Меў начныя клюбы, займаўся рэклямай
Сяргею Ціханоўскаму 42 гады, нарадзіўся ў Гомлі, куды яго сям’я пераехала з Горак.
Бацькі Ціханоўскага вучыліся там жа, дзе і Лукашэнка, — у Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. Там пазнаёміліся і пажаніліся. Бацька памёр у 2010 годзе, маці жыве ў Гомлі. Яна ўсё жыцьцё працавала эколягам, зараз на пэнсіі.
Сяргей Ціханоўскі скончыў фізыка-матэматычную гімназію ў Гомлі, але пайшоў на філялягічны факультэт. Пасьля вучобы ва ўнівэрсытэце адразу заняўся бізнэсам — адкрыў начны клюб у Гомлі, затым у Мазыры.
Акурат у начным клюбе Мазыра пазнаёміўся з будучай жонкай Сьвятланай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нелюдзі тыя, хто падставіў яго і пасадзіў!». Маці пра Сяргея Ціханоўскага, якому спаўняецца 43 гадыБізнэс квітнеў, пад кіраўніцтвам Ціханоўскага, як ён кажа, працавалі нават 100 чалавек. Але ў пачатку нулявых гадоў начныя клюбы яго «стамілі», Ціханоўскі нейкі час працаваў у кампаніі МТС у Гомлі, затым паехаў здымаць рэкляму ў Расеі.
«Але рэкляма — гэта ўсё падман, — расказваў Ціханоўскі ў інтэрвію Свабодзе ў канцы траўня 2020 году. — У нейкі момант мне таксама надакучыла гэтым займацца. Пагатоў прыкладна ў 2015 годзе рынкі сталі падаць, а я такім больш праваслаўным чалавекам стаў. Моцна зьмяніўся, стаў больш думаць пра людзей. Прыяжджаў з-за мяжы, і было з чым параўнаць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я не чакаў, што людзі павераць». Сяргей Ціханоўскі пра жонку, апазыцыю і пляны на 9 жніўняСтаў блогерам, каб расказваць пра бюракратыю
Пасьля вяртаньня у Беларусь Ціханоўскі выкупіў у дзяржавы гісторыка-культурную каштоўнасьць — «кулацкі» дом у вёсцы Агародня пад Гомлем за 2,2 тысячы даляраў. Задумаў зрабіць там аграсядзібу, што прывяло да бюракратычных праблемаў. Будучы палітвязень спачатку расказаў пра гэта журналістам, а пасьля пачаў сам усё здымаць для каналу на YouTube.
Першыя ролікі мелі 150-300 праглядаў, відэа выходзілі раз-два на тыдзень. Моцны прырост гледачоў пачаўся пасьля першай тысячы.
У канцы траўня 2020 году на канал Ціханоўскага былі падпісаныя ўжо больш за 150 тысяч чалавек, а самае папулярнае відэа мела 719 тысяч праглядаў.
Сяргей Ціханоўскі настойваў, што ўся яго дзейнасьць на YouTube фінансавалася з ахвяраваньняў і з афіцыйна атрыманых ад відэагостынгу сродкаў. Заробкі даходзілі часам да 6000 даляраў за дзень падчас папулярнага стрыму. Так было, напрыклад, пасьля першага затрыманьня Ціханоўскага, якое здарылася 6 траўня 2020 году.
Хацеў быць кандыдатам у прэзыдэнты
Пра намер вылучацца кандыдатам у прэзыдэнты Сяргей Ціханоўскі паведаміў на пачатку выбарчай кампаніі 2020 году.
«Калі б Павал Севярынец удзельнічаў у кампаніі, я б, магчыма, і не пайшоў сам, — тлумачыў Ціханоўскі свой учынак. — Жонка мая дык дакладна. Але ён не заявіўся. Мікола Статкевіч таксама мне падабаецца. Дасьведчаны чалавек, адсядзеў. Часам рэзкі. Але калі б я 8 гадоў адсядзеў, то, магчыма, і не такія словы б гаварыў».
Пасьля адмовы ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Сяргей Ціханоўскі узначаліў кампанію сваёй жонкі Сьвятланы 29 траўня 2020 году.
Сяргея Ціханоўскага затрымалі на выбарчым пікеце ў Горадні, пасьля чаго перавезьлі ў СІЗА № 1 Менску і выставілі абвінавачаньні паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу — за арганізацыю масавых беспарадкаў, арганізацыю дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, перашкоду ажыцьцяўленьню выбарчых правоў і распальваньне варожасьці.
Праваабаронцы прызналі Сяргея Ціханоўскага палітвязьнем праз тры дні пасьля затрыманьня.
Спрачаўся з Лукашэнкам 10 кастрычніка 2020 году
Лукашэнка сустрэўся з шэрагам арыштаваных апазыцыянераў у СІЗА КДБ у Менску. На апублікаваных адтуль кадрах Ціханоўскага не было відаць, аднак пазьней Юры Васкрасенскі расказаў, што Сяргея ўсё ж прывозілі ў «Амэрыканку» і ён паводзіў сябе з Лукашэнкам ня так, як іншыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўскі зьвяртаўся да Лукашэнкі на «ты» падчас размовы ў СІЗА КДБ, — Васкрасенскі«Дыялог з усімі ўдзельнікамі быў на роўных. Толькі адзін удзельнік сустрэчы пастаянна хаміў — Ціханоўскі. Ён хаміў некалькі гадзін, пакуль прэзыдэнт не супакоіў яго сваёй аўрай», — расказваў Васкрасенскі ў інтэрвію Tut.by неўзабаве пасьля сустрэчы.
У канцы сьнежня 2020 году ініцыятыва былых беларускіх сілавікоў ByPol апублікавала расьсьледаваньне, зь якога вынікала, што справа супраць Сяргея Ціханоўскага магла быць ініцыяваная загадамі былога міністра унутраных справаў Юрыя Караева.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Справа Ціханоўскага. Ініцыятыва BYPOL расказала пра магчымага аўтара загаду на арышт у палітычнай справеByPol апублікаваў аўдыёзапіс з голасам, падобным да голасу Караева.
«Хай крычыць на ўвесь сьвет: „Па мяжы, па бязьмежжы“. Такая пачвара самая небясьпечная, — было чуваць там. — Ён больш небясьпечны за ўсіх гэтых Бабарыкаў. Ён разбуральнік дзяржавы. Няма на яго артыкула — трэба прыдумаць і пасадзіць яго надоўга. Хай там сядзіць! Хай здохне там!».
Атрымаў 18 гадоў зьняволеньня
Суд у справе Сяргея Ціханоўскага пачаўся 24 чэрвеня 2021 году, працягваўся амаль пяць месяцаў і прайшоў у закрытым рэжыме ў будынку СІЗА-3 Гомля.
Разам зь Ціханоўскім на лаве падсудных у адной справе знаходзіліся яго былыя паплечнікі Арцём Сакаў і Дзьмітры Папоў, а таксама блогер Уладзімер Цыгановіч, палітык Мікола Статкевіч і журналіст Радыё Свабода Ігар Лосік.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ад прысуду я не чакаю нічога добрага». Галоўнае аб працэсе ў справе Лосіка, Ціханоўскага, Статкевіча і іншых14 сьнежня 2021 году суд агучыў наступныя выракі:
- Сяргею Ціханоўскаму — 18 гадоў,
- Ігару Лосіку — 15 гадоў зьняволеньня,
- Арцёму Сакаву — 16 гадоў,
- Міколу Статкевічу — 14 гадоў,
- Дзьмітрыю Папову — 16 гадоў,
- Уладзімеру Цыгановічу — 15 гадоў зьняволеньня.