На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае палітычны аналітык Арцём Шрайбман.
Шрайбман
Санкцыі
- Цяперашнія санкцыі заходніх краінаў — не «пякельныя».
- Яны ў ахопе і маштабе саступаюць тым санкцыям, якія былі ўведзеныя ў папярэднім раўндзе (чацьвёрты пакет санкцый ЭЗ).
- Паглядзім, як будуць працаваць абмежаваньні, якія ЗША ўвялі на дзяржаўны доўг, як будуць працаваць санкцыі адносна калійнай кампаніі.
- У цэлым гэта ўсё яшчэ кропкавыя санкцыі, яны тычацца канкрэтных прадпрыемстваў, а значыць, тэарэтычна тыя могуць іх абыходзіць.
- Нашмат важнейшым неўзабаве будзе ўступленьне ў сілу чацьвёртага пакету санкцый ЭЗ.
- З 8 сьнежня займее праблемы «Беларуськалій» з прычыны амэрыканскіх санкцый.
- Роля санкцый — справакаваць Менск на рэакцыю ў адказ.
- Лукашэнка ўжо зрабіў некалькі заяваў наконт гэтага, паабяцаўшы перакрыць транзыт.
Чым адкажа Менск?
- На тле таго, што Лукашэнка ўжо зрабіў, любыя «хатнія» рэпрэсіі ўжо ня будуць моцным і адэкватным адказам на 5-ы пакет санкцый.
- Ня так шмат каго рэпрэсаваць засталося ў Беларусі.
- Яшчэ 150 ТГ-каналаў экстрэмісцкімі прызнаць можна, але гэта ня тое, што заўважыць Захад.
- І нават свая аўдыторыя ня ўспрыме гэта як выразную праяву «ненахіляльнасьці».
- Адказ можа тычыцца бізнэс-інтарэсаў Захаду, транзытных інтарэсаў, прынамсі ў пэўных сэктарах.
- Можна выслаць дыпляматаў, некаторых паспрабаваць запалохаць.
- У Беларусі яшчэ засталося крыху эўрапейскага бізнэсу.
- Нейкае А1 мае ад бізнэсу ў Беларусі больш рэпутацыйных праблемаў, чым прыбытку.
- Ён, можа, шчасьлівы будзе, калі яго выкінуць з краіны.
- Яшчэ адзін канал адказу — гэта мяжа. Ужо паспрабавалі правакацыі зь мігрантамі. Можна яшчэ паспрабаваць паабвастраць.
- Рызыкі збройных сутыкненьняў на мяжы з Польшчай ужо аналізуюць многія вайсковыя і палітычныя экспэрты.
- Ёсьць рызыкі, што РФ і Кітай стануць на дыбкі, бо Лукашэнка дазваляе сабе парушаць іх таварныя патокі.
- Ад Менску можна чакаць няўклюдных і рызыкоўных дзеяньняў у адказ.
- У гэтым функцыя санкцый. Яны ня ставяць рэжым на калені. Яны дэстабілізуюць Лукашэнку і правакуюць яго на неадэкватныя адказы.
- Гэта можа скончыцца збройнымі сутыкненьнямі.
- Разьвіцьцё сытуацыі можа прывесьці да мікра-Карыбскага крызісу.
- У выпадку збройных інцыдэнтаў я ня бачу палітычнай волі ў Крамля разьдзьмуваць рэгіянальную вайну.
Чаму санкцыі — не максымальныя?
- Чаму санкцыйны ціск не максымальны — бо ня хочуць выкладваць на стол усе козыры.
- Калі ўвесьці ўсе санкцыі, як адносна Паўночнай Карэі, то ў Менску таксама ёсьць магчымасьці псаваць паветра ў рэгіёне.
- Працэс увядзеньня санкцый пакрокавы, Лукашэнку на кожным кроку прапаноўваюць разьвілку — ён можа пайсьці далей або павярнуць назад.
- ЭЗ — гэта 27 краінаў, любыя санкцыі — гэта прадукт кансэнсусу.
- Былі спрэчкі наконт санкцый адносна «Белавія», Бэльгія хацела ці зьняць, ці аслабіць калійныя санкцыі.
- Тое, што гэтыя меры палавіністыя — гэта таму, што Эўразьвяз інакш ня ўмее, гэта не адна дзяржава.
- Для ЗША Беларусь — гэта далёка, там няма палітычнай волі ўжываць адносна Беларусі такія ж санкцыі, якія ўжываліся адносна Ірану.
Ці залагоджваецца міграцыйны крызіс?
- Эўразьвязу ў цэлым і такім краінам, як Нямеччына, важна паказаць, што ў ЭЗ няма расколу перад зьнешняй пагрозай.
- Таму яны анансуюць пакеты падтрымкі Польшчы і краін Балтыі, таму яны прымаюць гэтыя санкцыі, яны салідарызуюцца з Польшчай у праблеме міграцыі, нягледзячы на спрэчкі зь ёй па іншых пытаньнях.
- Таму Мэркель адразу пасьля званка Лукашэнку тэлефануе кіраўнікам гэтых краінаў і дае тлумачэньні.
- І Ціханоўскай тэлефануе, якая стала як бы яшчэ адной краінай Балтыі, перад якой трэба тлумачыцца.
- Такія «ястрабы», як краіны Балтыі і Польшча, маюць пэўнае права вэта.
- Ніхто не пасьмее зрабіць кардынальныя крокі адносна Беларусі, калі гэта будзе насуперак думцы Польшчы і краінаў Балтыі.
- У Польшчы палітыка кіроўнай партыі адносна мігранцкага крызісу мае падтрымку свайго электарату, яе электарат расьце.
- Варшава размаўляе зь Менскам на такой мове, на якой зь ім даўно ніхто не размаўляў.
- Польшча дала тры дні, каб расчысьціць прастору вакол пераходу Брузгі, інакш — перакрыцьцё транзыту.
- І за тры дні — расчысьцілі.
- І гэта пераконвае Польшчу, што трэба быць жорсткімі.
- Як бачыцца сытуацыя Лукашэнку? Як ён сказаў у інтэрвію Кісялёву — я сваю частку абавязаньняў у мігранцкім крызісе выканаў. Эўрапейцы нічога ня робяць, ды яшчэ і санкцыі ўводзяць.
- Я сумняюся, што ён зробіць з гэтага выснову, што трэба саступаць.
- Наўрад ці ён пойдзе па шляху хісткай дээскаляцыі мігранцкага крызісу, па якім ён ішоў два апошнія тыдні.
- Я б зараз чакаў абвастрэньня мігранцкага крызісу.
Крым і вайна з Украінай
- Я не чакаў, што Лукашэнка саступіць у пытаньні Крыму так хутка.
- Рэальныя саступкі — здаць расейцам «Беларуськалій», уніфікаваць падатковую сыстэму, дазволіць вайсковую базу.
- А Крым — гэта сымбалічная саступка.
- Ён і будзе працягваць рабіць сымбалічныя крокі, ён хоча здаваць мінімум.
- Саступка па Крыме зьвязаная з крэдытам, які зараз абмяркоўваецца.
- Пуцін абяцаў 630 мільёнаў даляраў, а Беларусі спатрэбіцца больш за 3 мільярды даляраў.
- А на пачатку 2023 году — пікавы плацёж па эўрабондах.
- Заплаціць гэта можна, толькі альбо «высушыўшы» золатавалютныя рэзэрвы, чаго не дазваляе сабе ніводная краіна, альбо атрымліваючы новае рэфінансаваньне.
- Лукашэнка зразумеў, што балянсаваньне ў пытаньні Ўкраіны яму ўжо нічога ня дасьць, Лукашэнка больш ня будзе мэдыятарам у перамовах Кіева і Масквы.
- Макей наўпрост казаў, што нашая пазыцыя па Крыме будзе залежаць ад таго, якія наступствы для нашага гандлю з Украінай гэта будзе мець.
- Сумесныя вучэньні на мяжы з Украінай, бразганьне зброяй (расейскай) — гэта жэсты, якімі Лукашэнка сыгналізуе Расеі — я ваш надзейны саюзьнік.
- Гэта і сродак уцягваньня Расеі, каб яна лічыла, што гэта канфлікт не Лукашэнкі з Маравецкім, а славянскага сьвету з NATO.
- Ва Ўкраіне разумеюць, што Лукашэнка не зьбіраецца аддаваць Маскве менскі сталец.
- Ва Ўкраіне лічаць, што калі Пуцін захоча выкарыстаць Беларусь, то ў Лукашэнкі ня будзе інструмэнтаў, каб адмовіцца.
- Зараз ва Ўкраіне «ястрабы» кажуць — ну вось у Менску форма прыйшла ў адпаведнасьць са зьместам, цяпер сам Лукашэнка кажа, што будзе ваяваць з Украінай разам з Расеяй.
- Ня думаю, што вайсковыя стратэгі Ўкраіны яшчэ спадзяюцца, што ў выпадку поўнамаштабнай вайны з Расеяй паўночная мяжа будзе для іх бясьпечнай.
- Палітыкі будуць рабіць розныя заявы, яны мала што губляюць, яны могуць пакідаць Лукашэнку яшчэ пэўную свабоду манэўру.
- Вайсковыя аналітыкі ва Ўкраіне, як і ў краінах Балтыі, даўно перасталі разглядаць Беларусь як нешта аўтаномнае.
- І зараз яны разумеюць, што іх ранейшыя разьлікі пацьвярджаюцца.
Што варта ведаць пра санкцыі ЗША
Санкцыі Эўразьвязу супраць рэжыму Лукашэнкі
Эканамічныя сэктаральныя санкцыі
Эканамічныя сэктаральныя санкцыі былі ўведзеныя Эўразьвязам пасьля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Менску 23 траўня 2021 году і наступнага затрыманьня журналіста Рамана Пратасевіча і ягонай партнэркі Соф'і Сапегі, а таксама з прычыны парушэньняў правоў чалавека і рэпрэсій.
У матывацыйнай частцы прынятага рашэньня прыгадваюцца, у прыватнасьці, эскаляцыя сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі і жорсткія рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, дэмакратычнай апазыцыі і журналістаў, а таксама асобаў, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў.
24 чэрвеня 2021 году Эўразьвяз увёў наступныя абмежавальныя захады:
- У экспарце і перадачы абсталяваньня, тэхналёгіяў або праграмнага забесьпячэньня, прызначанага для выкарыстаньня ў інтарэсах беларускіх уладаў у маніторынгу або перахопе Інтэрнэту і тэлефоннай сувязі на мабільных або стацыянарных прыладах.
- У экспарце ў Беларусь тавараў падвойнага прызначэньня для вайсковага выкарыстаньня.
- У экспарце ў Беларусь тавараў, якія выкарыстоўваюцца для тытунёвых вырабаў.
- У імпарце ў ЭЗ нафтапрадуктаў з Беларусі.
- У імпарце ў ЭЗ калійных угнаеньняў з Беларусі,
- У доступе на фінансавыя рынкі ЭЗ ўраду Беларусі, а таксама беларускім дзяржаўным фінансавым інстытутам і субʼектам.
- Эўрапейскаму інвэстыцыйнаму банку забаронена фінансаваць праекты ў дзяржаўным сэктары Беларусі.
Санкцыі супраць асобаў і прадпрыемстваў
Раней, на пасяджэньні ў Люксэмбургу 21 чэрвеня 2021 году, міністры замежных спраў Эўразьвязу зацьвердзілі чацьвёрты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі пакет санкцый супраць беларускага рэжыму.
Санкцыйны сьпіс з 78 чалавек і 8 арганізацый, якім замарожваюцца актывы і забараняецца выдача візаў у Эўразьвяз, быў апублікаваны ў афіцыйным часопісе Эўразьвязу, такім чынам ён набывае моц.
Яшчэ раней, у кастрычніку, лістападзе і сьнежні 2020 году Эўразьвяз увёў тры пакеты санкцый супраць уладаў Беларусі. Абмежавальныя захады тычацца афіцыйных асобаў, а таксама некаторых прадпрыемстваў. Агулам у санкцыйным сьпісе тады апынуліся 84 асобы, якім забаронены ўезд у краіны ЭЗ. У сьпіс уваходзіць Аляксандар Лукашэнка, ягоны сын Віктар Лукашэнка, кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына, старшыня КДБ Іван Тэртэль, старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч, генэральны пракурор Андрэй Швед і іншыя сілавікі, а таксама судзьдзі і чальцы выбарчых камісіяў.
Сярод іншага, ЭЗ увёў санкцыі супраць юрыдычных асобаў: ЗАТ «Белтэхэкспарт», «Дана Холдынгз/Дана Астра», Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта Беларусі, ТАА «Сінэзіс», ААТ «АГАТ — электрамэханічны завод», ААТ «140-ы рамонтны завод» і ААТ «Менскі завод колавых цягачоў».