Сястра загінулага: «Калі мяне пастараюцца „прыбраць“...»
Пасьля рэзанансу ў незалежных СМІ праўладныя telegram-каналы распаўсюдзілі відэа, зробленае міліцыяй пасьля затрыманьня Дзьмітрыя. Ён знаходзіўся ў дзяжурнай частцы Рэчыцкага РАУС у суправаджэньні двух міліцыянтаў. На выгляд малады чалавек быў нападпітку і хістаўся. Што было пасьля, невядома. Праўладныя telegram-каналы напісалі, што Дзьмітры быў моцна п’яны і нібыта ўжываў псыхатропныя рэчывы. Разам з тым праўладныя telegram-каналы абвінавацілі сястру нябожчыка ў спэкуляцыі на тэме сьмерці блізкага чалавека.
«Мяне абвінавацілі, што я прадаю інфармацыю СМІ! Пішуць паклёп на мяне і майго забітага брата. Але мяне не зламаць, мая воля моцная. Нікога не прабачу. Калі мяне пастараюцца „прыбраць“, ведайце, што я шматдзетная маці, юрыст; жанчына, якая працуе на дзьвюх працах, і няўцешная сястра забітага брата», — сказала сястра Дзьмітрыя.
Сёньня сваякі мяркуюць забраць цела Дзьмітрыя з моргу, яны займаюцца арганізацыяй пахаваньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыхар Рэчыцы памёр у навагоднюю ноч ад траўмаў. Маці: забіла міліцыя. СК: стала «блага» ў пастарунку
Патолягаанатам: «Ад такой ступені ап’яненьня не паміраюць, прычым так хутка»
Патолягаанатам (імя і прозьвішча мы не даём з прычын бясьпекі. — РС) на просьбу Свабоды паглядзеў здымкі, якія зьявіліся ў незалежных СМІ. Таксама ён прааналізаваў відэа зь міліцыі, якое распаўсюдзілі праўладныя telegram-каналы.
«Тое, што я бачу, — гэта сярэдняя ступень ап’яненьня. Ад такой ступені не паміраюць, прычым даволі хутка, як у выпадку з Дзьмітрыем. На відэа мы бачым, што ён хістаецца, але арыентуецца — дзе ён і што зь ім. Ён праяўляе агрэсію ў дачыненьні міліцыі, бо злуецца на затрыманьне ў навагоднюю ноч», — зазначыў лекар.
Тое, што ў забітага сінякі на сьпіне, ён адназначна трактаваў як трупныя плямы.
Гематомы на запясьцях у месцы, дзе былі кайданкі, паталягаанатам лічыць адпаведнымі сытуацыі. «Ён супраціўляўся, таму быў у кайданках. Лягічна, што яны ціснулі яму і засталіся гематомы. Іншы варыянт, які можна разглядаць — што яго за гэтыя кайданкі прыкавалі да нечага, каб можна было спакойна наносіць яму ўдары, скажам, па баках, але гэта тэарэтычна», — дадаў патолягаанатам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Здавалася, што людзей выпусьцілі не з ІЧУ, а з канцлягера». Гісторыя судмэдэкспэрткі, якая зьехала зь Беларусі ад перасьледуПа дадзеных СК, сьмерць наступіла ў шпіталі ў 1:20. Затрымалі Дзьмітрыя пасьля 23:00.
Патолягаанатам называе некалькі прычын такой даволі хуткай сьмерці:
- «ад сэрца»: на фоне арытміі, калі чалавек перахваляваўся, меў стрэс, а алькагольная інтаксыкацыя ці ўдары ў вобласьць грудной клеткі маглі паскорыць працэс;
- ад масіўнага ўнутранага кровазьліцьця. «На скуры гэта ня будзе мець сьлядоў. Калі было ўзьдзеяньне, скажам траўматычнае, удары ў вобласьць селязёнкі ці пячонкі. Пры разрыве селязёнкі можна за гадзіну памерці».
- чалавек мог захлынуцца алькаголем, «калі ў яго, скажам, гвалтам яго ўлівалі», ці ванітнымі масамі. «Але тут відавочна ня цяжкая ступень ап’яненьня, каб паміраць. Прычым нават у алькагольнай коме так хутка — за паўтары-дзьве гадзіны — не паміраюць. І з алькагольнай комы лекары выцягваюць людзей», — кажа патолягаанатам.
Ён раіў бы сваякам захаваць ДНК ( кавалачак скуры ці волас) для магчымай незалежнай экспэртызы.
Што пасьля затрыманьня гаварылі сваякі, СК і МУС
«Дзімку даставілі ў РАУС. Там або дапытвалі і білі, або адзін раз ударылі ў галаву, або стрэлілі з пнэўматыкі, я дакладна ня ведаю, — расказала журналістам сястра загінулага. — Ён страціў прытомнасьць у РАУС, яго там жа аблівалі вадой, спрабавалі рэанімаваць, нацельная саколка разарваная. У аддзяленьні ЦРБ яго прынялі ў стане комы.
Па словах тэрапэўта, спрабавалі яшчэ рэанімаваць адрэналінам і масажам сэрца, але час быў страчаны. Адправілі ў морг, а раніцай 01.01.2022 зрабілі па лжывай пастанове сьледчага тэрміновае ўскрыцьцё. У морг не пускалі. Прыехаў начальнік аддзяленьня судмэдэкспэртызы і выклікалі сьледчага, нам паказалі цела. На запясьцях рук і каленках відаць сінякі, на галаве круглая рана. Яму рабілі ўскрыцьцё чэрапна-мазгавой каробкі і брушнай паражніны».
Паводле СК, 31 сьнежня ў 23:10 супрацоўнікі міліцыі затрымалі на прыпынку на вул. Савецкай мужчыну з прыкметамі моцнага алькагольнага апʼяненьня. Празь непадпарадкаваньне да мужчыны ўжылі фізычную сілу.
Паводле Сьледчага камітэту, затрыманага даставілі ў Рэчыцкі РАУС, затым у межах адміністрацыйнага працэсу павезьлі на мэдагляд у раённую лякарню. Пры падʼезьдзе да мэдычнае ўстановы мужчыну стала кепска. Яго экстрана даставілі ў прыёмны пакой, дзе пачалі праводзіць рэанімацыю. Нягледзячы на намаганьні лекараў, у 1:20 канстатаваная сьмерць, паведамляе СК.
«Грамадзянін аказаў непадпарадкаваньне супрацоўнікам органаў унутраных спраў. Супрацоўнікі дзейнічалі ў адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам. У цяперашні час па факце сьмерці грамадзяніна падразьдзяленьнем СК праводзіцца праверка, прызначаныя неабходныя экспэртызы», — так пракамэнтаваў сьмерць Дзьмітрыя Ўсхопава начальнік управы аховы правапарадку і прафіляктыкі міліцыі грамадзкай бясьпекі ГУУС Менгарвыканкаму Аляксандар Купчэня падчас прэс-канфэрэнцыі 3 студзеня.
Паводле сайту MOTOLKO.help, Дзьмітры Ўсхопаў займаўся футболам, вучыўся ў менскай школе алімпійскага рэзэрву «Дынама-Менск» і прайшоў службу ў войску. Паводле фатаграфій са службы ў войску можна здагадвацца, што Ўсхопаў мог служыць у пэрыяд 2018-2019 гг. у 5-й асобнай брыгадзе спэцыяльнага прызначэньня, якая базуецца ў Мар’інай Горцы. Пасьля арміі Ўсхопаў працаваў ва УП «Гомельаблгаз». У яго засталася 5-гадовая дачка.
Сайт MOTOLKO.help зьняпраўджвае сьцьвярджэньні Сьледчага камітэту, што Ўсхопаў неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці. Паводле сайту, ва Ўсхопава быў толькі штраф за пераход дарогі ў неналежным месцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Міжнародным камітэце расьсьледаваньня катаваньняў у Беларусі патлумачылі, да якіх высноў прыйшло сьледзтва ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Душылі пакетам, зрэзалі скуру на пятах». Адзін з асуджаных у «справе анархістаў-партызанаў» расказаў пра катаваньні ў турме ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Турэмны канцлягер: хто ўзаконіў катаваньні ў Беларусі? Чарговае расьследаваньне ByPol