Пра гэта піша theTelegraph.
Кіраўнік расейскага праекту gulagu. net, які апублікаваў відэазапісы з катаваньнямі, Уладзімір Асечкін назваў яго «нашым Эдвардам Сноўдэнам»:
«Нашай крыніцай стаў беларускі IТ-інжынэр Сяргей, які знаходзіўся ў Саратаўскай турме і таксама зазнаў жорсткае абыходжаньне. Яго вымусілі супрацоўнічаць з турэмнай адміністрацыяй, на працягу гэтага часу ён кіраваў кампутарнай сеткай турмы і забясьпечваў доступ да відэафайлаў з усёй расейскай пэнітэнцыярнай сыстэмы».
4 кастрычніка праваабарончы праект Gulagu. net паведаміў, што атрымаў 40 гігабайт відэазапісаў катаваньняў і згвалтаваньняў вязьняў у расейскіх турмах. Некаторыя відэазапісы ўжо апублікаваныя.
5 кастрычніка, пасьля публікацыі трох запісаў зьдзекаў зь вязьняў у саратаўскім сухотным шпіталі ФСВП Расеі, Генэральная пракуратура гэтай краіны пачала праверку. Таксама была заведзеная крымінальная справа.