Пасьля акцыі Ігара затрымалі на 13 сутак, потым распачалі крымінальную справу за тое, што ён заклеіў камэру назіраньня на Акрэсьціна.
«Мы ад восьмай раніцы чакалі Ігара пад калёніяй. Мы — гэта сваякі з Магілёва і сябры Ігара зь Менску. Пасьля радаснай сустрэчы паехалі ў кавярню, выпіць гарбаты і паразмаўляць. У Ігара ў атрадзе было шмат тых, хто сядзеў „за наркотыкі“, і сыну было зь імі складана. Да „палітычных“ там спэцыфічнае стаўленьне. Кожны мае па два прафіляктычныя ўлікі і ўсё, што з гэтага выцякае», — расказала маці былога зьняволенага Іна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: выпусьцілі Ігара Пражэньнікава, затрыманага на маршы пратэсту. ВІДЭАБольш за ўсё па вызваленьні яе сын хоча пабыць безь людзей, без кантролю, як гэта было ў калёніі. «Ён стаміўся быць нон-стоп пад кантролем і заўсёды ў атачэньні людзей. Бо ў калёніі няма месца для асабістай прасторы ці часу „толькі для сябе“», — дадала маці.
Яе турбуе здароўе сына, бо ён працаваў на шкоднай вытворчасьці — на апрацоўцы гумы.
«Ігар адчувае, што ў яго могуць быць праблемы зь лёгкімі, раней былі праблемы з ныркамі. Цяпер яшчэ і калені баляць. Таму першым чынам мы пойдзем у паліклініку, Ігар будзе абсьледавацца. Яшчэ ён перадае вялізную падзяку ўсім людзям, якія пісалі яму, падтрымлівалі яго, гэта вельмі важна было. У бліжэйшы час, калі ён адпачне, ён сам усё напіша. Тым больш мы сёньня ўжо былі ў міліцыі, цяпер ён будзе на нейкім уліку, то невядома, што ў ягоным стане можна, а што не», — кажа маці.
Яна пераймаецца, што сын страціў час, які мог бы патраціць на працу ці адукацыю.
«Цяпер будзем зьбіраць грошы, каб хоць купіць тэлефон яму, адзеньне», — дадала Іна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хлопцу, які заклеіў вочка відэакамэры на Акрэсьціна, далі 1,5 года калёніі