Цягам найноўшай гісторыі Беларусі апанэнты Аляксандра Лукашэнкі атрымлівалі жорсткія тэрміны. Вось некаторыя зь іх.
Мікалай Статкевіч: 14 гадоў турмы. Раней 6 гадоў турмы
Шматгадовы лідэр беларускай апазыцыі. Неаднаразова сядзеў у турме.
30 траўня 2020 году Мікалая Статкевіча затрымалі па дарозе на выбарчы пікет Сьвятланы Ціханоўскай ля Камароўскага рынку. Спачатку Статкевіча пакаралі адміністрацыйным арыштам на 15 сутак, да якіх пасьля дадалося яшчэ 15. У канцы чэрвеня Статкевіча перавялі ў СІЗА і выставілі абвінавачаньні паводле крымінальнага артыкулу 342. 14 сьнежня 2021 году яму далі 14 гадоў калёніі.
Раней Мікалая Статкевіча затрымалі адразу пасьля Плошчы-2010. У траўні 2011 году яму прысудзілі 6 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Статкевіч не пісаў прашэньня аб памілаваньні і пацьвердзіў інфармацыю аб катаваньнях, якую агучыў Алесь Міхалевіч.
Выйшаў на волю 22 жніўня 2015 году згодна з указам Лукашэнкі аб памілаваньні. З таго часу яго ня раз затрымлівалі, ён адбываў адміністрацыйныя пакараньні. У 2017 годзе, паводле яго, яго зноў затрымалі і зьмясьцілі ў СІЗА КДБ перад Днём Волі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўскі павярнуўся да судзьдзі сьпінай, Статкевіч крыкнуў «Жыве Беларусь». Як агучвалі прысуд у СІЗА-3 ГомляВіктар Бабарыка, 14 гадоў турмы
Былы кіраўнік «Белагазпрамбанку», мецэнат, калекцыянэр. Увайшоў у прэзыдэнцкую кампанію 2020 году, аднак яго так і не зарэгістравалі ў якасьці кандыдаты ў прэзыдэнты.
Віктара Бабарыку затрымалі 18 чэрвеня 2020 году разам з сынам Эдуардам. У СІЗА КДБ да яго і іншых палітвязьняў прыяжджаў на размову Лукашэнка. Віктара Бабарыку прызналі вінаватым па трох фінансавых артыкулах Крымінальнага кодэксу. 6 ліпеня 2021 году яго асудзілі на 14 гадоў калёніі. Ён адбывае пакараньне ў наваполацкай калёніі, працуе ў пякарні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «А хто цябе пасадзіў у турму?» Віктар Бабарыка адказаў на ліст 7-гадовага хлопчыкаМарыя Калесьнікава, 11 гадоў турмы
Кіраўніца штабу Віктара Бабарыкі на выбарах 2020 году. Удзельніца трыюмвірату аб'яднаных штабоў Ціханоўскай, Бабарыкі, Цапкалы. Сябра калегіюму Каардынацыйнай рады па арганізацыі працэса пераадоленьня палітычнага крызісу ў Беларусі. Лідэр партыі «Разам». Прафэсійны музыкант.
Яе схапілі сілавікі 7 верасьня 2020 году, спрабавалі прымусова яе вывезьці ва Ўкраіну. Аднак Калесьнікава на мяжы парвала на дробныя шматкі свой пашпарт, вылезла праз вакно з аўтамабіля і вярнулася на тэрыторыю Беларусі. Там яе адразу затрымалі.
Калесьнікаву судзілі ў закрытым рэжыме разам з юрыстам Максімам Знакам. Яе прызналі вінаватай паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
- змова з мэтай захопу ўлады;
- заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы;
- стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраўніцтва ім.
6 верасьня 2021 году яе асудзілі на 11 гадоў калёніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сястра Марыі Калесьнікавай: Палітвязьні плачуць, калі не атрымліваюць лістоўПавал Севярынец: 7 гадоў турмы
Адзін зь лідэраў партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя». Адбываў пакараньне некалькі разоў, дзясяткі разоў быў асуджаны да адміністрацыйных спагнаньняў — арыштаў і штрафаў.
У 2005-м яго асудзілі на 3 гады абмежаваньня волі нібыта за арганізацыю акцый пратэсту.
У 2011-м зноў асудзілі на 3 гады абмежаваньня волі пасьля пратэстаў супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. Вызвалілі ў 2013-м.
7 чэрвеня 2020 году арыштавалі і пазьней абвінавацілі ў нібыта падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. Асудзілі на 7 гадоў калёніі строгага рэжыму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З турэмных малюнкаў Паўла Севярынца зрабілі набор паштовак. ФОТААляксандар Казулін: 5,5 года турмы
25 сакавіка 2006 году ўдзельнічаў у акцыі пратэсту, падчас якой людзі рушылі ў бок турмы на Акрэсьціна. Акцыю жорстка разагналі.
Аляксандра Казуліна затрымалі і абвінавацілі ў злосным хуліганстве і арганізацыі масавых беспарадкаў. Пазьней яму прысудзілі 5,5 года зьняволеньня. У турме Казулін трымаў галадоўку, яго прызналі вязьнем сумленьня. У 2008 годзе Аляксандар Лукашэнка памілаваў яго адмысловым указам. Больш Аляксандар Казулін палітычнай дзейнасьцю не займаўся.
Дзьмітры Ус: 5,5 года турмы
Дзьмітрыя Уса не затрымлівалі ўвечары 19 сьнежня. Ён заставаўся падазраваным у справе аб арганізацыі масавых беспарадкаў, знаходзіўся пад падпіскай аб нявыезьдзе. У траўні 2011-га Дзьмітрыя Уса асудзілі на 5,5 года пазбаўленьня волі ў турме ўзмоцненага рэжыму. За кратамі Дзьмітры Ус трапіў у лякарню, атрымаў другую групу інваліднасьці. Ён не падаваў прашэньня на імя Лукашэнкі, у кастрычніку 2011 году быў памілаваны і выйшаў на волю. Палітыкай цяпер не займаецца.
Андрэй Саньнікаў: 5 гадоў турмы
Андрэя Саньнікава пры затрыманьні на плошчы каля Дому ўраду моцна пабілі, яму прысудзілі 5 гадоў за арганізацыю масавых беспарадкаў. Саньнікава памілавалі і выпусьцілі датэрмінова ў красавіку 2012 году пасьля прашэньня на імя Лукашэнкі. Міжнародная супольнасьць прызнала яго вязьням сумленьня. Ён эміграваў у Вялікую Брытанію, дзе атрымаў палітычнае прыстанішча. Жонка Ірына Халіп засталася ў Менску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Без вырашэньня беларускага пытаньня ў Расеі нічога не атрымаецца», — Саньнікаў пра імпэрскасьць дэмакратаўМіхаіл Марыніч: 5 гадоў турмы
Быў міністрам замежнаэканамічных сувязяў, дэпутатам Вярхоўнага Савету, дыпляматам.
Выставіў сваю кандыдатуру на прэзыдэнцкіх выбарах 2001 году. Ня быў зарэгістраваны.
26 красавіка 2004 году быў арыштаваны КДБ і пазьней асуджаны на 5 гадоў узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. Прызнаны палітвязьнем. Вызвалены ў 2006 годзе па амністыі. Памёр у 2014 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску разьвіталіся зь Міхаілам Марынічам (ФОТА)