Амэрыканскі канал CNN і стрымінгавы сэрвіс HBO Max зьнялі дакумэнтальны фільм пра расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага, піша «Настоящее время».
Навальны на сваёй старонцы ў інстаграме расказаў, што ў лякарні пасьля атручэньня яны прынялі рашэньне здымаць усё. Пазьней яны пазнаёміліся з канадзкім рэжысэрам-дакумэнталістам Дэніэлам Роэрам, які першапачаткова здымаў фільм пра расьсьледавальніка Bellingcat Хрысту Грозева.
«На ўсялякі выпадак здымалі ўсе. Як я лячыўся і аднаўляўся. Як разам з Хрыстам пачаўся трылер з расьсьледаваньнем і выяўленьнем банды атрутнікаў з ФСБ. Як я тэлефанаваў сваім забойцам. Здымалі, як здымалі «Палац Пуціна». Ну і гэтак далей. Апошні раз здымачная група была са мной у той момант, калі на памежным кантролі людзі ў форме сказалі мне: «Пройдёмте», — напісаў палітык.
Дваццатага жніўня 2020 году самалёт, на якім Навальны ляцеў з Томску ў Маскву, экстрана прызямліўся ў Омску. У таксыкалягічнай рэанімацыі гарадзкой клінічнай лякарні хуткай дапамогі нумар 1 яго ўвялі ў штучную кому. Пазьней лябараторыя бундэсвэра, а незалежна ад яе экспэрты з Францыі і Швэцыі ўстанавілі, што Навальнага атруцілі «Навічком». У сьнежні 2020 году групы расьсьледавальнікаў The Insider, Bellingcat і CNN пры ўдзеле Der Spiegel прыйшлі да высновы, што за атручэньнем Навальнага можа стаяць група з васьмі апэратыўнікаў, зьвязаных з Інстытутам крыміналістыкі ФСБ (НДІ № 2).
У верасьні 2021 году сумеснае расьсьледаваньне групы Bellingcat і CNN аб атручэньні Аляксея Навальнага атрымала прэмію «Эмі» за «выдатны навінавы расьсьледвальніцкі рэпартаж».
Цяпер Навальны знаходзіцца ў папраўчай калёніі № 2 у горадзе Пакрове ва Ўладзімірскай вобласьці. Яго затрымалі 17 студзеня 2021 году, калі ён вярнуўся зь Нямеччыны ў Расею. Суд замяніў умоўны тэрмін апазыцыянэру ў тры гады шэсьць месяцаў у калёніі агульнага рэжыму на рэальны ў справе «Іў Рашэ». У Расеі пасьля гэтага прайшло некалькі акцый пратэсту ў падтрымку палітыка.