Малдова ўпершыню падпісала кантракт на закупку газу не з «Газпромам»

Кішынёў, сталіца Малдовы

Малдоўская дзяржкампанія Energocom на фоне адсутнасьці дамоўленасьцяў з расейскім «Газпромам» падпісала кантракт на пастаўку ў Малдову аднаго мільёна кубамэтраў газу з польскай дзяржкампаніяй PGNiG.

Гэта першая ў гісторыі краіны закупка газу з альтэрнатыўных «Газпрому» крыніц. Па якой цане Кішынёў дамовіўся купляць газ, не ўдакладняецца.

«Пробная закупка праводзіцца, каб выпрабаваць магчымасьць імпарту газу з альтэрнатыўных крыніц і ўраўнаважыць нізкі ціск у сыстэме падачы прыроднага газу», — гаворыцца ў паведамленьні ўрада Малдовы, якое цытуе «Настоящее время».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Малдове ўвялі рэжым надзвычайнага становішча ў сувязі з дэфіцытам газу

Як паведаміў у Facebook міністар інфраструктуры і рэгіянальнага разьвіцьця Малдовы Андрэй Спыну, перамовы прадстаўнікоў Малдовы з «Газпромам» працягваюцца. Яны разьлічваюць заключыць з расейскай кампаніяй дамову на доўгатэрміновыя пастаўкі. Па словах міністра, у Energocom паступілі прапановы аб пастаўках газу зь сямі кампаній.

Кантракт на пастаўкі газу паміж Расеяй і Малдовай быў заключаны яшчэ ў сярэдзіне 2000-х і з таго часу неаднаразова працягваўся. Ён заканчваецца ў лістападзе. Нядаўнія перамовы паміж Расеяй і Малдовай аб пастаўках газу скончыліся безвынікова. Масква прапанавала зьніжку памерам 25% пры ўмове аплаты запазычанасьці за газ у памеры 709 мільёнаў долараў. Кішынёў ня згодзен на такія ўмовы. «Газпром» прыгразіў спыніць пастаўкі газу ў Малдову, калі яна ня выплаціць запазычанасьць.

  • 22 кастрычніка ў Малдове на месяц увялі рэжым надзвычайнага становішча праз дэфіцыт газу ў краіне. «Малдовагаз» зьвяртаўся да насельніцтва і агентаў з просьбай эканоміць газ для зьмякчэньня наступстваў крызісу.
  • Цяпер цана расейскага газу для Малдовы складае 790 даляраў за тысячу кубамэтраў, хоць яшчэ летась краіна плаціла за аналягічны аб’ём каля 150 даляраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дарадца Байдэна: газ можа стаць палітычным інструмэнтам для Расеі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея ў выходныя рэзка скараціла пастаўкі газу ў Эўропу празь Беларусь