У анатацыі да паўгадзіннага відэаматэрыялу гаворыцца, што новае расьсьледаваньне базуецца на інфармацыі, атрыманай дзякуючы эфэктыўнай дзейнасьці кібэрпартызанаў.
Гэтым разам аўтары расказваюць пра злачынствы «раней праваахоўных, а цяпер ужо карных органаў Беларусі».
«Сёньня мы раскажам, як у ХХІ стагодзьдзі ў цэнтры Эўропы дзеля захаваньня ўлады ў руках аднаго грамадзяніна кіраўніцтва так званай „народнай міліцыі“ афіцыйна ўкараніла катаваньні як асноўны мэтад сваёй працы, надаўшы ім фактычна сілу закону. І прыадкрыем завесу іншых тайнаў злачыннага рэжыму Лукашэнкі», — адзначаецца на старонцы ініцыятывы ў YouTube.
Сярод іншага ў новым расьсьледаваньні — запісы тэлефонных размоваў, падчас якіх, як сьцьвярджае ByPol, начальнік упраўленьня наглядна-выканаўчай дзейнасьці МУС Беларусі Сяргей Нікель загадвае падначаленым марыць затрыманых на пратэстах голадам, сяліць у маленькія камэры з бамжамі і не выдаваць пасьцельнай бялізны і матрацаў: «Голыя нары!» — канстатуе міліцэйскі начальнік.