Каспараў: «Лукашэнка цалкам залежыць ад Пуціна, бо ніякага манэўру на Захадзе ў яго няма»

Палітык і шахматыст Гары Каспараў.

Беларускі фонд спартовай салідарнасьці падрыхтаваў тэматычны выпуск свайго дасьледаваньня, прысьвечаны шахматам.

Сярод іншых у ім сытуацыю ў Беларусі пракамэнтаваў чэмпіён сьвету і грамадзкі дзеяч Гары Каспараў.

«У беларускіх шахматаў цудоўнае мінулае, да нядаўняга часу было выдатнае сапраўднае і сьвяціла чароўная будучыня. Але гэтым плянам не наканавана спраўдзіцца — на месца старшыні прызначылі чарговага сілавіка», — гаворыцца ў спэцвыпуску спартовага праекту.

30 лістапада адбылася пазачарговая выбарная канфэрэнцыя Беларускай фэдэрацыі шахмат. Новым кіраўніком арганізацыі стаў палкоўнік Сяргей Сычук, у мінулым начальнік 2-га аддзелу ўпраўленьня службы бясьпекі Аляксандра Лукашэнкі.
Ён замяніў віцэ-прэзідэнтку міжнароднай фэдэрацыі шахмат (FIDE), падпісантку ліста за сумленныя выбары Анастасію Сарокіну. Праз яе грамадзянскую пазыцыю летась 29 кастрычніка яе затрымалі і адпусьцілі пасьля допыту. Пасьля гэтага Анастасія Сарокіна зьехала зь Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гары Каспараў: Лукашэнка трымаецца толькі дзякуючы падтрымцы Пуціна

Чэмпіён сьвету па шахматах Гары Каспараў у свой час гэтаксама мусіў пакінуць Расею, каб не патрапіць пад рэпрэсіі праз крытыку Крамля. Для Беларускага фонду спартовай салідарнасьці ён пракамэнтаваў сваё бачаньне сытуацыі ў Беларусі.

«Лукашэнка сёньня цалкам залежыць ад Пуціна, бо ніякага манэўру на Захадзе ў яго больш няма. А наколькі беларуская апазыцыя зможа зможа на вуліцы стварыць крытычную сытуацыю — гэта пытаньне. На мой погляд, такая верагоднасьць існуе, і тут усё будзе ўпірацца, напэўна, у тое, наколькі Пуцін будзе кантраляваць Беларусь праз расейскае войска», — лічыць Гары Каспараў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Старшынём Беларускай фэдэрацыі шахмат прызначылі сілавіка

Раней грасмайстар параўноўваў Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнку, канстатуючы, што тыя «канчаткова страцілі сувязь з рэальнасьцю».

«Пуцін супадаў з сусьветным вэктарам прыкладна да 2020 году. Але цяпер ва ўсім сьвеце трэнд на перамены, і да гэтага ён са сваім „ўмераным кансэрватызмам“ ужо не гатовы. Паколькі такой патрэбы ён не адчувае, Расею будзе трэсьці мацней, чым астатні сьвет. А таму і падтрымлівае Лукашэнку, які абсалютна страціў берагі, Масква і тут непазьбежна напорацца на выклік, зь якім ня зможа справіцца. Гэта не Лібія, усяго 600 км ад Масквы. Бо Лукашэнка выклікаў нянавісьць усяго грамадзтва. Рэальныя лічбы яго падтрымкі — працэнтаў 15», — казаў Гары Каспараў.

Многія падпісанты за свабодныя выбары зь ліку беларускіх шахматыстаў вымушаныя былі зьехаць з краіны — выступаюць пад нэўтральным сьцягам FIDE, як наймацнейшы на сёньня гулец Уладзіслаў Кавалёў, або за іншыя нацыянальныя зборныя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-кіраўніца фэдэрацыі шахмат, якую замянілі сілавіком: «Спачатку нэгатыў быў на мяне, а цяпер і празь дзяцей дзейнічаюць». ВІДЭА