«Мама ад паказаньняў адмаўляецца»
Раман Халілаў — анархіст, яму 29 гадоў, больш за два зь іх ён не жыве ў Беларусі, бо давялося зьехаць праз сваю дзейнасьць спачатку ва Ўкраіну, а пасьля ў Польшчу.
Ужо ў Варшаве ён даведаўся, што на радзіме на яго завялі дзьве крымінальныя справы. А празь некалькі месяцаў сілавікі затрымалі яго маці: відэа ператрусу з надпісам «бацькі ў адказе за сваіх дзяцей» зьявілася ў адным з тэлеграм-каналаў. На ім Гаянэ Ахтыян, маці анархіста, стаіць на каленях, а ў канцы роліку паўстае ў «пакаяльным» відэа.
Адвакат расказаў сваякам, што падчас сустрэчы зь ім яна трымалася бадзёра, сваю віну не прызнае і ніякіх паказаньняў не дае.
Спачатку жанчыну пакаралі 10 суткамі адміністрацыйнага арышту за непадпарадкаваньне, а затым завялі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).
«Асабістая помста»
У размове з Zerkalo.io Раман Халілаў назваў надзвычайнае здарэньне з маці «асабістай помстай».
«Пасьля аднаго з адміністрацыйных затрыманьняў мяне папярэдзілі, што крымінальнай справы пакуль няма, але неўзабаве яна можа зьявіцца. І я зразумеў: хутчэй за ўсё мяне затрымаюць да пачатку прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году. Анархісты заўсёды былі на асаблівым кантролі ў сілавікоў, я — у тым ліку. Вось зараз на беларускай тэлевізіі сьцьвярджаюць, што ў мяне за плячыма нібыта 12 адміністрацыйных артыкулаў. Я нават ня ведаў пра гэта, але вялікая верагоднасьць, што ўсё так і ёсьць», — расказвае Раман Халілаў.
Гаянэ Ахтыян 56 гадоў, да лістапада яна жыла ў Полацку, куды і прыйшлі зь ператрусам сілавікі.
З словаў Рамана Халілава, пазыцыя маці супраць гвалту канчаткова сфармавалася ў жніўні 2020 году. Мінулай восеньню яна атрымала 11 дзён адміністрацыйнага арышту за ўдзел у жаночым маршы пратэсту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 26 лістапада: пакінулі ў ізалятары Паўла Батуева, затрымалі маці полацкага анархіста«Мне здаецца, гэта першы выпадак настолькі адкрытай заявы: мы прыйшлі за вашым сынам, а калі яго няма, будзеце адказваць вы. Адразу пачалі шукаць для яе адваката. У Полацку ніхто не хацеў брацца за справу з прычыны яўна палітычнага характару. У Менску ўсё аказалася прасьцей: знайшлі чалавека, які пагадзіўся на абарону. Ад яго даведаліся, што маці затрымалі за „непадпарадкаваньне“ і далі 10 сутак арышту. За чатыры дні да вызваленьня сьледчы патэлефанаваў майму брату: маўляў, распачата крымінальная справа за арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак».
Пра крымінальную справу сям’я даведалася ад сьледчага. Той 2 сьнежня патэлефанаваў брату Рамана і сказаў, што Гаянэ этапавалі на Акрэсьціна. Артыкул 342, частка 1 — арганізацыя ці ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.
«Відаць, прычына — фота з ланцуга салідарнасьці, якое сілавікі выкладалі ў сваім відэа, — сказаў раней Раман у інтэрвію Свабодзе. — Мама ад паказаньняў адмаўляецца, трымаецца бадзёра».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Анархіст Халілаў лічыць крымінальную справу супраць ягонай маці помстай ямуНезадоўга да гэтага з вобшукам прыходзілі да маці Яўгена Жураўскага, анархіста, на якога ў кастрычніку таксама завялі справу па артыкуле 130 за акцыю памяці Зельцэра.
«Я тады зразумеў, што наступным па чарзе магу быць я. Ці меркаваў я, што маму затрымаюць па крымінальнай справе? Я здагадваўся, што рана ці позна з пачуцьця помсты, бо не могуць да мяне дабрацца, пачнуць ціснуць на сваякоў.
Думаю, такіх людзей шмат, у каго пакутуюць родныя ў Беларусі. Проста ў кагосьці няма кантактаў журналістаў, хтосьці ўспрымае гэта як звычайнасьць. Адзінае адрозненьне майго выпадку — тое, наколькі цынічна гэта было зроблена. У відэа яўна пішуць, што гэта помста. Паказваюць, што ўжо не будзе нейкай мяжы, якую нельга перайсьці».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 9 сьнежня: суд над маладачанцам, якога дэпартавалі з Расеі ў Беларусь, 15 сутак былому маладафронтаўцу Хведаруку