Першы шлях — паводле трэнду, той шлях, па якім яна ішла ўвесь 2021 год: арышты, пасадкі, катаваньні, разгромы арганізацыяў. Яго часта называюць паўночнакарэізацыяй, прыгадваючы пры гэтым 1937 год.
Гэта, зрэшты, не зусім дакладна. Савецкая, нацысцкая, паўночнакарэйская сыстэмы адразу ствараліся такімі, якімі былі.
У Беларусі ж 2021 год — гэта тыповая рэакцыя. Нешта падобнае адбываецца ўжо 5 гадоў у Турэччыне, пасьля няўдачы вайсковага перавароту. І там дзясяткі тысяч людзей рэпрэсаваныя, турмы поўныя палітвязьнямі, сотні грамадзкіх арганізацыяў і СМІ зачыненыя. Там летась па справе аб перавароце пажыцьцёвае зьняволеньне атрымалі больш за 300 чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Турэччыны перадумаў высылаць з краіны 10 амбасадараў. Што там адбываеццаГэта Паўночная Карэя? Не. Паважаны чалец міжнароднай супольнасьці, чалец NATO, між іншым. Цяперашнія турэцкія парадкі — гэта ня новая таталітарная сыстэма, гэта рэакцыя, якая зацягнулася.
Дык і ў Беларусі, па сутнасьці, тое ж самае. Хоць, вядома, тым, хто сядзіць у турме ці чакае груку ў дзьверы, ад гэтых паліталягічных тонкасьцяў не лягчэй. Аднак рэакцыі ўсё ж, як правіла, ня доўжацца вечна.
Турэччына — магутны гулец на міжнароднай арэне. Увесьці супраць яе якія-небудзь санкцыі за тэрор, які ўчыняецца Эрдаганам, нікому ня прыйдзе ў галаву. Да таго ж у Эрдагана ёсьць амбітны палітычны праект — у пэўным сэнсе вяртаньне ў Азію, рэвізія вэстэрнізатарскага праекту Ататурка. Наяўнасьць вялікага праекту, заснаванага на глыбокай культурнай і гістарычнай традыцыі, забясьпечвае яму дастаткова шырокую грамадзкую падтрымку, нягледзячы на зьверствы рэакцыі.
У Лукашэнкі няма ні таго, ні другога. Меншая краіна — тое, што дазволена «султану» Эрдагану, не дазволена яму. Ну, і вялікія праекты ў дэфіцыце. «Фарпост Эўразіі», «мы з Расеяй і Кітаем» — гэта даволі ўбога і трошкі сьмешна.
У выніку складана і з грамадзкай падтрымкай. Разнастайныя апытаньні (Chatham House, ВЦИОМ) паказваюць, што «Саша3%» — гэта няпраўда, але вельмі насамрэч сьціпла з падтрымкай. Гэта да таго, што дазволіць сабе шматгадовую рэакцыю яму будзе няпроста.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аналітык Павал Вусаў: «Публікацыя апытаньня ВЦИОМ — папярэджаньне Пуціна Лукашэнку»Другі шлях, другая дарога — гэта новы выбух, паўтарэньне 2020 году. Супярэчнасьці, якія спарадзілі леташнюю рэвалюцыю, не былі вырашаныя. А штуршком можа быць што заўгодна — ковід, эканамічныя правалы, новы канфлікт з Расеяй. Строга кажучы, і ў 2020 годзе да пачатку выбарчай кампаніі мала што прадвяшчала палітычны землятрус такой сілы.
Улада, праўда, усяляк імкнецца такі сцэнар прадухіліць, зачышчаючы грамадзянскую супольнасьць, саджаючы і выціскаючы на эміграцыю актыўных. Па-свойму яе дзеяньні лягічныя. Аднак гістарычна гэта не заўсёды дапамагае, залітаваны кацёл, у якім нарастае ціск, можа выбухнуць ва ўсіх кропках.
Цуды ў жыцьці і ў гісторыі здараюцца, «чорныя лебедзі» маюць звычай прылятаць час ад часу. Але ня надта часта. Пасьля выбараў 2010 году і далейшага пагрому наступны грамадзкі ўздым адбыўся спачатку праз 7 гадоў (пратэсты «дармаедаў»), а потым яшчэ праз 3 гады.
Гэтак жа было і ў далёкай гісторыі: у ХIX стагодзьдзі польска-беларускія паўстаньні таксама здараліся з дыстанцыяй у шмат гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чаму мы былі ня ў курсе, што такія гіцлі побач з намі?» Што цяпер думаюць тыя, хто летась далучыўся да пратэстаўТрэці шлях — прымірэньне, паразуменьне. У красавіку 2020 году Яўген Прэйгерман напісаў артыкул, у якім прадказаў, што ўзаемнае непрыманьне грамадзкіх сілаў у краіне можа прывесьці да вельмі сумных наступстваў. Ну, і агулам меў рацыю. Падзеі 2020–2021 гадоў гэты раскол толькі пагоршылі.
І ў гэтым сэнсе паказальны «тэст Васкрасенскага». Насамрэч усё роўна, у якой ступені ягоны праект — плён ягонай уласнай эвалюцыі, а ў якой падказаны куратарамі ў пагонах, усё роўна, танная гэта пастка ці магчымасьць вырашыць палітычны крызіс.
Важна тое, што ніякай значнай рэакцыі прапановы Юрыя Васкрасенскага ня выклікалі. І ня толькі ў апазыцыйнай, але і ў памяркоўнай часткі грамадзтва, дый у ляялістаў таксама. Памілаваньне ўсяго 12 чалавек было паказчыкам, у якой ступені ўлада робіць стаўку на прымірэньне.
Што Васкрасенскі са сваімі прапановамі выклікаў абурэньне многіх — гэта ня дзіва. Але паказальна, што ня выклікаў ніякай рэакцыі астатніх.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна адмовілася ўпусьціць на сваю тэрыторыю Васкрасенскага, які нібыта ехаў на перамовы ў КіеўГэта ня значыць, што нейкае паразуменьне ня можа ўзьнікнуць ніколі ў прынцыпе. Але гэта значыць, што як мінімум ня зараз, не ў найбліжэйшы час. І ня толькі таму, што рэпрэсіі, якія працягваюцца і нават нарастаюць, гэтаму не спрыяюць. Але і таму, што такі грамадзкі расклад.
Здаецца, усё? Якія яшчэ могуць быць варыянты, шляхі? Між тым ёсьць яшчэ адзін варыянт, імя якога — стомленасьць.
Гэты настрой зафіксавала, у прыватнасьці, апошняе апытаньне Chatham House. Любові да Лукашэнкі не дадалося (як і не паменела, дарэчы), асаблівай гатоўнасьці разумець апанэнтаў не дадалося таксама, хутчэй наадварот, паглыбіўся раскол і ўзаеманеразуменьне.
А вось чаго дадалося, і моцна, дык гэта стомы. І гэта зразумела. Рэвалюцыя — калясальны выкід, выбух грамадзкай энэргіі. І разрадка народнага «акумулятара». А запас энэргіі небязьмежны і не папаўняецца хутка.
І цяпер шмат хто, па-ранейшаму не адчуваючы сымпатыяў да Лукашэнкі, ня тое што не гатовы пратэставаць, але ня хоча нават думаць пра палітыку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тэзіс аб прызнаньні Лукашэнкі тэрарыстам сустракае ўсё больш разуменьня на Захадзе», — былы амбасадар АстапенкаПры гэтым і шараговыя ляялісты не дэманструюць вялікай прагі расправаў і помсты. У сілавікоў і прапагандыстаў юр не спадае, але стаміцца могуць і яны. Ня столькі нават самі яны (служба ёсьць служба), колькі іх начальства. Не таму нават, што няўтульна пад санкцыямі і сам-насам з Пуціным, а таму, што апошнія масавыя пратэсты былі амаль год таму.
Ня туркі ўсё ж, дый у Менску ў 2020 годзе не лупілі з танкавых гарматаў па прэзыдэнцкім палацы, як у Турэччыне ў 2016 годзе.
Пасьля 2010–2011 гадоў насамрэч Беларусь дарагой стомленасьці і ішла. Супярэчнасьці вырашаныя не былі, паразуменьня ня ўзьнікла. Людзі сышлі ў працу, у сям’ю, у забаўкі, далей ад палітыкі, багатай кашмарамі.
Гэтак жа можа адбыцца і зараз, а ў многіх і адбываецца.
Гэта не назаўжды. Можа, нават і ня вельмі надоўга.
Акумулятар зараджаецца зноў.
Перадрук з парталу Zerkalo
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.