Пра гэта паведамляе выданьне Axios, якое публікуе канфідэнцыйны дакумэнт, накіраваны, як сцвярджаецца, 19 лістапада амбасадай Нямеччыны ў ЗША кангрэсмэнам. «Дакумент носіць абазначэньне „non-paper“, што ёсьць распаўсюджанай практыкай у закрытых дыскусіях, у якіх бакі наўпрост і бяз хітрыкаў гавораць аб сваіх палітычных пазыцыях», — піша Axios. Нямецкі ўрад не пацьвердзіў і не абверг сапраўднасьць гэтага дакумэнту.
Як гаворыцца ў дакумэнце, урад Нямеччыны сур’ёзна ставіцца да сваіх абавязаньняў у ліпеньскай дамове з ЗША аб неабходнасьці дамагацца падаўжэньня на 10 гадоў дзейнага кантракту на транзыт газу праз Украіну. Асьцярогі з нагоды таго, што Расея адмовіцца ад гэтага транзыту, — адзін з галоўных аргумэнтаў апанэнтаў «Паўночнага патоку — 2».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША ўвялі новыя санкцыі супраць «Паўночнага патоку – 2»Таксама ў дакумэнце гаворыцца, што запуск газаправоду па дне Балтыйскага мора ня будзе ўяўляць пагрозы для Украіны, калі транзыт газу празь яе тэрыторыю будзе захаваны.
Бэрлін таксама сьцьвярджае, што любыя санкцыі ЗША супраць іх саюзьніка — Нямеччыны — «стануць выключна перамогай Пуціна» і паставяць пад пагрозу выкананьне нямецкіх абавязаньняў, у тым ліку ў частцы падтрымкі Ўкраіны, што паставіць пад пагрозу «трансатлянтычнае адзінства».
У дакумэнце таксама гаворыцца, што ў выпадку, калі Крэмль пачне выкарыстоўваць «Паўночны паток — 2» у палітычных мэтах, у Германіі ёсьць шэраг інструмэнтаў для аказаньня ціску на Маскву.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер-міністар Польшчы заклікаў Нямеччыну спыніць праект «Паўночны паток – 2»Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту, камэнтуючы дакумэнт для Axios, заявіў, што захаваньне саюзьніцкіх адносін з Бэрлінам і абарона інтарэсаў Украіны не супярэчаць адзін аднаму і Вашынгтон мае намер «найбольш эфэктыўным чынам» дамагацца дасягненьня абедзьвюх мэт.
Раней амэрыканскія СМІ, у прыватнасьці Foreign Policy і The Hill, паведамлялі, што адміністрацыя Байдэна спрабуе пераканаць сэнатараў-дэмакратаў не падтрымліваць уключэньне дадатковых санкцый супраць «Паўночнага патоку — 2» у праект абароннага бюджэту ЗША. У Белым доме ў прыватнасьці папярэджваюць аб тым, што важна «не адштурхнуць Нямеччыну», якая павінна адыграць ключавую ролю ў скаардынаваным адказе Захаду ў тым выпадку, калі Расея «зноў уварвецца ва Ўкраіну».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямецкі рэгулятар часова спыніў сэртыфікацыю газаправоду «Паўночны паток – 2»- Газаправод «Паўночны паток — 2» — сумесны праект расейскага «Газпрому» і шэрагу эўрапейскіх, перш за ўсё нямецкіх, кампаній быў канчаткова дабудаваны ў верасьні. Цяпер ён чакае сэртыфікацыі нямецкімі ўладамі і канчатковай ухвалы Эўракамісіі. ЗША і шэраг краін ЕС выступаюць супраць рэалізацыі гэтага праекта, называючы яго інструмэнтам націску ЗША на Украіну і Эўразьвяз.
- Злучаныя Штаты ўвялі шэраг санкцыяў у сувязі з праектам, якія, аднак, не закранулі сам газаправод і ягоных уладальнікаў. Кангрэс цяпер абмяркоўвае магчымасьць заканадаўча абавязаць адміністрацыю ЗША ўвесьці больш жорсткія санкцыі.
- У Нямеччыне неўзабаве зьменіцца ўрад. Новым канцлерам Нямеччыны, як чакаецца, стане сацыял-дэмакрат Оляф Шольц. У кааліцыйным урадзе будуць і апанэнты газаправоду — партыя «Зялёных». Кааліцыйная дамова, аднак, не згадвае пра «Паўночны паток — 2», а значыць, палітыка Бэрліну ў адносінах да газаправоду, хутчэй за ўсё, ня зьменіцца.
- Дональд Туск, былы прэзыдэнт Эўрапейскай Рады і колішні польскі прэм’ер, сказаў польскім СМІ, што дазвол на пабудову «Паўночнага патоку — 2» — гэта «найбольшая памылка», якую зрабіла Ангела Мэркель падчас свайго канцлерства. Туск дадаў, што Мэркель прызналася яму ў прыватнай размове, што яна была «бездапаможная» перад сілай лобінгу нямецкіх прадпрымальнікаў.