Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дабяромся да кожнага». Сьледчы камітэт заявіў, што за пратэсты завялі 5 тысяч спраў. За сьмерці і катаваньні ніводнай


«Марш міру і незалежнасьці». Менск, 30 жніўня 2020 году.
«Марш міру і незалежнасьці». Менск, 30 жніўня 2020 году.

Кіраўнік СК Алег Шандаровіч заклікаў прыйсьці да сілавікоў і «добраахвотна прызнацца» ва ўдзеле ў пратэстах.

З інфармацыяй пра перасьлед удзельнікаў масавых пратэстаў супраць несумленных выбараў і гвалту сілавікоў выступіў кіраўнік Сьледчага камітэту Беларусі Алег Шандаровіч.

Ён між іншага паведаміў, што зарэгістравана больш за 5 тысяч «злачынстваў, зьвязаных з пратэстнымі акцыямі» і што цяпер у вытворчасьці знаходзяцца каля 1,1 тысячы крымінальных спраў у дачыненьні да больш як 1,2 тысяч фігурантаў.

Паводле кіраўніка Сьледчага камітэту, сілавікі працягваюць выяўляць удзельнікаў пратэстаў:

«Дабяромся да кожнага. Ня варта разьлічваць, што гэтыя крымінальныя справы мы закінем і забудзем. З кожным месяцам зьяўляюцца ўсе новыя тэхнічныя магчымасьці. Разам з праславутай сыстэмай відэаназіраньня гэта дазваляе ідэнтыфікаваць асобу. Мы можам „вытрыбушыць“ любы гаджэт, у тым ліку інфармацыю, якая была выдаленая», — сказаў ён.

Алег Шандаровіч заклікаў беларусаў самім прыйсьці да сілавікоў і «добраахвотна прызнацца» ва ўдзеле ў пратэстах.

Ён адзначыў, што з 9 жніўня мінулага году зарэгістравана больш як 5 тысяч спраў, зьвязаных з пратэставымі акцыямі. У 2020 годзе іх было каля 1,7 тысячы, а за студзень–верасень 2021-га — каля 3,3 тысячы. У асноўным гэта паклёп і абраза, зьдзейсьненыя, як правіла, з выкарыстаньнем інтэрнэту, — усяго каля 2 тысяч такіх спраў, ці амаль 40%. Каля чвэрці — за «апаганьваньне збудаваньняў і псаваньне маёмасьці». Спраў аб рэальным ужываньні гвалту — менш за 3%.

Дагэтуль не завялі ніводнай справы па фактах гібелі і калецтваў удзельнікаў пратэстаў, катаваньняў у міліцэйскіх пастарунках і ізалятарах, хоць заяваў ад пацярпелых і іх сваякоў былі тысячы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG