Самога Дзьмітрыя на абскарджаньне ў абласны суд не прывозілі. Ахвотных трапіць на паседжаньне не пусьцілі. У скарзе Дзьмітры прасіў спыніць перасьлед па адным артыкуле і прызначыць пакараньне, не зьвязанае з пазбаўленьнем волі, паводле іншых артыкулаў, улічваючы ягоныя станоўчыя характарыстыкі, інваліднасьць, стан здароўя.
Абласны суд да гэтых довадаў не прыслухаўся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гомлі глуханямога рабочага асудзілі на 2 гады калёніі за «абразу прэзыдэнта» і «заклікі да гвалту»Дзьмітры практычна ня чуе. Калі яго ўзялі пад варту пасьля суду першай інстанцыі, то забралі слыхавы апарат.
Генэральная пракуратура ў верасьні паведаміла, што 30-гадовага жыхара Гомля судзілі за «абразу кіраўніка дзяржавы, прадстаўніка ўлады і пагрозу гвалтам у дачыненьні да судзьдзі».
Дзьмітры працаваў наладчыкам на прадпрыемстве «Віпра». Гэта адзінае прадпрыемства ў Гомлі, якое дае працу людзям з парушэньнем слыху. Зь лютага ў Дзьмітрыя былі ператрусы, у яго забралі кампутар і тэлефон. Суд быў закрытым, таму нават сваякі не маглі прысутнічаць на працэсе.
«Дзіма чуе вельмі дрэнна нават з апаратам. Суду далі станоўчыя характарыстыкі і хадайніцтвы, каб далі максымум „хімію“ і ён адпрацоўваў яе на заводзе. Вядома, самая галоўная праблема, што ён будзе ў калёніі, бо слыхавы апарат у яго забралі», — казалі сваякі асуджанага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яны ў шоку і моцна перапалоханыя». Міліцыя выявіла «экстрэмістаў» сярод глуханямыхРодныя ня ведаюць, што канкрэтна Дзьмітры пісаў у чатах, бо мець зносіны з чалавекам, які слаба чуе, складана. Мяркуючы па ўсім, на хлопца выйшлі, калі праводзілі ператрусы ў работнікаў прадпрыемства «Віпра» — за тое, што ў людзей з праблемамі слыху таксама быў свой невялікі закрыты чат. Ператрусы і затрыманьні адбываліся ў траўні 2021 году. Людзі былі вельмі напалоханыя, выдалілі ў тэлефонах Telegram і іншыя мэсэнджары.
У пракуратуры заявілі, што Дзьмітры «з дапамогай асабістага кампутара і іншых прылад на адным з telegram-каналаў разьмясьціў фотавыяву кіраўніка дзяржавы, якая зьмяшчае яго нэгатыўную ацэнку». «У працяг супрацьпраўных дзеяньняў у кастрычніку 2020 году апублікаваў у telegram-канале паведамленьне з абразай прадстаўніка ўлады, а ў лютым 2021 году — паведамленьне з заклікам да гвалтоўных дзеяньняў у дачыненьні да намесьніка старшыні суду аднаго з раёнаў Менску».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Без нагі, хворы на рак, з розумам дзіцяці. Хто сядзіць «за палітыку» з сур’ёзнымі хваробамі