Тэма пратэстаў у Казахстане не пакінула абыякавымі ня толькі названыя ўладамі Беларусі «экстрэмісцкімі» незалежныя СМІ, але і дзяржаўныя мэдыя. Выданьні, якія падтрымліваюць Лукашэнку, актыўна пішуць пра падзеі ў цэнтральнаазіяцкай краіне і заклікаюць тамтэйшых сілавікоў да разгонаў дэманстрантаў. Маштабы пратэстаў прымяншаюцца, а вінаватымі ў пратэстах называюцца краіны, якія ўвялі супраць Лукашэнкі і ягонага атачэньня санкцыі і не прызналі яго легітымным кіраўніком Беларусі.
Тэлеграм-канал Агенцтва тэленавінаў (АТН) вінаваціць Захад у арганізацыі і падтрымцы пратэстаў:
«У Казахстане паўтараюцца падзеі Беларусі, калі на вуліцах былі ўчынены масавыя беспарадкі ЗША, Літвой, Эўразьвязам і Польшчай, якія суправаджаліся жорсткім гвалтам у адносінах праваахоўнікаў. Пазьней Захад хлусьліва назваў пратэсты „мірнымі“ з прычыны ўдзелу ў арганізацыі беспарадкаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Алматы падчас пратэстаў пацярпелі сама меней 190 чалавек, большасьць зь іх паліцыянтыКіраўнік аддзелу сацыялёгіі Інстытуту сацыялёгіі НАН Беларусі Мікалай Шчокін сказаў на дзяржаўнай тэлевізіі, што пра магчымы сцэнар рэвалюцыі нядаўна папярэджваў Лукашэнка на саміце СНД.
«Тое, што адбываецца ў Казахстане,— пасьлядоўная палітыка ЗША ў падрыве рэгіянальнай стабільнасьці і ўдушэньня СНД».
Таксама Шчокін дадаў, што «беларускі народ з трывогай і надзеяй успрымае тое, што адбываецца».
Яшчэ адзін праўладны дзеяч, палітоляг Аляксей Дзерман, таксама вінаваціць у падзеях у Казахстане Злучаныя Штаты, якія тым самым нібыта «дастаюць козыры» напярэдадні перамоваў з Расеяй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Казахстане прынялі адстаўку ўраду пасьля пратэстаў у большасьці буйных гарадоўАўтарка «Советской Белоруссии» Анастасія Цалюк бачыць ролю Захаду ў стымуляваньні выхаду людзей на вуліцы гарадоў.
«Ня бачачы бервяна ва ўласным воку, заходнія мэдыя і тэлеграм-каналы ўбачылі пясчынку ў воку казахстанскім. Стыхійныя мітынгі, якія прайшлі ў гэтай краіне супраць павышэньня цэнаў на звадкаваны газ, прывялі да таго, што апазыцыйныя і экстрэмісцкія тэлеграм-каналы дружна пачалі публікаваць у сябе шматлікія відэа з камэнтарамі аб тым, што сілавікі ў дачыненьні „мірных пратэстоўцаў“ ужываюць сілу. Дайшло да таго, што казахстанскіх сілавікоў абвінавацілі ў затрыманьні немаўляці ў вазку».
Цалюк праводзіць паралелі з пратэстамі ў Беларусі.
«Гэткае дэжавю: па сутнасьці, Казахстан 4 студзеня 2022 году — гэта 17 жніўня 2020-га ў Менску. Тады экстрэмісты пісалі і паказвалі тое ж самае. Ну хіба што назвы прадпрыемстваў і гарадоў былі іншымі. Складваецца ўражаньне, што нехта ў Казахстане вырашыў за адзін дзень рэалізаваць усе тэхналёгіі і лёзунгі, якія выкарыстоўвалі ў Беларусі ў 2020-м. Ня зьдзівіць, калі ў хуткім часе пачуем выцьцё тэлеграм-каналаў аб тым, як ім шкада пацярпелых на вуліцах. Але неяк ня верыцца ў шчырасьць гэтых сьлёз. Калі сапраўды шкада людзей, ня клічце іх на вуліцы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пратэстоўцы захапілі акімат у АлматыАўтар СТБ Рыгор Азаронак у сваёй праграме «Тайныя спружыны палітыкі 2.0» назваў свой чарговы выпуск «самым сур’ёзным за 1,5 года». Ён прывёў шмат паралеляў зь Беларусьсю і назваў казаскіх сілавікоў «воінамі сьвятла» ды заклікаў іх «душыць гэтую цьвіль».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пратэстоўцы захапілі акімат у АлматыЯўген Казлоўскі са скандальна вядомай карыкатурамі на каталіцкіх сьвятароў з выкарыстаньнем свастыкі «Мінскай праўды» лічыць размах пратэстаў у Казахстане слабасьцю кіроўных колаў.
«У Казахстане існуе велізарнае расслаеньне паміж заможнымі і беднымі, дзе апошніх ня так мала і ім ёсьць чым націснуць на балючае, — што і адбылося. Казахстан не Беларусь, і ў казахаў хапае сьцярвятнікаў унутры ўлады, якія нацэлены памяняць правілы гульні ў краіне і адкрыта падставіць дзейную ўладу».
Пры гэтым Казлоўскі піша, што раней Беларусь гуляла з Захадам. У Казахстане, на яго думку, сытуацыя больш складаная.
«Як некалі Беларусь, Казахстан падлашчваецца да Захаду ў пляне дэмакратычных структур, якія вучаць нас дэмакратыі, ды і ўвогуле, як правільна жыць на гэтай зямлі. Толькі вось беларусы гэта перарасьлі, а ў казахаў маштабы заходняй прысутнасьці ў разы вышэйшыя, чым было крыху раней у нас. І праполка тамака маецца быць сур’ёзная, калі да гэтага дойдзе, вядома. Асабліва важна там сябе адчувае „Фонд Сорас — Казахстан“. З 1995 па 2013 год больш за 2000 студэнтаў Казахстану прайшлі навучаньне за мяжой толькі па лініі Фонду Сораса. У цэлым на сёньня ў Казахстане зарэгістравана 22 000 НДА».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пратэстоўцы ў Казахастане патрабуюць вярнуць Канстытуцыю 1993 году. Чым яна адрозьніваецца ад сучаснай?- Пратэсты ў Казахстане пачаліся 2 студзеня пасьля таго, як улады ўдвая павысілі цану на газ.
- Першапачатковае патрабаваньне пратэстоўцаў — зьнізіць цану на газ.
- Увечары 4 студзеня пратэсты сталі масавымі, перайшлі ў бойкі з паліцыяй.
- Ранкам 5 студзеня прэзыдэнт краіны Касым-Жамарт Такаеў адправіў урад у адстаўку.
- Надзвычайнае становішча ўвялі ў сталіцы краіны Нур-Султане, горадзе Жанаэзене, а таксама некалькі абласцях да 19 студзеня.