Падатак на кватэру
Міністэрства фінансаў Беларусі апублікавала праект зьменаў у Падатковы кодэкс.
Паводле праекту, падатак на нерухомасьць абавяжуць плаціць нават за адзіную кватэру ва ўласнасьці з 1 студзеня 2022 году.
Гэта прадугледжана пунктам 114 праекту закону. Выключэньні прапануюць толькі для пэнсіянэраў, інвалідаў I і II групы, непаўналетніх, недзеяздольных, вайскоўцаў, удзельнікаў Другой сусьветнай вайны.
Паведамлялася, што ў Менску гэты падатак будзе ў сярэднім 50 рублёў на год, у рэгіёнах – каля 25 рублёў.
Падатак на дадатковую вартасьць для замежных кампаній
Цяпер замежныя кампаніі, такія як Aliexpress, Ozon, Wildberries, ня сплочваюць ПДВ пры адпраўцы тавараў у Беларусь. Згодна з інфармацыяй ад Мінфіну, гэтая норма можа зьмяніцца зь ліпеня 2022 году.
Стаўка ПДВ – 20%. Незразумела толькі, хто менавіта будзе аплочваць новы падатак: беларусы, якія замовілі тавар, ці кампаніі, якія яго адправілі ў Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар фінансаў Беларусі расказаў, чаму ўводзяць падатак на кожную кватэруПадатак на выезд за мяжу
У красавіку ўлады прыдумалі ўвесьці падатак для тых, хто выяжджае на мяжу на сваім аўтамабілі праз наземныя пункты пропуску. Каб выехаць, трэба заплаціць 1 базавую велічыню, ці 29 рублёў. Калі ўводзіць падатак, вырашалі мясцовыя ўлады, таму ў розных абласьцях яго пачалі браць у розны час. З чэрвеня падатак увялі ў Горадзенскай і Гомельскай вобласьці, зь ліпеня – у Берасьцейскай вобласьці.
Вырастуць падаткі для ІП
Міністэрства фінансаў 28 верасьня апублікавала праект закону аб зьменах, у тым ліку, у Падатковы кодэкс. Згодна з гэтым дакумэнтам, падатак для ІП можа вырасьці да 16%, утрая, бо цяпер многія ІП плацяць падатак па спрошчанай схеме – 5%.
Праект закону пакуль не прыняты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства фінансаў плянуе скасаваць ільготы ў падаткаабкладаньні для ІПШтрафы і пазбаўленьне правоў за кляксон
За гукавыя сыгналы «без патрэбы» ДАІ можа штрафаваць кіроўцаў з 1 сакавіка. Такія нормы зьмяшчае новы Адміністрацыйны кодэкс. Штраф можа складаць да 10 базавых, ці да 290 рублёў, з пазбаўленьнем правоў на тэрмін да году.
Якраз кляксонамі кіроўцы аўтамабіляў падтрымлівалі пратэстоўцаў у 2020 годзе.
Штраф за абразу службовай асобы
У новым Адміністрацыйным кодэксе таксама ўводзіцца некалькі новых штрафаў для грамадзянаў. Штраф за абразу службовай асобы ў інтэрнэце – да 200 базавых велічыняў, ці да 5800 рублёў.
Зьявілася адказнасьць за фінансаваньне СМІ замежнымі юрыдычнымі асобамі, замежнымі грамадзянамі ці асобамі без грамадзянства ў выпадку, калі гэта забаронена заканадаўчымі актамі, а таксама за фінансаваньне з ананімных крыніц. Караць будуць штрафам да 50 базавых велічыняў, ці да 1450 рублёў. Могуць забраць атрыманыя сродкі і нават маёмасьць.
Зьявіўся асобны артыкул, каб можна было караць за сьцягі – «незаконнае выкарыстаньне і выраб сьцягоў і сымбаляў». За гэта можна атрымаць штраф ад 5 да 20 базавых велічыняў, ці ад 145 да 580 рублёў.
Павялічылі памер штрафу за непадпарадкаваньне службовай асобе: з 50 да 100 (2900 рублёў) базавых велічыняў у максымальным значэньні.
Павялічыўся і штраф паводле артыкулу «Парушэньне парадку арганізацыі альбо правядзеньня масавых мерапрыемстваў». У выпадку, калі гэтае «парушэньне» зроблена паўторна цягам году, штраф можа быць 200 базавых (5800 рублёў). Раней максымальнае значэньне было 100 базавых.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Imaguru: больш за 20 тысяч ІТ-спэцыялістаў ужо зьехалі зь БеларусіШтраф за адсутнасьць на твары масак у грамадзкіх месцах
У Міністэрстве юстыцыі адшукалі норму закону, паводле якой змогуць караць беларусаў штрафамі за адсутнасьць маскі ў грамадзкіх месцах:
- для фізычных асобаў – штраф да 30 БВ (цяпер 870 рублёў);
- для ІП – штраф да 200 БВ (цяпер 5800 рублёў);
- для юрыдычных асобаў – штраф да 500 БВ (цяпер 11 600 рублёў).