Лінкі ўнівэрсальнага доступу

САЗ зноў вывучыць магчымыя шляхі ўзьнікненьня каранавірусу


Для новага расьсьледаваньня ствараецца каманда з 20 экспэртаў. У ліку іншага ёй могуць даручыць праверыць магчымасьць зьяўленьня вірусу SARS-CoV-2 у лябараторыі.

Пра гэта інфармуе DW.

Сусьветная арганізацыя здароўя (САЗ) плянуе аднавіць расьсьледаваньне паходжаньня каранавірусу SARS-CoV-2, сабраўшы каманду з 20 навукоўцаў для пошуку новых доказаў, паведаміла газэта The Wall Street Journal увечары ў нядзелю, 26 верасьня, са спасылкай на афіцыйных прадстаўнікоў САЗ.

Па словах суразмоўцаў выданьня, новай групе навукоўцаў, названай навуковай кансультацыйнай групай у справе паходжаньня новых патагенаў, можа быць даручана высьветліць, ці зьявіўся каранавірус у лябараторыі, а таксама правесьці больш шырокія дасьледаваньні будучых вірусных рызык і сувязяў з паводзінамі чалавека. У экспэртную групу ўвойдуць спэцыялісты ў лябараторнай бясьпецы і біяабароне, а таксама экспэрты ў галіне генэтыкі і хвароб жывёлаў.

Крыніцы ў САЗ адзначылі важнасьць паскарэньня расьсьледаваньня паходжаньня COVID-19, паколькі ўзоры крыві раньніх ахвяраў каранавірусу могуць неўзабаве стаць непрыдатнымі для вывучэньня. Новае дасьледаваньне будзе праведзена пасьля таго, як першапачатковае расьсьледаваньне САЗ, якое ўключала наведваньне кітайскага Уханю, дзе былі зафіксаваныя першыя выпадкі COVID-19, паказала, што дадзеных, прадстаўленых кітайскімі навукоўцамі, недастаткова для адказу на самыя важныя пытанні аб паходжаньні каранавірусу.

Прэтэнзіі з боку ЗША і Кітаю

Афіцыйныя асобы ЗША, у тым ліку дзяржсакратар Энтані Блінкен, заклікалі САЗ аднавіць расьсьледаваньне. У той жа час Кітай ужо некалькі месяцаў заклікае САЗ праверыць і іншыя краіны, такія як Італія і ЗША, на прадмет паходжаньня каранавірусу.

Пэкін, у ліку іншага, настойвае на праверцы лябараторыі на амэрыканскай вайсковай базе ў Форт-Дэтрыке ў штаце Мэрылэнд. Улады КНР тлумачаць гэта тым, што летам 2019 году гэтую лябараторыю часова зачынялі з прычыны парушэньняў тэхнікі бясьпекі пры транспартаваньні небясьпечных матэрыялаў.

Каранавірус пачаў распаўсюджвацца ў кітайскім горадзе Ухань у канцы 2019 году. Большасьць навукоўцаў лічаць, што каранавірус мае заанознае паходжаньне і мог перадацца чалавеку ад кажаноў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG