«Бязьлітасны да ворагаў райху». Як будуць выглядаць абавязковыя характарыстыкі пры ўладкаваньні на працу

Чыноўнікі на нарадзе ў Лукашэнкі

Зь мінулай пятніцы, калі вы наважыліся ўладкавацца на дзяржаўны завод, у школу, паліклініку (ня кажучы ўжо пра райвыканкам ці сельсавет) — ад вас абавязкова запатрабуюць характарыстыку з папярэдняга месца працы.

А ў той характарыстыцы павінен быць пункцік пра «стаўленьне да дзяржаўных і грамадзкіх інстытутаў, канстытуцыйнага ладу» і пра тое, ці не здараліся ў вашай біяграфіі «антыдзяржаўныя праявы». Іншымі словамі, а ці не «змагар» вы і ці не сымпатызуеце варожым кіроўнаму рэжыму сілам.

Некаторыя напружыліся, а нехта, магчыма, нават і спалохаўся. Няўжо цяпер усім неляяльным, заўважаным у апазыцыйных пікетах ці «ня тых» колераў шкарпэтках і шаліках, давядзецца застацца бяз працы? У некаторым замяшаньні і аддзелы кадраў ды намесьнікі «па ідэалёгіі». Дадатковыя абавязкі яўна ўскладуць на іх. Ці падвысяць пры гэтым заробкі — пытаньне хутчэй рытарычнае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пашырыў пералік падставаў, каб прыцягваць чыноўнікаў да крымінальнай адказнасьці

Трыюмф шаблёну і бюракратызму

Абавязковыя характарыстыкі — гэта старая, добра вядомая старэйшым людзям, якія жылі і працавалі пры СССР, практыка. Задумвалася ўсё, відавочна, у спадзяваньні на тое, што ўсе татальна будуць сачыць адзін за адным, фіксаваць усе заганы калегаў і адлюстроўваць у выглядзе характарыстык. У рэчаіснасьці ж у позьнім СССР уся задума з абавязковымі характарыстыкамі ператварылася ў маштабную бюракратычную фармальнасьць.

Характарыстыкі савецкіх аддзелаў кадраў — гэта трыюмф шаблёну і бюракратызму, стандартны набор сказаў і выразаў, якія былі далёкія ад рэчаіснасьці і па сутнасьці нічога ня значылі. Можна, дарэчы, пакапацца ў архівах і знайсьці што-небудзь са старой савецкай бюракратычнай творчасьці. Ну, напрыклад:

«За час працы зарэкамэндаваў сябе як адказны, мэтанакіраваны, працавіты работнік. Адносіны з калегамі сяброўскія, прыязныя, заўсёды адклікаецца на просьбы аб дапамозе».

Альбо: «Да даручанага ўчастку працы падыходзіць творча. Пастаянна працуе над падвышэньнем прафэсійнага ўзроўню. Прымае актыўны ўдзел у грамадзкім жыцці: быў арганізатарам і актыўным удзельнікам турысцкага зьлёту і сьвяточнага навагодняга „агеньчыка“».

Падобныя характарыстыкі ў савецкі час штампаваліся і падшываліся да «асабістых спраў» у аддзелах кадраў мільёнамі. І нікога асабліва не хвалявала, што «адказны і мэтанакіраваны» работнік насамрэч мог аказацца хранічным прагульшчыкам, а «актыўны ўдзельнік турысцкага зьлёту і навагодняга „агеньчыка“» — горкім п’яніцам.

Што праўда, тады ў характарыстыках звычайна не прынята было пісаць пра вернасьць ідэалам марксізму-ленінізму і адданасьць савецкай дзяржаве. Часам можна было сустрэць нешта накшталт «пастаянна працуе над падвышэньнем свайго ідэйна-палітычнага ўзроўню» і «маральна ўстойлівы», — але пацьвярджэньня вернападданасьці нідзе не патрабавалася.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьліжэўскі, Чамаданава, Наскевіч. Каму з топ-чыноўнікаў адданасьць Лукашэнку не дапамагла захаваць пасаду

Цяпер такое патрабаваньне, відавочна, зьявілася. Няма сумневу, што зьявяцца і новыя стандартныя фармулёўкі. Працаўнікі дзяржаўных структур спрэс будуць лічыцца «адданымі канстытуцыйнаму ладу і асабіста прэзыдэнту» і не заўважанымі ў «антыдзяржаўных праявах на працоўным месцы».

Аўтары ініцыятывы, пэўна, памятаюць, які лёс напаткаў тую савецкую бюракратычную практыку. Невыпадкова цяпер уводзіцца адказнасьць «за выдачу характарыстыкі з заведама непраўдзівай інфармацыяй». Ці азначае гэта, што нейкая асобная служба будзе адсочваць і кантраляваць аб’ектыўнасьць характарыстык, вызначаць крытэры гэтай аб’ектыўнасьці, караць за суб’ектыўнасьць ацэнак? І на чыім утрыманьні яна будзе — тых самых дзяржаўных прадпрыемстваў, большасьць якіх і так ледзь зводзіць канцы з канцамі?

Адна справа, калі адбіраецца кандыдат на цёплае месца намесьніка кіраўніка цэху па ідэалёгіі з высокім заробкам. І зусім іншая — калі трэба запоўніць вакансію сьлесара альбо ліцейшчыка зь цяжкімі ўмовамі працы. На кіроўныя намэнклятурныя пасады ў сёньняшняй Беларусі і без таго існуе шматступеньчаты адбор і кантроль з боку розных службаў (з пагонамі і без), яшчэ адна характарыстыка тут ніякай ролі ня выканае.

Што да рабочых спэцыяльнасьцяў, то за варотамі 90 працэнтаў дзяржаўных прадпрыемстваў чэргаў не назіраецца. Наадварот, кадравікі сутыкаюцца зь вялізнымі цяжкасьцямі, шукаючы кандыдатаў. Часта вымушаны заплюшчваць вочы і на крымінальнае мінулае кандыдатаў, і на іхныя напісаныя на тварах залежнасьці і звычкі... З савецкага часу тут мала што зьмянілася.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Марыя Калесьнікава ў інтэрвію з-за кратаў: «„Красаўцы“ здрадзяць дыктатару»

Кошт татальнага кантролю

Напэўна, знойдуцца і зацятыя ды апантаныя прыхільнікі рэжыму, і добраахвотныя аматары даносаў (такія былі ва ўсе часы), якія ахвотна падтрымаюць новую ініцыятыву і будуць заўзята выкрываць нядобранадзейных калегаў. І ўсё ж, мяркую, шырокага распаўсюду гэта не атрымае. Куды прасьцей, каб адчапілася начальства, напісаць пару агульных фразаў, чым ствараць на роўным месцы сабе ворагаў, ператварацца ў ізгоя ва ўласным калектыве ды наклікаць нянавісьць суседзяў і калегаў.

А ўвогуле, назіраючы, як з кожным тыднем множацца дырэктывы пра дадатковыя кантроль, сачэньне, выяўленьне, недапушчэньне, прыходзіш да сумных высноў. На ўсе шматлікія выклікі — адзін адказ: яшчэ больш закруціць гайкі, яшчэ большы татальны кантроль за любымі праявамі вальнадумства. Колькі гэта каштуе і хто за ўсё гэта заплаціць — падобна, аўтараў такіх ініцыятыў ня надта турбуе. Вялізныя грошы трацяцца не на тое, каб вырабляць, вырошчваць, зарабляць і памнажаць ВУП. У прыярытэце зусім іншыя мэты: за ўсімі сачыць; кожнаму даць характарыстыку, а потым яе яшчэ і праверыць; кантраляваць усе тэлеграм-каналы і тэлеграм-чаты. А яшчэ — сачыць за колеравай гамай шкарпэтак, шалікаў і заплечнікаў; пільнаваць афарбоўку штораў у вокнах...

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Добрускай папяровай фабрыцы перад візытам Лукашэнкі звальняюць 70 «неляяльных» працаўнікоў

Якой мусіць быць ідэальная характарыстыка ўзорнага працаўніка, адданага рэжыму? Асабіста мне ў зьвязку з гэтым успамінаецца культавы сэрыял пра савецкага шпіёна (па сумяшчальніцтве — штандартэнфюрэра СС) Штырліца. Памятаеце, рэжысэр фільму Тацяна Ліёзнава часта перабівала кінакадры архіўнымі нацысцкімі дакумэнтамі, а менавіта службовымі характарыстыкамі на рэальных і выдуманых пэрсанажаў фільму. Цытавалася і такая вось характарыстыка на Штырліца:

«Истинный ариец. Характер нордический, выдержанный. С товарищами по работе поддерживает хорошие отношения. Безукоризненно выполняет служебный долг. Беспощаден к врагам рейха. Отличный спортсмен: чемпион Берлина по теннису. Холост; в связях, порочащих его, замечен не был. Отмечен наградами фюрера и благодарностями рейхсфюрера СС».

Як вядома на прыкладзе «сапраўднага арыйца» Штырліца, нават самая ідэальная характарыстыка — гэта яшчэ не гарантыя таго, што «бязьлітасны да ворагаў райху» і «адзначаны ўзнагародамі фюрэра» не акажацца палкоўнікам савецкага НКВД, адданым зусім ня фюрэру, а ягоным заклятым ворагам.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.