Пра гэта паведамляецца на афіцыйным сайце нямецкага рэгулятара.
«Пасьля пільнага вывучэньня дакумэнтацыі Bundesnetzagentur прыйшло да высновы, што сэртыфікаваць апэратара газаправода «Паўночны паток – 2» можна будзе толькі ў тым выпадку, калі гэты апэратар будзе арганізаваны ў юрыдычнай форме адпаведна нямецкаму заканадаўству», — адзначаецца ў паведамленьні.
Цяпер кампанія-апэратар «Паўночны паток – 2» базуецца ў Швайцарыі. У Нямеччыне створана яе даччыная кампанія для кіраваньня нямецкай часткай газаправоду. Паводле Фэдэральнага агенцтва, гэтая даччыная кампанія мусіць яшчэ стаць уладальніцай і апэратарам нямецкай часткі газаправоду, і толькі пасьля гэтага павінна выканаць патрабаваньні незалежнага апэратара, згодна з законам аб энэргетычнай прамысловасьці Нямеччыны.
«Працэдура сэртыфікацыі застанецца прыпыненай, пакуль асноўныя актывы і чалавечыя рэсурсы ня будуць перададзены даччынай кампаніі і Фэдэральнае агенцтва ня зможа праверыць, ці завершана дакумэнтацыя, якую даччыная кампанія мусіць падаць паўторна. Калі гэтыя патрабаваньні будуць выкананыя, Фэдэральнае агенцтва зможа аднавіць сэртыфікацыю ў апошнія чатыры месяцы, як гэта прадугледжана ў законе, і падрыхтаваць праект рашэньня і перадаць яго ў Эўрапейскую камісію для заключэньня», — патлумачылі ў Фэдэральным агенцтве Нямеччыны па сетках.
Пра часовае спыненьне працэдуры Bundesnetzagentur загадзя паінфармавала Федэральнае міністэрства эканомікі і энергетыкі (BMWi) і Эўрапейскую камісію.
«Паўночны паток – 2», які падтрымліваюць Нямеччына і шэраг іншых краінаў ЭЗ і супраць якога выступаюць Украіна і некалькі дзяржаваў ЭЗ, дабудаваны і цяпер праходзіць працэдуру сэртыфікацыі. Яна можа завяршыцца на пачатку наступнага году.