Адначасова з новым вітком крызісу на беларуска-польскай мяжы ўспыхнулі беспарадкі ў лягерах уцекачоў у Літве — туды летам 2021 года накіраваліся першыя плыні мігрантаў з боку Беларусі. Сойм краіны 9 лістапада ўхваліў прапанову ўрада і ўвёў надзвычайнае становішча на мяжы зь Беларусьсю.
У эфіры Настоящего времени дэпутат Эўрапарлямэнту ад Літвы Пятрас Аўштравічус адказаў на пытаньні аб крызісе на межах.
Што надзвычайнае становішча азначае на практыцы
«Надзвычайнае становішча ўводзіцца ў прыгранічнай пяцікілямэтровай зоне, — тлумачыць Аўштравічус. — Там забараняецца перамяшчэньне людзей, будзе абмежавана мабільная сувязь, уводзіцца праверка дакумэнтаў і гэтак далей, каб максымальна ўскладніць нелегальную міграцыю, а таксама дапамагчы тым інстытуцыям, органам, якія працуюць у гэтай сфэры». «Надзвычайнае становішча на месяц у Літве ўводзіцца ўпершыню, і мы ніколі не думалі, што яно будзе зьвязана, скажам так, з нашым суседам Беларусьсю, якая стала гандляваць людзьмі на міжнародным рынку».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абвастрэньне міграцыйнага крызісу зафіксавалі і ў Літве, куды за дзень спрабаваў трапіць 281 мігрантШто рабіць з мігрантамі
«Цяжка адказаць, таму што ня мы арганізуем патокі гэтых людзей, ня мы арганізуем прыезд гэтых людзей. Ніхто, дарэчы, ня ведае, колькі іх яшчэ засталося ў Менску ці ў іншых гарадах, колькі яшчэ мае намер бліжэйшым часам патрапіць у Беларусь. Лепш за ўсё было б, мусіць, спыніць гэтыя палёты і больш не прывозіць гэтых людзей, таму што я згодзен: яны ашуканыя людзі, яны расчараваныя.
Мяркуючы па кадрах тых людзей, якія вельмі актыўна паводзяць сябе на мяжы, нават правакатыўна, — не здаецца, каб яны вельмі ўжо дрэнна пачуваліся ў сваёй краіне. Мусіць, яны проста бягуць да лепшага жыцьця. Ніхто ня можа забараніць кожнаму з нас так сябе паводзіць, але ці разумна гэта — я сумняваюся».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міграцыйныя крызісы ў Эўропе: ці стаіць за імі МаскваЦі магчыма прымяненьне войска
«Так, такі сцэнар цалкам рэальны. Я думаю, што літоўскія інстытуцыі рыхтуюцца да такой магчымасьці, таму што, як я і сказаў, у Менску застаецца яшчэ вялікі натоўп мігрантаў, ніхто ня ведае, колькі яшчэ. Калі будзе такі сцэнар, будуць прымяняцца меры «Я б сказаў, падобныя да тых, якія мы бачым на мяжы з Польшчай. На літоўска-беларускай мяжы можа быць крыху горш, таму што некаторыя ўчасткі яшчэ не пакрытыя дротам і агароджамі. Могуць быць больш, я б сказаў, нявызначаныя сытуацыі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заява польскіх спэцслужбаў: Лукашэнка спрабуе дэстабілізаваць Польшчу, Літву і ЛатвіюЦі будуць страляць на паражэньне
«Толькі ня ў бок мігрантаў, ніякім чынам. Літоўскі бок не падніме зброю і не націсьне на курок першым. Мы рыхтуемся да правакацый, мы ведаем, што такія правакацыі, напэўна, пралічваюцца ў Менску — на гэта ёсьць і КДБ, і іншыя сілавыя структуры. Дарэчы, пачынаючы са жніўня на мяжы ноччу чутныя асобныя стрэлы, сыгнальныя ракеты запускаюцца і гэтак далей. Гэта значыць з Лукашэнкам вельмі цяжка, прадбачыць дзеяньні псыхапата і міжнароднага тэрарыста я не бяруся».
Навошта Лукашэнка сказаў, што канфлікт можа ўцягнуць Расею — «найбуйнейшую ядзерную дзяржаву»?
«Аляксандр Лукашэнка — вядомы рэкецір, ён рэкетуе Пуціна ўжо даўно, той плаціць грошы, — працягвае Аўштравічус. — І, вядома, выкарыстоўвае фактар Расеі для запалохваньня, прадказваючы нейкія падзеі. Толькі яны абодва могуць сказаць, што адбываецца на самой справе справе, але я думаю, гэта рэальна, што адзін з плянаў Лукашэнкі — неяк уцягнуць Расею ў гэтую пачварную сытуацыю. Яна, дарэчы, ужо інфармацыйна ўдзельнічае: вось і [прадстаўніца МЗС Марыя] Захарава кажа пра гэты крызіс, вось і [кіраўнік МЗС Сяргей] Лаўроў сказаў, што ЭЗ павінен плаціць грошы Менску, гэта значыць, прысутнасьць Расеі мы адчуваем і бачым, але я думаю, што гэта проста такое, я б сказаў, дурное выказваньне Лукашэнкі, які спрабуе запалохаць сваім вялікім братам.
У апошні час Лукашэнка выглядае вельмі, па-мойму, дрэнна. Што робіцца ў яго ў галаве, якія думкі і гэтак далей... Зрэшты, у Расеі папулярна выказваньне: „Абы не было войны“. Значыць, людзі, у тым ліку палітыкі, увесь час кажуць пра ваенны канфлікт, нейкае абвастрэньне, крызіс і гэтак далей. Мусіць, гэта дапушчаецца. Яны нагнятацюць гэтую сытуацыю, ведаючы, ну а што ім губляць наогул? Што губляць такому рэжыму, як Лукашэнкаў, які ня мае ні дастаткова сродкаў, ні ідэй, як жыць у будучыні? Такім дыктатарам толькі ваеннае выйсьце сьніцца па начах. Але, канешне, мы зробім усё магчымае, каб гэта не здарылася».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Літвы працягнуў на тры месяцы мандат войска на ахову мяжы з БеларусьсюЦі ёсьць выйсьце з крызісу
«Вядома, крызіс можа скончыць толькі Лукашэнку пад націскам. Ужо бліжэйшым часам мы пачуем, напэўна, аб дадатковых санкцыях. Я павінен сказаць, што і сёньня, і ўчора ўжо прадстаўнікі ЭЗ гаварылі з прадстаўнікамі тых краінаў, зь якіх яшчэ робяцца палёты ў Менск: гэтыя патокі спыняюцца.
Я б так сказаў: Лукашэнка разумее толькі мову сілы, і, напэўна, гэта застаецца адзіным варыянтам, які мы мусім выкарыстоўваць. Гэта значыць санкцыі. Па-мойму, самы добры інструмэнт — гэта спыненьне банкаўскіх апэрацый, вось тады мы б убачылі сапраўдны твар Лукашэнкі».
Міграцыйны крызіс — 2021. Асноўнае
- У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
- Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
- Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
- У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
- Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
- Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
- Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
- 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
- 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
- На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
- 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
- У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
- 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
- 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
- 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
- Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
- 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
- Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
- 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
- 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.
- На больш чым дзесяці эвакуацыйных рэйсах у Ірак і Сырыю ў лістападзе-сьнежні Беларусь пакінулі каля 4,5 тысяч мігрантаў.
- На пачатку 2022 году сталі вядомыя тэрміны пабудовы агароджаў на мяжы зь Беларусьсю. Польшча адзначыла, што агароджу дабудуюць да канца чэрвеня, а Літва, што да восені.
- За 2023 год памежнікі суседніх зь Беларусьсю краін Эўразьвязу спынілі 42 тысячы спробаў нелегальнага пранікненьня на сваю тэрыторыю, што на траціну больш за 2022 год.
- Шараговец 1-й Варшаўскай бранятанкавай брыгады Матэвуш Сітэк, паранены нажом 28 траўня 2024 году на мяжы зь Беларусьсю, памёр 6 чэрвеня ў Варшаве. Раненьне вайсковец атрымаў падчас спыненьня спробы групы мігрантаў прарвацца праз сталёвую загароду зь беларускага боку. Калі салдат блякаваў пралом у сталёвай агароджы на мяжы з дапамогай ахоўнага шчыта, мігрант, прасунуўшы руку праз плот, нанёс яму ўдар нажом, прывязаным да палкі, у грудзі. Нож затрымаўся ў целе жаўнера. У бок пацярпелага і памежніка, які дапамагаў яму, кідалі палкі і камяні.