Падобныя выказваньні гучалі і шэсьць гадоў таму, калі Эўразьвяз сутыкнуўся з самай вялікай пасьля Другой сусьветнай вайны хваляй мігрантаў — гэтым разам з краінаў Блізкага Ўсходу і Паўночнай Афрыкі.
Роля Масквы ў канфлікце ў Сырыі
У 2015 годзе сырыйскім узброеным паўстанцам удалося дасягнуць істотных посьпехаў у змаганьні з войскамі рэжыму Башара Асада і паставіць пад пагрозу ўтрыманьне ўрадавымі войскамі сталіцы краіны Дамаску. Супраць Асада змагаліся і групоўкі ісламісцкіх тэрарыстычных фармаваньняў, што давала Асаду дадатковыя магчымасьці заяўляць, што ён змагаецца не за захаваньне ўлады, а вядзе барацьбу з тэрарыстамі.
Прэзыдэнт Асад зьвярнуўся да Крамля з просьбай аб дапамозе (пры гэтым апэляваў да дамовы, падпісанай паміж Сырыяй і СССР у 1980 годзе, калі ва ўладзе быў Брэжнеў), і 30 верасьня Савет Фэдэрацыі РФ даў дазвол прэзыдэнту Ўладзіміру Пуціну на ваенныя дзеяньні на тэрыторыі Сырыі. Адначасна Масква адмовілася далучыцца да кааліцыі, якая пад эгідай Злучаных Штатаў змагалася з тэрарыстычнымі групоўкамі, матывуючы гэта тым, што кааліцыя ня мае мандату Рады Бясьпекі ААН і просьбы ўраду Сырыі.
Пачынаючы зь верасьня 2015-га расейская авіяцыя наносіла ўдары па пазыцыях антыўрадавых сілаў (больш як 7 тысяч баявых вылетаў, зьнішчана звыш 12 тысяч аб’ектаў). Гэта карэнным чынам зьмяніла хаду ваеннага канфлікту. Прэзыдэнт Асад, у паразе якога мала хто сумняваўся, застаўся ва ўладзе і паступова ўмацаваў сваю ўладу.
Ваенныя дзеяньні Расеі ў Сырыі, якія пераламілі сытуацыю, дазволілі Маскве ўмацаваць свае пазыцыі ў рэгіёне. Адначасна пачалася хваля міграцыі, і сотні тысяч сырыйцаў рушылі на захад у імкненьні ўратавацца ад вайны (значная частка іх ваявала на баку паўстанцаў).
Восень і зіма 2015 году прынесьлі ў Эўропу хвалю міграцыі значна большую, чым тая, што была выклікана вайной у былой Югаславіі. У адну толькі Нямеччыну прыбылі калі мільёна ўцекачоў.
Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель назвала прыбыцьцё мігрантаў «шанцам заўтрашняга дня», маючы на ўвазе пэрспэктыву паляпшэньня дэмаграфічнай сытуацыі і будучую ролю новапрыбылых у эканоміцы Нямеччыны.
І хоць апакаліптычныя прагнозы наконт таго, што мігранты зьнішчаць Эўропу, ня спраўдзіліся, хваля ўцекачоў спарадзіла шэраг нявырашаных праблемаў. Гэта прывяло да ўзмацненьня пазыцый правапапулісцкіх лідэраў, партыяў і рухаў (такіх, як «Альтэрнатыва для Нямеччыны»), росту ксэнафобскіх настрояў у грамадзтве. Вострай застаецца і праблема сацыяльнай забясьпечанасьці для тых, хто ня здолеў знайсьці працу.
Ніводная дзяржаўная ўстанова краінаў ЭЗ альбо інстытуцыя не абвінаваціла наўпрост Маскву ў сьвядомым правакаваньні міграцыйнага крызісу. Але застаецца фактам, што менавіта ўступленьне Расеі ў ваенныя дзеяньні мела вынікам істотнае павелічэньне хвалі ўцекачоў з Сырыі ў краіны ЭЗ.
Масква знаходзіць вінаватых: Захад і NATO
Масква сыстэматычна абвінавачвае краіны Захаду ва ўзьнікненьні міграцыйных крызісаў. Так, у 2018 годзе міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў у інтэрвію брытанскаму тэлеканалу Сhannel 4 сказаў, што менавіта бамбаваньне Лібіі сіламі NATO «ператварыла гэтую дзяржаву ў чорную дзірку, празь якую плыні нелегальных мігрантаў накіроўваюцца ў Эўропу. Цяпер ЭЗ спрабуе выправіць тое, што зрабіў Паўночнаатлянтычны альянс».
У верасьні 2021-га той жа Лаўроў заявіў, што Расея ня будзе несьці адказнасьць за хвалю мігрантаў з краінаў, якія «былі разбураныя» дзеяньнямі заходніх краінаў. Пры гэтым Лаўроў адрынуў абвінавачаньні ў бок Аляксандра Лукашэнкі ў тым, што апошні знарок правакуе міграцыйны канфлікт.
Урад Швэцыі: За гэтым стаіць Расея
Апошнія падзеі на мяжы Беларусі з краінамі ЭЗ выклікалі ня толькі жорсткую ацэнку што да рэжыму Лукашэнкі, але і абвінавачаньні ў бок Масквы.
Так, на сустрэчы зь міністрам абароны Літвы Арвідасам Анушаўскасам міністар абароны Швэцыі Пэтэр Гультквіст выказаў упэўненасьць, што Расея зацікаўленая ў эскаляцыі сытуацыі і адыгрывае ў ёй вядучую ролю.
«Нашая думка, якую мы абмяркоўвалі, палягае ў тым, што за гэтым стаіць Расея, — працытаваў Гультквіста тэлеканал TV4. — Відавочна, што ў іх вялікая зацікаўленасьць у гэтым кантэксьце».
Тэлеканал перадаў таксама, што швэдзкі ўрад абвінавачвае Расею ў стварэньні напружанасьці і рознагалосьсяў у Эўразьвязе і што менавіта Масква нясе адказнасьць за хвалю мігрантаў, якія цяпер з тэрыторыі Беларусі штурмуюць мяжу зь Літвой і Польшчай.