«Мы набліжаемся да гэтага пункту, калі Расея сапраўды мае газ для паставак, але яна пачне пастаўкі толькі пры ўмове выкананьня патрабаваньняў, якія зусім ня маюць дачыненьня да гэтага», – заявіў Эмас Гаштэйн.
Паводле яго, рэзкі ўзьлёт цэнаў на прыродны газ у Эўропе быў выкліканы ня толькі спэцыфічнымі для Эўропы ўмовамі, але і рэзкім ростам попыту на прыродны газ у Кітаі, дзе рэзка ўпала выпрацоўка электраэнэргіі на гідраэлектрастанцыях ад засухі. У такой сытуацыі адзіным пастаўшчыком, які можа зрабіць значны ўплыў на энэргетычную бясьпеку Эўропы, зьяўляецца Расея, і яна мусіць хутка павялічыць пастаўкі газу празь існыя газаправоды, настойвае дарадца прэзыдэнта ЗША.
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін на мінулым тыдні заявіў, што Расея гатова павялічыць пастаўкі прыроднага газу ў Эўропу па газаправодзе «Паўночны паток – 2». Аднак эксплуатацыя газаправоду можа пачацца толькі пасьля яго сэртыфікацыі спэцыялізаванымі структурамі Эўразьвязу. Гэты працэс можа заняць каля паўгода. Эўропа не павінна апынуцца ў сытуацыі, калі ёй давядзецца адмяніць абмежаваньні, праігнараваць законныя працэдуры дзеля вырашэньня крызісу, які можна вырашыць іншымі спосабамі, заявіў Эмас Гаштэйн.
Цана прыроднага газу ў Эўропе ўзрасла за год у шэсьць разоў. Галоўнай прычынай, паводле міжнародных экспэртаў, зьяўляецца рэзкі рост спажываньня газу ў Кітаі, куды зараз накіроўваюцца вялікія аб'ёмы звадкаванага газу, што экспартуецца з ЗША. Расея зьяўляецца самым вялікім пастаўшчыком прыроднага газу ў Эўропу. На яе прыпадае каля 35 працэнтаў прыроднага газу, які спажываецца на кантынэнце.