За 2021 год Аляксандар Лукашэнка прызначыў новых пасланьнікаў у Таджыкістан, Бразылію, Паўднёвую Карэю, Іран, Манголію, Кубу, некаторыя іншыя краіны. Пры гэтым ён толькі здымаў, але не прызначаў амбасадараў у краінах ЭЗ.
На сёньняшні дзень Беларусь ня мае амбасадараў адразу ў васьмі краінах Эўрапейскага Зьвязу. Пры гэтым некаторыя месцы вакантныя ўжо амаль паўтара года.
Траіх пазбавілі дыпляматычных рангаў
Вакантныя месцы ў дыпляматычным корпусе пачалі зьяўляцца адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. Тады ў адстаўку быў адпраўлены амбасадар Беларусі ў Славаччыне Ігар Ляшчэня.
Адзін з найбольш дасьведчаных беларускіх дыпляматаў, Ляшчэня 15 жніўня 2020 году падтрымаў патрабаваньні беларусаў адносна новых свабодных выбараў.
«Я шчыра спадзяюся, што будучыня маёй краіны будзе заснаваная на ўліку пазыцый усіх пластоў грамадзтва і прадстаўнікоў розных палітычных сілаў», — казаў у відэазвароце Ігар Ляшчэня.
У хуткім часе таксама былі звольненыя і пазбаўленыя дыпляматычных рангаў паслы ў Латвіі і Гішпаніі Васіль Марковіч і Павал Пуставы, хоць яны ў адкрытую не падтрымлівалі пратэст. Новых амбасадараў у Славаччыну, Латвію і Гішпанію не прызначылі дагэтуль.
Італьянцы не захацелі Глаза?
Яшчэ даўжэй няма афіцыйнага прадстаўніка Беларусі ў Італіі. Яшчэ ў чэрвені 2020 году ранейшага прадстаўніка Беларусі Аляксандра Гур’янава прызначылі першым намесьнікам міністра замежных спраў.
Наступніка на Апэнінах да пачатку палітычнага крызісу прызначыць так і не пасьпелі.
Летась у італьянскіх СМІ праходзіла інфармацыя, што афіцыйны Рым адмаўляецца выдаць агрэман на прызначэньне паслом прэс-сакратара МЗС Анатоля Глаза.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Славенія адклікала згоду на працу беларускага ганаровага консульства ў ЛюблянеЗь Літвы на Кубу
Ад чэрвеня без кіраўніка жыве амбасада Беларусі ў Літве. Валеры Бараноўскі, які ўзначальваў місію, быў прызначаны новым амбасадарам на Кубе.
Таксама цягам 2021 году былі звольненыя прадстаўнікі Беларусі ў Бэльгіі (а па сумяшчальніцтве ў ЭЗ і NATO) — Аляксандар Міхневіч, у Францыі — Ігар Фісенка, у Чэхіі — Валеры Курдзюкоў.
Пры гэтым тэрміны прысутнасьці ў краінах канчаюцца яшчэ сама менш у двух амбасадараў — Дзяніса Сідарэнкі ў Нямеччыне і Андрэя Грынкевіча ў Румыніі: на сваіх пасадах яны ўжо больш за пяць гадоў. Таму можна чакаць, што і яны хутка пакінуць місіі.
Эўрапейцы таксама зьяжджаюць зь Менску
Што тычыцца эўрапейскай дыпляматычнай прысутнасьці ў Беларусі, то і яна скарацілася. Ад жніўня 2020 году прадстаўнікі краін Эўразьвязу адмаўляюцца ўручаць даверчыя граматы Аляксандру Лукашэнку, не прызнаючы ягонай легітымнасьці.
Амбасадар Францыі Нікаля дэ Лякост прыбыў у нашу краіну амаль адразу пасьля жніўня-2020, даверчыя граматы за год і два месяцы ён так і не ўручыў. У кастрычніку 2021-га прадстаўнік Францыі на патрабаваньне ўладаў вымушаны быў зьехаць зь Беларусі. Цяпер спадар дэ Лякост працуе спэцпасланьнікам прэзыдэнта Францыі па Беларусі, жыве ў Вільні.
Таксама на патрабаваньне беларускіх уладаў з краіны выехалі амбасадар Польшчы Артур Міхальскі і кіраўнік місіі Эўразьвязу Дырк Шубэль.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасол Эўразьвязу ў Беларусі: Санкцыі можна скасаваць пасьля прэзыдэнцкіх выбараў пад міжнародным назіраньнемУ траўні 2021 году, пасьля таго як улады Рыгі вывесілі падчас чэмпіянату сьвету па хакеі бел-чырвона-белы сьцяг замест дзяржаўнага, зь Беларусі быў высланы пасол Латвіі Эйнарс Сэманіс.
Адклікала амбасадара зь Беларусі і суседняя Літва — адбылося гэта летам 2021 году. А з кастрычніка 2020-га амбасадар Андрус Пулокас працаваў зь Вільні, пасьля таго як беларускія ўлады запатрабавалі скараціць колькасьць работнікаў пасольства.
Новага амбасадара ў Менск летам 2021 годe прызначыла Эстонія. Аднак улады ў Таліне вырашылі, што Яак Ленсмэнт у Беларусь не паедзе. Празь нейкі час прызначэньне скасавалі.
«Супрацоўніцтва з ЭЗ для нас нашмат важнейшае, чым для іх»
Былы дыплямат, колішні часовы павераны ў справах Беларусі ў Швайцарыі Павал Мацукевіч кажа, што бачыць шмат сымбалізму ў такіх кроках.
«Калі ёсьць амбасадар, то адносіны паўнавартасныя. Калі поўны штат супрацоўнікаў пасольства — то адносіны лічаць важнымі, — мяркуе экспэрт. — Калі ў амбасадзе ЗША ў Менску пяць чалавек, а ў Кіеве — больш за сотню, то гэта кажа шмат пра што».
Мацукевіч лічыць, што на сёньняшні дзень шмат якія мэханізмы супрацоўніцтва між Беларусьсю і Эўразьвязам не працуюць. Што ён мае на ўвазе?
«Не праводзяцца кансультацыі паміж міністэрствамі замежных спраў. Гэта значыць, што адсутнічае палітычны дыялёг. Нават у самыя горшыя для двухбаковых адносін часы такія сустрэчы заўжды адбываліся. На такіх кансультацыях прамацваўся агульны парадак дня, пункты дотыку, прапрацоўваліся важныя пытаньні».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнка разумее толькі мову сілы і гвалту». Інтэрвію былога супрацоўніка МЗСТаксама, са словаў былога дыплямата, не зьбіраюцца міжурадавыя камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Такія перамовы адбываліся з эўрапейскімі краінамі, як правіла, раз на год.
«Супрацоўніцтва з ЭЗ для нас нашмат важнейшае, чым для іх. Мы і так адставалі на 32 гады, бо наша супрацоўніцтва з ЭЗ рэгулявалася пагадненьнем, падпісаным у 1989 годзе, яшчэ ў СССР. А цяпер гэтае адставаньне толькі ўзмацняецца».
Посьпехі ў гандлі з эўрапейскімі краінамі пры гэтым могуць насіць часовы характар, упэўнены былы дыплямат.
«Так, летась быў добры гандаль, а таксама некаторая інэрцыя старых адносін. Але сёлета і налета, калі ўсё будзе працягвацца як і цяпер, то мы на ўсю моц адчуем нэгатыў ад зьнікненьня такіх сувязяў», — кажа Павал Мацукевіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што будзе, калі з Канстытуцыі прыбяруць тэзіс аб нэўтралітэце. Тлумачыць былы дыплямат