Беларусь
- У Беларусі зьнялі абавязковае патрабаваньне насіць маскі ў транспарце і грамадзкіх месцах, няма патрабаваньня сацыяльнай дыстанцыі.
- Фактычна, адзіная мера на сёньня — гэта абавязковы ПЦР-тэст ці вакцынацыя пры ўезьдзе, а таксама карантын у 7 дзён пры ўезьдзе з «чырвоных зон».
- У кінатэатрах і тэатрах дзейнічае адмысловая рассадка: людзей не саджаюць на крэслы поруч.
- Масавыя і спартовыя мерапрыемствы не адмяняюць.
Польшча
- Абавязкова насіць маскі ў грамадзкіх месцах. Замежнікі, якія прыбываюць на тэрыторыю Польшчы, мусяць прайсьці 10-дзённы карантын. Карантын ня тычыцца вакцынаваных адной з ухваленых у ЭЗ вакцынаў.
- Дзейнічае правіла сацыяльнай дыстанцыі для пешаходаў — 1,5 мэтра. Санітарныя нормы дзейнічаюць у кінатэатрах, тэатрах, у дамах культуры і на канцэртах: памяшканьні запаўняюцца толькі на 75%, усе мусяць быць у масках.
- Вялікія крамы і гандлёвыя цэнтры запаўняюцца толькі па схеме: 1 чалавек на 10 квадратных мэтраў.
Літва
- У Літве дзейнічае «пашпарт магчымасьцяў», без вакцынацыі грамадзяне і іншаземцы ня могуць наведваць кавярні, рэстарацыі, вялікія гандлёвыя цэнтры. «Пашпарт магчымасьцяў» таксама могуць атрымаць тыя, хто ўжо перахварэў на каранавірусную інфэкцыю.
- З 1 кастрычніка ў Літве насіць маскі ў грамадзкіх месцах зноў мусяць і ўладальнікі пашпарта магчымасьцяў. Рэкамэндавана сыходзіць на дыстанцыйную працу.
- Замежнікі без вакцынацыі адной з ухваленых у ЭЗ вакцынаў мусяць адбыць карантын — 10 дзён.
Латвія
З 21 кастрычніка па 15 лістапада зачыняюцца ўсе крамы, апроч тых, што гандлююць таварамі першай неабходнасьці. Усе спартовыя, забаўляльныя і культурныя мерапрыемствы адмяняюцца. Цырульні, салёны прыгажосьці і аб’екты грамадзкага харчаваньня перапыняюць сваю працу.
- Школьнікам працягнуць вакацыі, а ВНУ і прафэсійна-тэхнічныя ўстановы пяройдуць на дыстанцыйнае навучаньне. Уводзіцца камэнданцкая гадзіна з 20:00 да 5:00.
- Абавязкова насіць маскі ў транспарце і грамадзкіх месцах.
- Замежнікі, якія прыяжджаюць у Латвію, мусяць самаізалявацца на 10 дзён, калі яны не вакцынаваныя адной з вакцынаў, прызнаных у ЭЗ.
Украіна
- Ва Ўкраіне абавязкова насіць маску ў грамадзкіх месцах і транспарце. Без вакцынацыі ці ПЦР-тэста грамадзяне і замежнікі ня могуць падарожнічаць міжабласным транспартам. Гэта тычыцца чыгункі, аўтобусаў і самалётаў. Масавыя мерапрыемствы магчымыя, калі прысутнічае ня больш за 1 чалавека на 4 квадратныя мэтры.
- Залі кінатэатраў і тэатраў могуць быць запоўненыя толькі на 50%. У спартзалях і фітнэс-цэнтрах могуць знаходзіцца ня больш за 1 чалавека на 10 квадратных мэтраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чэргі ля могілак і акцыі пратэсту. Як ва Ўкраіне супрацьстаяць новай хвалі каранавірусу
Расея
У Расеі дзейнічаюць агульныя правілы для ўсёй краіны, а ў рэгіёнах — яшчэ і свае правілы, якія ўводзяць мясцовыя ўлады. Агульныя патрабаваньні — гэта маскі ў грамадзкіх месцах і забарона масавых мерапрыемстваў з 23 да 6 раніцы. А, прыкладам, у Маскве і Падмаскоўі ўвялі локдаўн: з 28 кастрычніка па 7 лістапада прыпыняецца праца ўсіх арганізацый, за выключэньнем тых, што забясьпечваюць працу гарадзкой інфраструктуры.
- На гэты пэрыяд у Маскве і Маскоўскай вобласьці закрываюцца ўсе кавярні, рэстарацыі, салёны прыгажосьці, кінатэатры, канцэртныя залі і цыркі.
- У школах і дзіцячых садках з 28 кастрычніка абвяшчаюць вакацыі, а ВНУ і прафэсійныя навучальныя ўстановы змогуць праводзіць заняткі толькі дыстанцыйна.
- Пры ўезьдзе ў Расею трэба мець адмоўны вынік ПЦР-тэста і спампаваць на тэлефон адмысловае прыкладаньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейская ці кітайская? Мікрабіёляг пра даступныя ў Беларусі вакцыны
Кітай
Першая краіна, якая сутыкнулася з каранавірусам, — Кітай. Там і цяпер дзейнічаюць абмежавальныя захады: трэба насіць маскі ў грамадзкіх месцах, для замежнікаў патрэбны ПЦР-тэст, таксама замежнікі мусяць прайсьці мэдычны агляд пасьля прыбыцьця.
- Па ўсім Кітаі патрабуецца правяраць тэмпэратуру ў людзей, а таксама сканаваць QR-коды, каб пацьвердзіць сваю гісторыю падарожжаў.
- Грамадзкі і міжгародні транспарт працуе, але на ўваходзе правяраюць тэмпэратуру і стан здароўя. У некаторых частках Кітаю міжгародні транспарт ня ходзіць.
- Бары і рэстарацыі адчыненыя, але на ўваходзе могуць праверыць стан здароўя і тэмпэратуру, таксама могуць праверыць QR-код, каб адсачыць кантакты чалавека.
А вось так выглядае статыстыка вакцынаваных хаця б адным кампанэнтам вакцыны:
- Беларусь — 27%
- Расея — 35%
- Украіна — 19%
- Польшча — 53%
- Літва — 66%
- Латвія — 56%
- Кітай — 76%
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ