Пад санкцыі трапіла зарэгістраваная на Кіпры кампанія Transadria і ейны карабель Marlin, які выкарыстоўваўся пры будаўніцтве нафтаправоду.
На сёньня ў санцыйным сьпісе ЗША знаходзяцца 8 асобаў і 17 караблёў, зьвязаных з будаўніцтвам «Паўночнага патоку – 2».
Працягласьць газаправоду «Паўночны паток – 2» каля 1200 км. Ён быў дабудаваны ў верасьні, цяпер празь яго ідзе тэхнічнае перапампоўваньне газу. Праект складаецца зь дзьвюх трубаў, іх сукупная магутнасьць складае 55 млрд кубамэтраў у год.
У «Газпроме» 8 лістапада заявілі, што газаправод цалкам завершаны і гатовы да запуску. У той жа дзень нямецкі рэгулятар пачаў працэс сэртыфікацыі «Паўночнага патоку – 2». На думку экспэртаў, яна можа зацягнуцца да траўня 2022 году з прычыны разгляду ў Эўракамісіі.
16 лістапада Фэдэральнае агенцтва па сетках (BNetzA) у Боне паведаміла, што прыпыніла працэдуру сэртыфікацыі газаправоду «Паўночны паток – 2». Працэс адновіцца пасьля таго, як апэратар Nord Stream 2 AG, які базуецца ў швэйцарскім горадзе Цуг, перадасьць асноўныя актывы і кадравыя рэсурсы нямецкай даччынай кампаніі і рэгулятар зможа праверыць ізноў пададзеныя дакумэнты.
У Крамлі 17 лістапада заявілі, што з разуменьнем ставяцца да прыпыненьня працэсу сэртыфікацыі газаправоду. Паводле прэс-сакратара прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна Дзьмітрыя Пяскова, кампанія-апэратар газаправоду хоча адпавядаць усім рэкамэндацыям нямецкага боку і гатовая стварыць новую юрыдычную асобу, каб выканаць патрабаваньні заканадаўства Нямеччыны.