У прыватнасьці, сярод умоў праекту пагадненьня з NATO:
- выключэньне далейшага пашырэньня NATO і далучэньня да яго Ўкраіны;
- неразгортваньне дадатковых войскаў за межамі краінаў, у якіх яны знаходзіліся паводле стану на травень 1997 году, калі краіны Ўсходняй Эўропы ўступілі ў NATO, за выняткам «выключных выпадкаў»;
- адмова NATO ад «любой вайсковай дзейнасьці» ва Ўкраіне, Усходняй Эўропе, Цэнтральнай Азіі і на Каўказе.
У праектах Масква таксама патрабуе, каб бакі не разгортвалі ракет сярэдняй і малой далёкасьці там, дзе яны могуць паражаць тэрыторыю іншага боку; не праводзілі вучэньняў і іншых мерапрыемстваў больш як з адной брыгадай ва ўзгодненай памежнай зоне і абменьваліся інфармацыяй аб вучэньнях; «не разглядалі адзін аднаго ў якасьці апанэнтаў» і не стваралі ўмоваў, якія «можна разглядаць як пагрозу».
Праект дамовы са Злучанымі Штатамі таксама прадугледжвае абавязаньне Вашынгтону не дапусьціць пашырэньня NATO на ўсход, у прыватнасьці, на краіны, якія раней уваходзілі ў склад Савецкага Саюзу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскі парлямэнт ухваліў допуск замежных войскаў да вучэньняў на сваёй тэрыторыіМасква таксама патрабуе ад ЗША «не ствараць вайсковыя базы на тэрыторыі былых савецкіх дзяржаў, якія не ўваходзяць у NATO, не выкарыстоўваць іх інфраструктуру для вядзеньня любой вайсковай дзейнасьці», а таксама не разьвіваць двухбаковае вайсковае супрацоўніцтва зь імі».
Дзярждэпартамэнт ЗША пакуль публічна не камэнтаваў патрабаваньні Расеі.
Прэс-сакратарка Белага дома Джэн Псакі заявіла 17 сьнежня, што Злучаныя Штаты азнаёміліся з умовамі праектаў пагадненьняў, але ня будуць праводзіць «ніякіх перамоў пра эўрапейскую бясьпеку» бяз згоды саюзьнікаў.
Раней у гэтым месяцы генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг адхіліў патрабаваньні Расеі скасаваць узятыя арганізацыяй на сябе ў 2008 годзе абавязаньні перад Украінай аб тым, што гэтая дзяржава аднойчы можа стаць сябрам NATO.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генэральны сакратар NATO: Няма намеру ісьці на кампраміс з Расеяй з нагоды права Ўкраіны далучыцца да альянсу