Ёсьць у мяне такая «слабасьць» — ня ўмею па-сапраўднаму зьдзекавацца зь людзей. Нават калі ўяўляю, што хацела б зрабіць з тымі, каго па-сапраўднаму ненавіджу, няма ў гэтым нічога новага і арыгінальнага. А вось цяперашняя намэнклятура ў Беларусі — проста віртуозы ў майстэрстве садызму. І гэтым разам я гавару не пра катаваньні ў ізалятарах і турмах і нават не пра тое, як за дзьве гадзіны ў аддзяленьні міліцыі мужчына са стану «нападпітку» пераходзіць у стан «нябожчык», а пра візыт чынавенства ў жаночую калёнію № 4 у Гомлі.
Зоркі дэлегацыі — вядомыя па сваіх былых пасадах Алена Богдан (былая намесьніца міністра аховы здароўя) і Вольга Чамаданава (былая прэс-сакратарка МУС). Цяпер яны кіруюць Беларускім саюзам жанчын і прафэсійна прычыняюць дабро.
Іх навагодняя паездка ў жаночую калёнію — проста хрэстаматыйны прыклад садызму, які дэлегацыя спрабавала назваць клопатам пра дзяцей. У бясконцай плыні навінаў інфармацыя пра гэтую паездку магла проста згубіцца, але я ўпэўнена, што на ёй трэба спыніцца асобна, каб уявіць увесь маштаб цынізму гэтай акцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Маці выйшла з партрэтам Дзімы і сказала, што яго забіў рэжым». Сьведка расказала, як прайшло пахаваньне Дзьмітрыя ЎсхопаваПа словах Тамары Лявончык, адной з удзельніц дэлегацыі, прыехалі яны ўсе туды найперш да дзяцей. Рэч у тым, што пры жаночай калёніі ёсьць дзіцячы дом, дзе растуць дзеці асуджаных жанчын. Малыя застаюцца там максымум да трох гадоў, пасьля чаго, калі жанчына не выходзіць на волю, іх накіроўваюць у звычайны дом дзіцяці. У калёніі жанчыны могуць быць разам са сваімі дзецьмі ў адпаведнасьці з графікам.
То бок у дзяцей наўмысна разьвіваюць разлад прывязанасьці, а пасьля трох гадоў зусім забіраюць ад маці. І прадстаўніцы Беларускага саюзу жанчын прыяжджаюць у калёнію не для таго, каб паабяцаць як мага хутчэй зрабіць гэтую сыстэму больш гуманнай і менш траўматычнай для ўсіх. Не, яны прыяжджаюць, каб сфатаграфавацца побач зь дзецьмі, зрабіць ім падарункі і, цытую Лявончык, «каб яны адчулі частку той цеплыні і клопату, якія адчуваюць дзеці ў звычайных сем’ях».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад 6 да 11 гадоў: у Жлобіне за незаконнае абарачэньне наркотыкаў асудзілі семярых непаўналетніх, сярод іх 5 дзяўчатНатоўп незнаёмых дарослых людзей у белых накідках — гэта акурат тое, што трэба гэтым дзецям. А можна было б арганізаваць псыхалягічныя кансультацыі для жанчын, якія нарадзілі ў калёніі. Можна было б матываваць іх праводзіць больш вольнага часу зь дзецьмі. Ды шмат чаго можна было б рабіць, калі б дзяржава адышла нарэшце ад парадыгмы «завязем сіроткам падарункаў на новы год і будзем іх шкадаваць». Але так прасьцей, чым наладжваць праграмы сацыялізацыі і адаптацыі дзяцей.
Ну, і каб два разы ня езьдзіць, дэлегацыя заадно сустрэлася з жанчынамі, асуджанымі па наркатычным артыкуле. І гэтую сустрэчу інакш як зьдзекам таксама нельга назваць. Асуджаных ня проста адзелі ў парадную форму, але і прымусілі іх усіх надзець бела-блакітныя навагоднія капелюшы. Атрымалася такое сьвята строгага рэжыму з каляровымі нашыўкамі на пінжаках і поўнай дэгуманізацыяй асуджаных удзельніц.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «А калі нам аддадуць тату?» Дар’я Лосік у дзень нараджэньня дачкі расказала, як малая чакае бацьку«Многія зь дзяўчат трапілі ў калёнію непаўналетнімі», — кажа аўтарка сюжэту на СТВ. У гэтым жа сюжэце паказваюць дзяўчыну, якая атрымала 10 гадоў зьняволеньня за распаўсюд псыхаактыўных рэчываў. Стаж яе дылерства — адзін тыдзень. Чыноўнікі і чыноўніцы мусілі б прыяжджаць да гэтых дзяўчат і расказваць, як дзяржава знайшла і пакарала буйных прадаўцоў і тых, хто ўцягваў юных дзяўчат у крымінал. Але не, яны прыяжджаюць, каб паслухаць, як асуджаныя абяцаюць дапамагаць займацца прафіляктыкай сярод астатняй моладзі.
Радуе ва ўсёй гэтай паездцы толькі адно — сюжэту з палітзьняволенымі няма. Яны не ламаюцца. І хоць на камэру зь іх ня зьдзекуюцца.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.