Асудзілі дзявятую і дзясятую групы фігурантаў «карагоднай справы» ў Берасьці

Пратэсты ў Берасьці, верасень 2020

Усяго па «справе карагодаў» асуджаныя 102 чалавекі.

15 лістапада агучылі прысуды 15 фігурантам «справы карагодаў» па ч. 1 арт. 342 КК (удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).

13 верасьня 2020 году на Маршы герояў у Берасьці пратэстоўцы вадзілі карагод, сьпявалі песьні, танцавалі. Людзей разагналі вадамётам, а потым завялі крымінальную справу.

Як піша «Вясна», судзьдзя Кацярына Рамашка вынесла выракі:

  • Ганна Баран — 1,5 года калёніі агульнага рэжыму;
  • Аляксандар Вялічка, Вераніка Клімовіч, Вольга Гачынская, Святлана Якімовіч, Кацярына Ганчарова — 2 гады «хатняй хіміі»;
  • Палітзьняволены Ўладзімір Ганчароў — 1,5 года калёніі агульнага рэжыму;
  • Сяргей Ярошкін, Павал Краўчук — 2,5 года «хіміі»;
  • Валянціна Корсак — 2,5 года «хатняй хіміі»;
  • Сяргей Лапко, Цімур Ломпік, Аляксей Якімовіч — 2 гады «хіміі»;
  • Аляксандар і Тацяна Паўлючыкі — 1 год «хатняй хіміі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фігурантам «карагоднай справы» дадаюць яшчэ адзін крымінальны артыкул

Згодна з вэрсіяй абвінавачваньня, падсудныя ў групе зь іншымі асобамі наўмысна «ўзялі актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». Іх дзеяньні нібыта былі спалучаныя зь непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням прадстаўнікоў улады, пацягнулі за сабой парушэньне працы транспарту, арганізацыяў і прадпрыемстваў.


З прычыны прастою тралейбуснаму парку нанесеная шкода ў суме 619 рублёў 55 капеек, аўтобуснаму — 40 рублёў 37 капеек, на некалькі гадзін закрыліся гандлёвыя павільёны і рэстаран хуткага харчаваньня.

Агулам на гэты момант вынесьлі ўжо сем калектыўных прысудаў. У рамках крымінальнай справы асудзілі 87 чалавек.

Судзьдзі, якія каралі фігурантаў «карагоднай справы»: Сьвятаслаў Каліна, Дзьмітры Шурын, Іна Клышпач, Сяргей Маручак, Яўген Брэган, Дзьмітры Куроўскі, Вера Філонік.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літаратура з турмы. Мікола Папека: «Душа ўвесь час глядзіць у беспраглядную цемру. Імкнецца на волю…»