Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нелюдзі тыя, хто падставіў яго і пасадзіў!». Маці пра Сяргея Ціханоўскага, якому спаўняецца 43 гады


Сяргей Ціханоўскі са сваёй маці
Сяргей Ціханоўскі са сваёй маці

Гэта ўжо другі дзень нараджэньня, які палітвязень сустракае за кратамі.

Летась у дзень нараджэньня Ціханоўскага тысячы людзей падышлі пад СІЗА на Валадарскага, каб павіншаваць вязьня. Тады Сяргея тэрмінова перавялі ў сьледчую турму Жодзіна. Сёньня ён у гомельскім СІЗА-3. Там ідзе закрыты суд. Маці Сяргея, Соф’я Яфрэмаўна, учора занесла для сына «сьвяточную» перадачу. Ёй нават удалося перадаць слодычы для адзінага сына.

Тата Сяргея памёр рана. Маці была тады зь ім у разводзе. Адзінага сына яна выхоўвала адна. «Ён такі добры хлопчык быў — з маленства. Працалюбны, старанны, паслухмяны. Вельмі добра вучыўся. У школе стварыў газэту і радыё. Паедзем у вёску да сястры — ён там усё ёй дапамагаў, і кароў нават пасьвіў. Мы ўсе былі дружныя. І працавалі дружна. На лецішчы мне заўсёды дапамагаў. Потым, калі вырас — як ён адбудаваў гэтае лецішча! Яшчэ і лазьню пабудаваў, і дзіцячую пляцоўку, і горку для дзяцей — усё, так клапаціўся пра дзяцей сваіх, так усё рабіў для іх», — кажа маці.

Сяргей Ціханоўскі ў дзяцінстве
Сяргей Ціханоўскі ў дзяцінстве

Яна цяпер адна, здароўе падводзіць, і за сына надта пераймаецца. «Мне вельмі цяжка... Самае цяжкае — што зь Сяргеем такое. Што гэтыя нелюдзі зладзілі такое зь ім, падкінулі тыя грошы на лецішча, падставілі яго. (Летась у чэрвені на лецішчы Ціханоўскага быў вобшук, на якім „знайшлі“ 900 тысяч даляраў. — РС). Я проста ў шоку ад гэтага. Спадзяюся, што вінаватыя не застануцца без пакараньня. Сяргей мне часта піша, толькі пасьпяваю адказваць. Во і цяпер трэба ісьці на пошту. Ён часта дасылае мне малюнкі — пачаў у турме маляваць. Мне як маці, гэта ўсё вельмі і вельмі цяжка. Дзякую, што ёсьць побач добрыя людзі, якія дапамагаюць мне», — кажа Соф’я Яфрэмаўна.

Малюнак Ціханоўскага, на якім намаляваная ягоная цётка, дасланы з турмы маці.
Малюнак Ціханоўскага, на якім намаляваная ягоная цётка, дасланы з турмы маці.

Яна даўно ня бачыла ўнукаў — дзеці Сяргея разам з маці, Сьвятланай Ціханоўскай, цяпер жывуць у Вільні. «Як я іх пабачу... Яны ж далёка, сувязі ў мяне няма», — кажа маці.

Сяргей Ціханоўскі ў школе
Сяргей Ціханоўскі ў школе
Школьная грамата Сяргея Ціханоўскага
Школьная грамата Сяргея Ціханоўскага

Сяргей Ціханоўскі нарадзіўся ў Гомлі. Скончыў школу і Гомельскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Францыска Скарыны, філялёгію. Быў уласьнікам начнога клюбу ў Мазыры, здымаў рэклямныя ролікі, быў прадпрымальнікам, пэўны час працаваў у Маскве. Ад 2019 году распачаў блогінг, меў свой канал на youtube, які ператварыўся ў праект «Страна для жизни». На аўтадоме аб’ехаў беларускія гарады і мястэчкі, здымаў відэа аб праблемах, праводзіў сустрэчы зь людзьмі.

Сяргей Ціханоўскі ва ўнівэрыстэце
Сяргей Ціханоўскі ва ўнівэрыстэце

Спачатку Ціханоўскі здымаў пра эканамічныя праблемы, потым перайшоў да сацыяльных і палітычных. Быў папулярным блогерам у 2019–2020 гадах. У траўні 2020-га заявіў пра прэзыдэнцкія амбіцыі. 29 траўня ў Горадні яго затрымала міліцыя. З таго часу ён у турме.

Сяргей Ціханоўскі рамантуе лецішча
Сяргей Ціханоўскі рамантуе лецішча
Сяргей Ціханоўскі на працы
Сяргей Ціханоўскі на працы

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG