У Беларусі 24 міністэрствы. Зь іх да сілавых структур можна аднесьці Міністэрства ўнутраных спраў і Мінабароны. Рэшта выконвае цалкам мірныя і цывільныя задачы. Аднак кіруюць трацінай (8 з 24) беларускіх міністэрстваў усё адно сілавікі альбо людзі з вайсковым ці міліцэйскім мінулым. Расказваем пра іх падрабязьней.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Качанава настойвала на 80 працэнтах, а Шэйман прапаноўваў 60 і прызнаць паразу Лукашэнкі ў Менску», — былы супрацоўнік АдміністрацыіМіністэрства юстыцыі — генэрал-маёр Сяргей Хаменка
Самае сьвежае прызначэньне. Мін’юст Хаменка ўзначаліў адразу пасьля звальненьня са службы ў МУС, дзе быў намесьнікам міністра. 18 кастрычніка 2021 году Хаменку звольнілі ў запас па ўзросьце і адразу ж прызначылі кіраваць Міністэрствам юстыцыі. Пры гэтым у генэрал-маёра нават няма юрыдычнай адукацыі. Ён скончыў вышэйшую вайсковую вучэльню імя Арджанікідзэ яшчэ ў СССР, а таксама вучыўся на факультэце памежных войскаў вайсковай акадэміі імя Фрунзэ ў Расеі.
«Добрыя, моцныя юрысты ў Мін’юсьце ёсьць, — пракамэнтаваў Лукашэнка прызначэньне Хаменкі. — Патрэбны вельмі моцны арганізатар, кіраўнік».
Міністэрства спорту — палкоўнік Сяргей Кавальчук
Пасаду Кавальчук займае з 5 сакавіка 2018 году. Артылерыст, скончыў Адэскую вышэйшую вайсковую вучэльню. Служыў у Расеі, пасьля ў Берасьці. З 2004 году — у Службе аховы Лукашэнкі. Кавальчук ніколі ня быў прафэсійным спартоўцам. Як аматар падчас вучобы займаўся вайсковым трыятлёнам — бегаў і кідаў гранату. Пасьля прыходу ў Службу аховы пачаў займацца лыжамі.
Сярод былых ахоўнікаў Лукашэнкі спортам кіруе ня толькі Кавальчук. Міхаіл Ботнікаў працуе намесьнікам кіраўніка Фэдэрацыі футболу, Павал Сьцяпанаў — дырэктар «Чыжоўка-Арэны», Аляксандар Уласюк прызначаны дырэктарам РЦАП па лёгкай атлетыцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падаюць асноўныя апоры. Чаму Лукашэнка чарговы раз памяняў сілавікоўМіністэрства надзвычайных сытуацый — генэрал-маёр Вадзім Сіняўскі
Атрымаў пасаду 11 сакавіка 2021 году, да прызначэньня ня быў ніяк зьвязаны са структурамі ратавальнай службы. Скончыў Вайсковую вучэльню МУС СССР. Перад развалам Саюзу пасьпеў паўдзельнічаць у разгоне пратэстаў у некалькіх гарачых пунктах, у тым ліку ў Армэніі і Азэрбайджане. З 1992 году служыў у беларускай міліцыі, даслужыўся ад участковага да генэрал-маёра ўнутраных войскаў. Кіраваў пошукамі 11-гадовага Максіма Мархалюка, які зьнік у Белавескай пушчы. Падчас пратэстаў 2020 году ўзначальваў ГУУС Горадзенскага аблвыканкаму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар надзвычайных сытуацый нагадаў пажарнікам, што ім могуць загадаць страляць у пратэстоўцаўМіністэрства сувязі — падпалкоўнік Канстанцін Шульган
Прызначаны ў 2018 годзе. Да прызначэньня ніколі не працаваў у структурах, зьвязаных з гэтым міністэрствам. Скончыў Менскую вышэйшую інжынэрную зэнітную вучэльню, служыў у савецкай арміі, затым у беларускай. З 2008 па 2018 год займаў афіцэрскія пасады ў Апэратыўна-аналітычным цэнтры пры Лукашэнку. З 2016 году быў намесьнікам яго кіраўніка.
Міністэрства замежных спраў — палкоўнік Уладзімір Макей
Макей быў зьвязаны з савецкімі спэцслужбамі на працягу 12 гадоў — з 1980 па 1992. Пасьля заканчэньня вучобы ў Менскім інстытуце замежных моваў ён у званьні малодшага лейтэнанта трапіў на службу ў Галоўнае выведнае ўпраўленьне Мінабароны СССР. Падрабязнасьцяў службы Макея ў ГРУ ў вольным доступе няма. Пасьля прыходу да ўлады Лукашэнкі Макей некаторы час працаваў у МЗС, а ў 2000 годзе стаў яго першым асабістым памочнікам, пасьля чаго даслужыўся да кіраўніка ягонай Адміністрацыі.
Уладзімер Макей — адзіны ў беларускім урадзе чалавек, які мае заходнюю адукацыю. У 1992–93 гадах ён вучыўся ў Дыпляматычнай акадэміі ў Аўстрыі.
Міністэрства аховы здароўя — вайсковы лекар Уладзімер Піневіч
Скончыў Ленінградзкую вайскова-мэдычную акадэмію ў 1990 годзе, пасьля чаго два гады служыў вайсковым лекарам у гвардзейскім авіяцыйным палку на тэрыторыі сучаснай Мікалаеўскай вобласьці Ўкраіны.
Пасьля вяртаньня ў Беларусь на пачатку 90-х працаваў цывільным лекарам у розных шпіталях. Непрацяглы час займаў пасаду кіраўніка ўпраўленьня ў Камітэце дзяржаўнага кантролю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Лукашэнка аддзячыў тым, хто ратаваў яго ў жніўні 2020-га
Намесьнік прэм’ер-міністра — падпалкоўнік Ігар Петрышэнка
Скончыў Віленскую вышэйшую вучэльню войскаў супрацьпаветранай абароны і Вайсковы чырванасьцяжны інстытут у Маскве. Ва Ўзброеных сілах служыў на працягу дзесяці гадоў — з 1986 па 1996. Пасьля чаго перайшоў на працу спачатку ў Савет міністраў, а пасьля ў МЗС. З 2012 па 2018 гады быў амбасадарам Беларусі ў Расеі.
Прэм’ер-міністар — Раман Галоўчанка
У прызначанага на пасаду кіраўніка ўраду ў 2020 годзе Рамана Галоўчанкі няма вайсковага званьня, ён вучыўся ў Маскоўскім дзяржаўным інстытуце міжнародных адносін пры МЗС СССР па спэцыяльнасьці «Міжнародныя адносіны». Аднак ужо праз год пасьля прыходу да ўлады Лукашэнкі Галоўчанка становіцца галоўным спэцыялістам сакратарыяту Савету бясьпекі Беларусі, з 2002 па 2005 год узначальвае ўпраўленьне ў Генпракуратуры.
Працаваў у беларускай амбасадзе ў Польшчы, пасьля ўзначальваў амбасаду ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, а з 2018 па 2020 гады кіраваў Дзяржаўным вайскова-прамысловым камітэтам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Камэнданты для крэпасьці ў аблозе». Як пасьля жніўня 2020-га зьмянілася кіраўніцтва абласьцей і раёнаў
СМІ, мастацтва, спорт
Акрамя міністэрстваў, сілавікі ў Беларусі кіруюць амаль усімі фэдэрацыямі гульнявых відаў спорту, некаторымі дзяржаўнымі СМІ і нават установамі культуры.
Фэдэрацыю футболу ўзначальвае палкоўнік артылерыі Ўладзімер Базанаў, фэдэрацыю валейболу — генэрал-лейтэнант Уладзімер Вашчанка, фэдэрацыю хакею — падпалкоўнік МУС Аляксандар Багдановіч. Беларускі кікбоксінг і тайскі бокс узначальвае былы міністар унутраных спраў і памочнік Лукашэнкі па Горадзенскай вобласьці генэрал-лейтэнант Юры Караеў.
У канцы 2021 году сілавікі прыйшлі і ў Фэдэрацыю шахмат, яе ўзначаліў палкоўнік Сяргей Сычук.
Маюць «сілавое» мінулае кіраўнікі Белтэлерадыёкампаніі — Іван Эйсмант (капітан міліцыі, скончыў Акадэмію МУС) і АНТ — Марат Маркаў (13 гадоў праслужыў ва Ўзброеных сілах, падпалкоўнік юстыцыі).
Кіруюць сілавікі таксама дзяржаўным Саюзам пісьменьнікаў (генэрал-лейтэнант Мікалай Чаргінец), і ансамблем «Харошкі» (палкоўнік Валеры Курда). Беларускі дзяржаўны цырк узначальвае палкоўнік КДБ Уладзімер Шабан. У КДБ ён адслужыў больш за 30 гадоў, даслужыўся да пасады кіраўніка УКДБ па Менску і Менскай вобласьці.
Дырэктарам Горадзенскага аблдрамтэатру з 2012 году працуе палкоўнік Ігар Гедзіч. Да гэтага ён 23 гады праслужыў у арміі. Актыўна вядзе інстаграм, куды выкладвае фота на фоне зброі і здымкі з праўладных аўтапрабегаў жніўня 2020 году. Ужо дырэктарам тэатру Гедзіч атрымаў прызначэньне ў Савет Рэспублікі. Актыўна камэнтаваў дзяржаўным тэлеканалам міграцыйны крызіс каля памежнага пераходу ў Кузьніцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прызначыў амбасадарамі былых высокапастаўленых сілавікоў і кіраўніка Мытнага камітэту