Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«А калі нам аддадуць тату?» Дар’я Лосік у дзень нараджэньня дачкі расказала, як малая чакае бацьку


Ігар, Дар'я, Паўлінка Лосікі
Ігар, Дар'я, Паўлінка Лосікі

Дачцэ палітвязьня Ігара Лосіка Паўлінцы 4 студзеня споўнілася 3 гады. Ужо два дні нараджэньня запар дзяўчынка сустракае бяз таты. Дар’я Лосік расказала, як малая перажывае зьняволеньне бацькі.

Маці ніколі не казала Паўлінцы, што Ігара пасадзілі. Аднак дзяўчынка падрастае і пачынае задаваць пытаньні пра турму.

«Зусім нядаўна дачка спытала: „Мама, а тата ў турме? А хто яго туды пасадзіў?“. Я ніколі не казала ёй пра гэта, але цяпер яна вырасла і пачала зь нейкіх маіх урыўкаў тэлефонных размоваў і фразаў разумець, што тата зусім не ў службовай выправе», — тлумачыць Дар’я.

Жонка палітвязьня ўспомніла, як 1 студзеня Паўлінка, як звычайна, папрасіла ў яе тэлефон, каб паглядзець фатаздымкі. Гартала іх і ўсьміхалася, пакуль не наткнулася на фота ў зале суду ў дзень прысуду Ігару Лосіку і іншым фігурантам справы.

«Усьмешка зьнікла зь ейнага твару. Там была фатаграфія Ігара ў клетцы. Яна доўга яе разглядала і спытала: „Мама, а тату пасадзілі ў клетку дзядзькі з Гомля? Чаму яны гэта зрабілі? А калі нам аддадуць тату? Калі ты яго забярэш з Гомля?“», — пераказала словы дзяўчынкі маці.

Дар’я патлумачыла малой, што бацьку пасадзілі, «бо яго моцна баяцца», і паабяцала, што будзе старацца сама, каб Ігар як найхутчэй вярнуўся дадому.

«Вось ужо два гады запар я даю дачцэ гэтае абяцаньне. Пэўна, такія абяцаньні даюць і іншыя жанчыны, чыіх мужоў таксама пасадзілі ў турмы і ШЫЗА. Але ведаеце, абяцаць мала, трэба дзейнічаць. І я дзейнічаю і буду дзейнічаць. Гаварыць хлусьню, гледзячы ў вочы ўласным дзецям, — гэта здрада», — перакананая Дар’я.

У дзень нараджэньня дачкі яна паехала ў Гомель, каб перадаць перадачу мужу ў СІЗА, дзе ён чакае этапу ў калёнію.

Суд над блогерамі і палітыкамі ў Гомлі. У клетцы стаяць тварам наперад Ігар Лосік і Сяргей Ціханоўскі
Суд над блогерамі і палітыкамі ў Гомлі. У клетцы стаяць тварам наперад Ігар Лосік і Сяргей Ціханоўскі

Журналіста і блогера Ігара Лосіка затрымалі адным зь першых падчас прэзыдэнцай кампаніі 2020 году. Яго асудзілі на 15 гадоў калёніі. Калі мужчыну давядзецца адбываць тэрмін цалкам, то на момант ягонага вызваленьня Паўлінка ўжо можа скончыць сярэднюю школу.

Выданьне «Наша ніва» назвала Дар'ю Лосік асобай 2021 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG