Расейскі апазыцыйны палітык, палітзьняволены Аляксей Навальны трапіў у сьпіс тэрарыстаў і экстрэмістаў. Яго імя апублікавалі на сайце Расфінманіторынгу. Разам зь ім у сьпісе юрысты Фонду барацьбы з карупцыяй Любоў Собаль і Вячаслаў Гімадзі, супрацоўнікі фонду Георгій Албураў і Руслан Шаведдзінаў, былая каардынатарка ўфімскага штабу Навальнага Лілія Чанышава і экс-каардынатар штабу ў Іркуцку Захар Сарапулаў.
У канцы верасьня мінулага году Сьледчы камітэт пачаў крымінальную справу аб «стварэньні і кіраўніцтве экстрэмісцкай супольнасьцю» ў дачыненьні Навальнага (частка 1 артыкулу 282.1 КК). У гэтай жа справе праходзяць Леанід Волкаў і Іван Жданаў. У справе аб стварэньні «экстрэмісцкай супольнасьці» затрымалі і арыштавалі экс-кіраўніцу штабу Навальнага ва Ўфе Лілію Чанышаву.
Супраць Собаль, Албурава, Шаведдзінава, Гімадзі, а таксама Паўла Зелянскага, Рустэма Мулюкова «і іншых асобаў» распачалі справу аб «удзеле ў экстрэмісцкай супольнасьці» (частка 2 артыкула 282.1 КК).
У жніўні 2021 года Фонд барацьбы з карупцыяй і Фонд абароны правоў грамадзян, заснаваныя Навальным, унесьлі ў сьпіс экстрэмісцкіх арганізацый. У пачатку чэрвеня 2021 года гэтыя два фонды і штабы палітыка Маскоўскі гарадзкі суд прызнаў экстрэмісцкімі. 14 студзеня 2022 году ў сьпіс тэрарыстаў і экстрэмістаў уключылі Жданава і Волкава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: HBO і CNN зьнялі дакумэнтальны фільм пра расейскага апазыцыянэра Навальнага ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Расея ідзе ў фарватэры Беларусі, вучыцца ў рэжыму Лукашэнкі», — расейскі журналіст, былы вязень Бутыркі і Акрэсьціна