21 сьнежня Савет міністраў Беларусі выдаў пастанову аб зьмякчэньні патрабаваньняў для самаізаляцыі для кантактных асобаў першага і другога ўзроўняў і людзей, якія прыяжджаюць у краіну.
Гэта тычыцца як беларускіх грамадзянаў, так і іншаземцаў. Цяпер карантын абавязковы толькі для тых, каму ў мэдустановах пастаўлены афіцыйны дыягназ COVID-19.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: COVID-19. Cкасавалі абавязковую самаізаляцыю кантактаў першага і другога ўзроўняў, а таксама пасьля прыездаў з-за мяжыАкрамя таго, пачынаючы з 22 сьнежня кантактам першага і другога ўзроўняў ня будуць выдаваць бальнічныя.
Мінздароўя нагадвае, што ад сёньня самаізаляцыя прымяняецца выключна да тых, хто мае каранавірус.
Адпаведна магчымасьць выдачы лістка непрацаздольнасьці на пэрыяд знаходжаньня ў самаізаляцыі захоўваецца толькі ў дачыненьні да работнікаў, у якіх устаноўлены дыягназ COVID-19. Таму падстаў для выдачы лісткоў непрацаздольнасьці кантактам першага і другога ўзроўню з 22 сьнежня няма.
Міністэрства аховы здароўя паведаміла таксама, што лякарні па ўсёй Беларусі пераходзяць у звыклы рэжым працы.
Раней у Беларусі адмянілі абавязковы масачны рэжым, выключыўшы з санітарных нормаў патрабаваньне насіць маскі пры наведваньні аб’ектаў, арганізацый і ў транспарце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Наземная мяжа Беларусі застанецца закрытай на другі годА як у сьвеце?
Ва Ўкраіне ў большасьці рэгіёнаў дзейнічае стан «жоўтай і чырвонай зоны», без сэртыфікатаў там не пускаюць у транспарт і ўстановы грамадзкага харчаваньня.
Польшча зь 15 сьнежня абавязала ўсіх, што прыбывае ў краіну з дзяржаў паза шэнгенскай зоны, мець сьвежыя ПЦР-тэсты.
У Чэхіі дагэтуль абавязвае надзвычайнае становішча ў сувязі з пандэміяй. У краіне па-сутнасьці дзейнічае локдаўн для непрышчэпленых. Без сэртыфікату аб вакцынацыі або даведцы аб захворваньні ў мінулым, немагчыма наведаць кавярні, рэстарацыі, музэі і інш. Ёсць пералік месцаў першай неабходнасьці, як напрыклад, крамы, куды можна трапіць без вакцыны. У зачыненых прасторах (крамы, гандлёвыя цэнтры, школы) і грамадзкім транспарце дзейнічае абавязковы масачны рэжым.
Тым часам Сусьветная арганізацыя здароўя папярэдзіла пра пагрозьлівую хуткасьць распаўсюду новага штаму каранавірусу «Омікрон» – яго ўжо зафіксавалі больш чым у 90 краінах. Колькасьць інфікаваных у сярэднім падвойваецца прыкладна кожныя тры дні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каранавірус у сьвеце: «Омікрон» ужо ў 89 краінах, у Лёндане абвясьцілі надзвычайную сытуацыюАсаблівую занепакоенасьць экспэртаў выклікае выбухны рост інфікаваньняў у Эўропе і ЗША, бо сыстэмы аховы здароўя нават у разьвітых краінах могуць аказацца пад пагрозай перагрузкі. Аб увядзеньні новых абмежавальных мер ужо аб'явілі Аўстрыя, Вялікая Брытанія, Нідэрлянды, Нямеччына, Францыя, некаторыя іншыя краіны. Для наведваньня публічных месцаў там патрабуецца сэртыфікат аб вакцынацыі.
Мяркуючы па статыстыцы, чарговая хваля пандэміі працягваецца, за апошні тыдзень у сьвеце каранавірусам заразіліся каля 4,3 млн чалавек. Цяперашнія паказьнікі крыху вышэй, чым у канцы сьнежня 2020-га – блізу 4 млн.
Агульная колькасьць памерлых ад захворваньня з пачатку пандэміі ў Эўропе набліжаецца да паўтара мільёна. У Беларусі афіцыйная статыстыка хворых і памерлых ад каранавірусу не паказвае імклівага росту, але адмыслоўцы крытыкуюць яе, сьцьвярджаючы, што яна мае непраўдзівы характар.