Праваабаронцы прызналі Сяргея Сацука палітзьняволеным
Журналіст-расьсьледавальнік, рэдактар беларускага парталу «Ежедневник» (ej.by) Сяргей Сацук быў затрыманы 8 сьнежня. У гэты саміы дзень у яго прайшоў вобшук і адбыўся допыт у Сьледчым камітэце. Сайт парталу ej.by быў заблякаваны.
Пасьля допыту па старой справе паводле артыкула 430 Крымінальнага кодэксу (атрыманьне хабару) Сяргея Сацука ўзялі пад варту. Ён зьмешчаны ў СІЗА № 1 на вул. Валадарскага ў Менску.
Суд у Маладэчне
Суд Маладачанскага раёну 8 сьнежня пачаў разгляд крымінальнай справы паводле ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэксу (супраціў з прымяненьнем гвалту) у дачыненьні да Сяргея Непагоды, якога затрымалі ў Расеі і дэпартавалі ў Беларусь.
Як паведамляе «Вясна», гэта трэці фігурант справы за сутычку зь сілавікамі 19 чэрвеня мінулага году ў Маладэчне пасьля акцыі салідарнасьці, калі пратэстоўцы адбівалі затрыманага, а амапавец дастаў пісталет.
Паўла Пяскова і Ўладзіслава Еўсьцягнеева асудзілі на 3 гады калёніі яшчэ ў канцы верасьня. Сяргей Непагода быў прызнаны падазраваным, але зьехаў за мяжу і ў судзе ня ўдзельнічаў. Яго затрымалі 17 сакавіка ў Санкт-Пецярбургу, зьмясьцілі ў расейскае СІЗА на паўгода, а калі скончыўся тэрмін утрыманьня пад вартай, то з прычыны парушэньня міграцыйнага рэжыму выправадзілі ў Беларусь. Тут яго зьмясьцілі пад варту на падставе заведзенай супраць яго крымінальнай справы.
Цяпер ягоную справу разглядае судзьдзя Аляксей Петрусевіч, а дзяржаўнае абвінавачваньне падтрымлівае памочніца пракурора Юлія Жук.
15 сутак былому маладафронтаўцу Хведаруку
Сёньня прайшоў суд над актывістам, былым маладафронтаўцам Зьмітром Хведаруком, якога затрымалі 8 сьнежня пасьля ператрусу, паведамляе «Вясна». У РУУС на актывіста склалі пратакол за «непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі» па арт. 24.3 КаАП. Суд прызнаў Хведарука вінаватым і даў яму 15 сутак арышту.
Акрамя гэтага, паведамляецца, што актывіста падчас ператрусу некалькі разоў ударылі.
Зьміцер Хведарук — былы кіраўнік менскай гарадзкой арганізацыі «Малады Фронт», былы палітпрызыўнік і палітвязень, вернік пратэстанцкай царквы. Расказваў, што 13 жніўня з Акрэсьціна трапіў у лягер для палітычных пад Слуцкам.
Затрымалі сыстэмнага адміністратара паліклінікі ў Горадні
Сыстэмнага адміністратара паліклінікі ў Горадні Паўла Ўлевіча сілавікі забралі сёньня проста з працы. Відэа ягонага затрыманьня зьявілася ў адным з прапагандысцкіх тэлеграм-каналаў.
На відэа зьяўляюцца людзі ў чорнай форме з надпісам «АМАП», яны ўрываюцца ў кабінэт, дзе працуе за кампутарам Павал, з крыкамі: «Міліцыя, рукі… Рукі пакажы, кажу». Потым яго выводзяць зь сіняга буса.
Далей Павал Улевіч на фоне сьцяны паведамляе, што яго затрымалі «за распаўсюджваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў у тэлеграме».