё званьне — падпалкоўнік. Праўда, так і не ўдакладніў, якога менавіта ведамства. У інтэрвію ён гаварыў, што за апошнія гады ў Беларусі была створана «агентура ўплыву», якая працавала ў тым ліку ў Міністэрстве замежных справаў.
Сярод іншых ягоных месцаў працы называецца Міністэрства эканомікі, а таксама «Беларуска-кітайскі аналітычны цэнтар разьвіцьця», які быў створаны пра Акадэміі навук. Нейкі час ён нават папрацаваў у Пэкіне.
Белякоў зьяўляецца сябрам праўладнай Камуністычнай партыі Беларусі. У ліпені 2020 году стаў першым сакратаром райкаму Цэнтральнага раёну Менску. У гэты час ён супрацоўнічаў з расейскім прапагандысцкім выданьнем «Сонар-2020», мае шчыльныя сувязі зь яго рэдактарам Сямёнам Уралавым. Іх сумесныя здымкі нярэдка зьяўляліся ў сацыяльных сетках.
Стваральнік «Інфаспэцназу»
У канцы жніўня 2020 году Дзьмітрый Белякоў запусьціў свой праект пад назвай «Інфаспэцназ», дзе ад самага пачатку пачаў жорстка крытыкаваць пратэст беларусаў супраць фальсыфікацыі выбараў і гвалту. Адначасова браў актыўны ўдзел у аўтапрабегах і іншых мерапрыемствах у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі.
Дзьмітры Белякоў часта бывае сярод тых некалькіх дзясяткаў чалавек, якія кожную нядзелю стаяць з афіцыйнымі сьцягамі ля станцыі мэтро «Уручча». У 2020 годзе яны так сустракалі аўтазакі, якія выяжджалі ў горад падчас вулічных акцый пратэсту.
Увосень 2020 году Белякоў разам з паплечнікамі пачаў патруляваць двары Менску. У інтэрнэце захавалася відэа, як ён разам са сваімі дзецьмі зразае бел-чырвона-белыя стужкі, а таксама зафарбоўвае на асфальце нацыянальную сымболіку. Патруляваць двары Белякоў працягвае па сёньня, у адным зь відэа ён кажа, што ягоная дружына зьяўляецца адзінай у Менску, якая працуе бясплатна.
Носіць кветкі да помнікаў Сталіну і Дзяржынскаму
У той самы 2020 год ужо спрабаваў зарэгістраваць арганізацыю «Адзіная Айчына». Многія СМІ і аналітыкі называлі тое ўтварэньне прарасейскім. Аднак менскія гарадзкія ўлады тады ў рэгістрацыі адмовілі.
«Чыноўнікі проста сякуць на корані ўсе добрыя пачынаньні грамадзян, адмаўляючы ў рэгістрацыі грамадзкім арганізацыям патрыятычнага толку. Вы спытаеце, чаму? Адказ просты — выкарыстоўваючы адміністрацыйны рэсурс, яны будуць спрабаваць усімі сіламі перашкаджаць фармаваньню патрыятычных сілаў, якія не цярпяць таго бардаку, што творыцца навокал», — абураўся Белякоў на сваёй старонцы ў фэйсбуку.
Дзьмітры Белякоў наведваў захоплены баевікамі Луганск, дзе выступаў зь лекцыяй у мясцовым унівэрсытэце. За гэта яго ўключылі ва ўкраінскую базу «Миротворець».
Адметна, што пры гэтым Белякоў мае дастаткова нацягнутыя адносіны зь іншымі прарасейскімі дзеячамі Беларусі. Ён неаднаразова крытыкаваў Сяргея Лушча, які спрабаваў зарэгістраваць прарасейскую партыю «Саюз». А на публіцыста Аляксея Дзерманта нават пісаў заяву ў міліцыю. Пры гэтым у яго часта зьяўляюцца супольныя здымкі з журналістам тэлеканалу СТВ Рыгорам Азаронкам.
Штогод у сацыяльных сетках Дзьмітры Белякоў публікуе фота, як ускладае кветкі да помнікаў Ёсіфу Сталіну і Фэліксу Дзяржынскаму, віншуе сваіх падпісчыкаў зь іхнымі днямі народзінаў.
Цяпер Белякоў як афіцыйна зарэгістраваны праваабаронца становіцца частым госьцем у этэрах дзяржаўнай тэлевізіі, яго запрашаюць на сустрэчы ў школы і працоўныя калектывы.