Зьвесткі пра катаваньні ў СІЗА-1 у Іркуцку нядаўна распаўсюдзіў заснавальнік праваабарончага праекту Gulagu.net Уладзімір Асечкін, якому ўдалося вывезьці за мяжу 40 Гб відэаархіву катаваньняў з турмаў у Саратаўскай, Уладзімірскай і Іркуцкай абласьцях. У тым ліку былі відэазапісы з камэр назіраньня і відэарэгістратараў, якія павінны насіць усе супрацоўнікі Фэдэральнай службы выкананьня прысудаў (ФСВП) у турмах і калёніях.
Асечкін падкрэсьлівае, што катуюць і гвалцяць зьняволеных ва ўстановах ФСВП каманды тайных агентаў ФСБ і ФСВП. Яны здымаюць тое, што адбываецца, на відэа, якімі затым супрацоўнікі ФСВП шантажуюць зьняволеных, каб дамагчыся ад іх пакоры, каб схіліць да супрацоўніцтва, або проста для таго, каб атрымліваць зь іх грошы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі праграміст, які паведаміў пра катаваньні ў расейскай турме: «Адчуваў сябе хутчэй прыстасаванцам»Прадпрымальнік з Іркуцку Ўладзімір Матушкееў, якога ўтрымлівалі ў СІЗА-1 у Іркуцку, расказаў тэлеканалу «Настоящее время», што больш за год праседзеў у падобнай «прэс-хаце» і праз пагрозы гвалту таксама пагадзіўся ўдзельнічаць у катаваньнях звыш сотні чалавек. Куратарам усяго, што адбываецца, паводле яго, зьяўляўся опэрупаўнаважаны СІЗА-1.
«Больш за год я знаходзіўся ў „прэс-хаце“ ізалятара і быў саўдзельнікам катаваньняў. Бачыў, як апэратыўнікі СІЗА-1 перадавалі Дзянісу Голікаву відэарэгістратар праз «кармушку» (адтуліну ў дзьвярах камэры, празь якую перадаецца ежа. — РС). І на яго Голікаў і ягоныя саўдзельнікі здымалі катаваньні і згвалтаваньні, — апавядае былы арыштант. — А пасьля яны аддавалі відэарэгістратар назад апэратыўнікам «як справаздачу аб праведзеным спэцмерапрыемстве з мэтай збору кампраматнай інфармацыі».
«Запіс рабілі для шантажу пацярпелага, каб ён выконваў любыя даручэньні пад пагрозай яго дыскрэдытацыі. Калі іншым зьняволеным стане вядома пра згвалтаваньняе, ён пяройдзе ў „касту зьняважаных“. Такія ўвесь тэрмін у СІЗА і ВК робяць самую брудную і прыніжальную працу — чысцяць прыбіральні, каналізацыю і т.п.», — тлумачыць Матушкееў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра катаваньні ў расейскіх турмах стала вядома дзякуючы беларускаму айцішніку«Каб выжыць самому і ня быць згвалчаным, я кожны тыдзень плаціў больш за 30 тысяч рублёў мясцоваму апэратыўніку, супрацоўніку ФСВП. І яшчэ даваў па 30 тысяч рублёў на харчаваньне і куплю стэроідаў для старэйшага „распрацоўніка“ камэры Дзяніса Голікава і іншых удзельнікаў катаваньняў», — кажа ён.
Згаданы экс-зьняволены Дзяніс Голікаў раней расказаў Gulagu.net, што яго завэрбаваў для зьбіваньня і катаваньняў сукамэрнікаў той жа опэрупаўнаважаны СІЗА-1 Іркуцку. Пасьля гэтага Голікаў застаўся ў ізалятары ў Іркуцку, хоць як асуджанага яго павінны былі этапаваць у выпраўленчую калёнію для выкананьня пакараньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі завялі крымінальную справу па фактах катаваньняў і згвалтаваньняў вязьняўНа відэа, апублікаваным на сайце Gulagu.net, Голікаў апавядае, што «заехаў у СІЗА-1 Іркуцку вагой 56 кг пры росьце 173 см».
«За кошт ахвяраў катаваньняў пры падтрымцы куратараў-апэратыўнікаў і стэроідаў, якія прыносілі яму, яго разьнесла да 117 кг вагі, — расказваюць аўтары відэа. — Яго наўмысна расчалавечвалі з дапамогай наркотыкаў і ператваралі ў машыну для катаваньняў, напампоўваючы стэроідамі».
«Мяне пакінулі ў якасьці камэрнага „распрацоўніка“-прэсавальніка ў сфармаваных „прэс-хатах“ СІЗА-1 Іркуцку па пастанове сьледчых Сьледчага камітэту, — расказаў Голікаў ў відэаапытаньні праваабаронцам і пад пратакол пісьмовага апытаньня адвакатцы Алене Севасьцянавай. — У „прэс-хатах“ ізалятара знаходзіцца звыш 30 „распрацоўнікаў“, да іх адпраўлялі па заданьні сьледчых тых арыштаваных, хто адмаўляўся „супрацоўнічаць“ са сьледзтвам».
«Нас змушалі зь імі „працаваць“ так, каб яны давалі „патрэбныя“ і выгадныя сьледчым паказаньні. Узамен мяне абяцалі „не чапаць“, і сьледчая неяк абяцала „вырашыць пытаньне“ з судзьдзёй аб прызначэньні мне ўмоўна-датэрміновага вызваленьня, — прызнаўся Голікаў. — Узамен я павінен быў дамагчыся ў асуджаных Паўлава, Глухіх і Разанцава прызнальных паказаньняў». Неяк аднойчы яна (сьледчая. — РС) намякнула на тое, каб я арганізаваў напад на адваката Дзьмітрыя Дзьмітрыева, калі ён прыйдзе на сустрэчу з падабаронным».
Адвакат Дзьмітрыеў абараняў пацярпелых ад катаваньняў зьняволеных Тахіржона Бакіева і Кежыка Андара да таго часу, пакуль іх не прымусілі падпісаць адмову ад яго паслуг.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дабяромся да кожнага». Сьледчы камітэт заявіў, што за пратэсты завялі 5 тысяч спраў. За сьмерці і катаваньні ніводнай«Пасьля гвалту зьняволеных прымушалі падпісваць фальшывыя прызнальныя, самаагавор, а таксама супрацоўнічаць са сьледзтвам далей. Гэта значыць, даваць ілжывыя паказаньні ня толькі супраць сябе, але і супраць іншых зьняволеных. Іх шантажавалі тым, што зьдзекі зь іх запісвалі на камэру і гэты „кампрамат“ пагражалі раскрыць», — пацвярджае словы Голікава былы зьняволены Матушкееў. (…)
Апублікаванае Асечкіным відэа згвалтаваньня ў сухотным турэмным шпіталі Саратаўскага ўпраўленьня ФСВП прывяло да таго, што ФСВП прызначыў праверку ў шпіталі, а Сьледчы камітэт пачаў сем крымінальных спраў у сувязі са зьдзекамі зь вязьняў. Кіраўнік абласнога ФСВП пайшоў у адстаўку.
Аднак у дачыненьні да супрацоўнікаў СІЗА-1 у Іркуцку і іншых устаноў ФСВП у Іркуцкай вобласьці пакуль ніякіх дысцыплінарных мераў не прынялі.
Цалкам матэрыял чытаць тут.