Сьцісла
- Жаданьні Лукашэнкі ня тоесныя магчымасьцям.
- Якія б пажаданьні ні мела Расея, Лукашэнка адназначна будзе гуляць у сваю гульню
- Расея спрабуе прасоўваць сваю пазыцыю, і гэта цалкам нармальна, гэта звычайная рэч у міжнароднай палітыцы. Але Расея ня цалкам кантралюе Лукашэнку. Ня думаю, што Лукашэнка ўжо заўтра здасьць сувэрэнітэт, як мы адусюль чуем ужо 20 гадоў
- Уплыў заходніх санкцый на дынаміку ўнутрыпалітычных падзей у Беларусі заўсёды быў значна меншы, чым гэта спрабавалі прадставіць як прыхільнікі санкцый, так і іх праціўнікі.
- Не з прычыны санкцый Лукашэнка ішоў на хаўрус з Расеяй як у 1999 годзе, так і ў верасьні 2020 году. Лукашэнка ішоў на яго дзеля сваіх унутрыпалітычных мэтаў.
- Роля санкцый — не вялікая і не малая, ня трэба зводзіць дыскусіі да пытаньня санкцый, як цяпер часта адбываецца. Наяўнасьць ці адсутнасьць санкцый не вядзе аўтаматычна да пагаршэньня сытуацыі і вызваленьня палітвязьняў.
- Мадэль транзыту з Усебеларускім народным сходам — гэта капіяваньне сыстэмы пераходу, якую рэалізаваў Назарбаеў
- Лукашэнка робіць транзыт у вельмі неспрыяльных умовах, таму верагоднасьць, што нешта пойдзе ня так — вельмі вялікая.
- Транзыт у любой форме — гэта пачатак канца лукашэнкаўскай сыстэмы. Лукашэнка гэта разумее, таму яго і адкладае.
- Насамрэч пачаткам канца сталі пратэсты 2020 году. Галоўным актарам гэтых пераменаў быў і будзе беларускі народ, які паказаў, да чаго ён імкнецца — да правоў чалавека і сумленных выбараў.
Ці сапраўды Крэмль дамагаецца ад Лукашэнкі канстытуцыйных зьменаў
— Выглядае, тыя, хто казаў пра ціск Крамля на Лукашэнку з мэтай правесьці канстытуцыйную рэформу, мелі рацыю? Пасьля дзьвюх паездак у Сочы ў верасьні Лукашэнка ўсё ж правёў паседжаньне канстытуцыйнай камісіі. Улічваючы, што пратэст у Беларусі здушаны, грамадзтва затаілася, ніякая рэформа Лукашэнку не патрэбная. Але ён усё ж пра яе гаворыць.
— Тое, што паседжаньне адбылося пасьля паездкі да Пуціна, не азначае, што яно адбылося дзякуючы Пуціну. Мы сапраўды ня ведаем, у чым палягае сутнасьць перамоваў паміж двума лідэрамі, пра што яны гаварылі раней, ці былі нейкія дамоўленасьці, і калі былі, то якія. Таму тут вялікая прастора для розных вэрсіяў і нават кансьпіралёгіі.
Але я думаю, што безадносна да тых дамоўленасьцяў Лукашэнка зацікаўлены ў тым, каб працэс транзыту быў цалкам кіраваны самім Лукашэнкам і праходзіў на яго карысьць, а не на карысьць Крамля, беларускага народу ці некага яшчэ. Так што якія б пажаданьні ні мела Расея, Лукашэнка адназначна будзе спрабаваць гуляць у сваю гульню.
Працэс транзыту стаў фактычна непазьбежным у 2020 годзе. І гэта ня толькі інтарэс Расеі, якая зацікаўленая, каб не было гучных узрушэньняў у Беларусі, якія мы бачылі ў 2020 годзе. Гэта і настроі беларускага народу, і становішча Лукашэнкі. Бо пры ўсіх яго заявах, што ён не аддасьць уладу, ён шмат разоў паўтараў, што так, гэта яго апошні тэрмін, што трэба сыходзіць, што калі і заставацца, то не на пасадзе прэзыдэнта. Відавочна, што ён ня здольны выйграць аніякія выбары, і таму, жадаючы абярнуць сытуацыю на сваю карысьць, ён спрабуе знайсьці магчымасьць сысьці не сыходзячы. Іншымі словамі, хоча сысьці з пасады прэзыдэнта, але захаваць усе магчымасьці сваёй улады.
Калі перакласьці сытуацыю на вобраз дачыненьняў паміж пакаленьнямі, то можна сказаць, што дзед разумее, што галавой сям’і ён ужо быць ня здольны і функцыю трэба перадаваць, але думае, што толькі ён самы разумны і толькі ён ведае і разумее жыцьцё, таму хоча ўсім кіраваць.
Але жаданьні Лукашэнкі ня роўныя магчымасьцям. Таму мы бачым, як цяжка шукаюцца формы транзыту. Але выглядае, што ўнутры сябе ён пагадзіўся, што транзыт будзе. Таму і фіналізуе цяпер — тады, калі пратэсты зьмяншаюцца, калі здаецца, што сытуацыя пад кантролем. Гэта якраз той час, калі транзыт і трэба праводзіць, а не падчас жа выхаду сотняў тысяч людзей на вуліцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнку патрэбны невядомы, слабы і шэры пераемнік». Дыскусія пра новую Канстытуцыю— Дык вы лічыце, што ціску Расеі з мэтай транзыту ўлады можа і ня быць?
— Ён можа быць. Але гэта рэч, якая залежыць ад таго, як мы яе ўспрымаем. Або Пуцін выстаўляе ўльтыматумы і трымае Лукашэнку пад руляй пісталета, або Пуцін проста зацікаўлены ў прасоўваньні сваіх інтарэсаў. Вядома, зацікаўлены. Было б дзіўна, каб Расеі было ўсё роўна, што адбываецца ў Беларусі. Таму яна спрабуе прасоўваць сваю пазыцыю, і гэта цалкам нармальна, гэта звычайная рэч у міжнароднай палітыцы.
Але я далёкі ад думкі, што Расея цалкам кантралюе Лукашэнку, а ён ужо заўтра здасьць сувэрэнітэт, як мы адусюль чуем ужо 20 гадоў, але гэтага не адбываецца.
Чаго хоча Крэмль: рэальных зьменаў ці іх імітацыі
— Я часта думаю, што галоўная мэта Расеі — захаваньне Лукашэнкі пры ўладзе. Можна разважаць, падабаецца Крамлю варыянт з наданьнем канстытуцыйных функцый штогадоваму Ўсебеларускаму народнаму сходу ці не. Але ці не здаецца вам, што Крэмль задаволіцца любой імітацыяй канстытуцыйных зьменаў у Беларусі, каб мець аргумэнты для абароны Лукашэнкі ў размовах зь міжнароднымі партнэрамі Расеі? Можа, імітацыя — гэта і ёсьць мэта Крамля? А Лукашэнка і так нікуды не падзенецца ад Масквы?
— Думаю, што Крэмль ня надта зацікаўлены ў пошуку разумных аргумэнтаў для заходніх партнэраў. Часта ён і для больш складаных тэмаў знаходзіць сваю, мякка кажучы, больш спэцыфічную аргумэнтацыю. Мне здаецца, што захоўваць аблічча перад Захадам — не прыярытэт для Крамля.
Але так, Крэмль зацікаўлены ў пачатку любога варыянту транзыту. Таму тут я пагадзіўся б, што любы варыянт транзыту задаволіць Крэмль у цяперашняй сытуацыі. Бо любое расхістваньне лукашэнкаўскай сыстэмы — гэта акно магчымасьцяў, прычым для розных бакоў — і для пратэстоўцаў, і для Крамля. У часе любых зьменаў усе гульцы думаюць, як скарыстаць зьмены на сваю карысьць.
Таму так, Крэмль разумее, што ў цяперашняй сытуацыі Лукашэнка застаецца найбольш прымальнай альтэрнатывай не таму, што ён такі добры і зручны для Крамля, але таму, што Лукашэнка на працягу ўсёй сваёй кар’еры працуе над тым, каб быць найлепшай альтэрнатывай для Крамля ў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін хоча, каб Эўропа папрасіла яго вырашыць праблему з Лукашэнкам, — Павал Вусаў пра міграцыйны крызісКрэмль цяпер ня бачыць, на каго, апрача, Лукашэнкі ён можа паставіць, і таму якраз ён зацікаўлены ў транзыце і пачатку пошуку новай мадэлі, пры якой будзе болей новых твараў. Нават калі гэта будзе Ўсебеларускі народны сход — цалкам фіктыўная пляцоўка — але ўсё роўна ў ёй будзе твараў болей, чым адзін, усё роўна будуць зьяўляцца нейкія новыя людзі з новымі магчымасьцямі. Таму Крэмль будзе шукаць магчымасьць уплыву на гэтых людзей, будзе ствараць групы ўплыву.
І тут я далёкі ад таго, каб ганьбіць Крэмль за гэта, бо гэта нармальна. І мы ўсе таксама будзем глядзець, як можна скарыстацца зьменамі і новымі мадэлямі для прасоўваньня лепшай будучыні для Беларусі, якімі б дрэннымі гэтыя мадэлі ні былі. Мы, на жаль, жывём не ў ідэальным сьвеце.
Так што я думаю, што Крэмль зацікаўлены ў зьменах, але бачачы ў іх, у першую чаргу, магчымасьці для прасоўваньня сваёй пазыцыі ўнутры Беларусі.
Ня трэба перабольшваць уплыў санкцый
— Як вы ацэньваеце фактар заходніх санкцый і іх уплыў на ўнутрыпалітычную сытуацыю ў Беларусі? Дасягаюць яны сваёй мэты ці штурхаюць Беларусь у Расею?
— Уплыў заходніх санкцый на дынаміку ўнутрыпалітычных падзей у Беларусі заўсёды быў значна меншы, чым гэта спрабавалі прадставіць як прыхільнікі санкцый, так і іх праціўнікі. Калі некаторых асоб паслухаць, дык санкцыі або ўжо заўтра ўратуюць Беларусь, або ўжо заўтра пахаваюць.
Я далёкі ад такіх думак. Факт санкцый, безумоўна, адыгрывае нейкую ролю, але далёка не вырашальную. Не з прычыны санкцый Лукашэнка ішоў на хаўрус з Расеяй як у 1999 годзе, так і ў верасьні 2020 году. Лукашэнка ішоў на хаўрус з Расеяй дзеля сваіх унутрыпалітычных мэтаў.
І наадварот. Наяўнасьць ці адсутнасьць санкцый не вядзе аўтаматычна да пагаршэньня сытуацыі і вызваленьня палітвязьняў. Калі б цяпер санкцый зусім не было, гэта не азначала б, што Лукашэнка «белы і пухнаты» і што ўсе палітвязьні выйдуць на волю, а новыя ня будуць зьяўляцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы дыплямат: «Калі палітыка прыбраць Лукашэнку любой цаной працягнецца, то ад нашай незалежнасьць праз 10 гадоў мала што застанецца»Санкцыі — гэта частка процідзеяньня, на якую цяпер Захад здольны. Стратэгія тых палітычных лідэраў, якія цяпер на Захадзе спрабуюць уплываць на грамадзкую думку і схіліць Захад да больш рашучых дзеяньняў, зразумелая. Але фактычна санкцыі адлюстроўваюць грамадзкую думку і той узровень палітычнай заангажаванасьці, на які краіны Захаду гатовыя.
Гэта ня многа і ня мала, гэта часта нават сымбалічна, але і сымбалічныя меры, бывае, уплываюць на краіну і матывуюць яе нешта мяняць. Калі б не было ранейшых санкцыяў, не было б і ранейшых вызваленьняў палітвязьняў.
Таму я ня схільны да думкі, што санкцыі штурхаюць Беларусь у Расею, але і ня думаю, што санкцыі — гэта чароўная палачка, якая можа Беларусь выратаваць. Гэта проста ўвасабленьне той рэакцыі Захаду, на якую ён сёньня здольны. Да іх так і трэба ставіцца — гэта норма заходняй рэакцыі на паводзіны Лукашэнкі, якія мы сёньня бачым. Гэта чакана для сыстэмы, для вонкавых гульцоў. Роля санкцый — не вялікая і не малая, ня трэба зводзіць дыскусіі да пытаньня санкцый, як цяпер часта адбываецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яраслаў Раманчук: Лукашэнка на дыялёг зь Ціханоўскай ня пойдзе, а з Пазьняком можа пайсьціЧаму ў Лукашэнкі не атрымаецца застацца пажыцьцёва
— Ці «пракоціць» рэформа ў Лукашэнкі? Што можа перашкодзіць яму застацца кіраўніком Беларусі пажыцьцёва?
— Перашкодзяць яму час і гісторыя. Я ведаю шмат актараў, якія б хацелі кіраваць пажыцьцёва і нават пасьля сьмерці (каб сыстэмы заставаліся такія самыя), і ня ведаю нікога, каму б гэта ўдалося.
Лукашэнка можа будаваць сабе любыя схемы транзыту і таго, як ён будзе сыстэму кантраляваць, але ўсё роўна ў сёньняшняй Беларусі няма пасады большай за прэзыдэнцкую, якая б давала больш кантролю. Любая іншая канфігурацыя дае новыя рызыкі.
Фактычна мы цяпер бачым, што мадэль з Усебеларускім народным сходам — гэта так ці іначай, але капіяваньне сыстэмы транзыту, якую рэалізаваў Назарбаеў. Нічога лепшага не знайшлі, дый не маглі знайсьці, бо нічога лепшага не існуе.
Але нават назарбаеўская сыстэма не была ідэальнаю і стварае праблемы. Мы бачылі, што там былі канфлікты і зь пераемнікам, і з новымі палітыкамі. Былі праблемы з пошукам месца, якое ў новай сыстэме будзе займаць дачка Назарбаева. І ўсё гэта мае месца нават пры тым, што Назарбаеў сышоў тады, калі сам хацеў, калі ў Казахстане была значна лепшая эканамічная сытуацыя, і не пасьля вялікіх пратэстаў. І там не было такой вялікай міжнароднай рэакцыі, як цяпер ёсьць адносна Беларусі.
Лукашэнка робіць транзыт, мякка кажучы, у вельмі неспрыяльных умовах, таму верагоднасьць, што нешта пойдзе ня так — вельмі вялікая. Таму мы і бачым бясконцае адцягваньне, рэформы ўвесь час адкладаюцца. Тое самае і з ідэяй наданьня Ўсебеларускаму народнаму сходу дадатковых функцыяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што мяняе канстытуцыйная рэформа?Калі зараз Лукашэнка не знаходзіць для сябе аптымальнай мадэлі, то няма і адказу на пытаньне, якой жа павінна быць сыстэма, каб рэжым Лукашэнкі захаваўся.
І справа ў тым, што адказу на гэтае пытаньне няма. Транзыт у любой форме — гэта пачатак канца лукашэнкаўскай сыстэмы. Лукашэнка гэта разумее, таму яго і адкладае. Як ты ні спрабуй гэты пачатак канца аформіць і як ты ні спрабуй захаваць уладу, але калі ты сыходзіш — яна губляецца.
Зрэшты, пачаткам канца будзе ня гэты транзыт, а, вядома, пратэсты 2020 году. Важна за аналізам дзеяньняў Лукашэнкі, Пуціна ці заходніх санкцый не забываць, што так ці іначай галоўным актарам гэтых пераменаў быў і будзе беларускі народ. Нават калі цяпер яго голас ня надта чутны з прычыны рэпрэсій, але і за самымі змрочнымі падзеямі можна пабачыць самыя сьветлыя прыклады салідарнасьці і самыя нечаканыя праявы народнай актыўнасьці. Так ці іначай, народ паказаў і паказвае, да чаго ён імкнецца — беларусы імкнуцца да шанаваньня правоў чалавека, да сумленных выбараў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнка мэнтальна пакуль не гатовы зьмірыцца, што давядзецца некаму перадаваць уладу», — КласкоўскіТак што, як бы ні пачынаўся любы транзыт, будзе болей магчымасьцяў для таго, каб голас народу зноў прагучаў. Гэтага Лукашэнка і баіцца.
Я думаю, што ў нас будзе яшчэ шмат магчымасьцяў голас народу пачуць.
Як доўга яшчэ будзе Лукашэнка
— На заканчэньне тры кароткія і вельмі падобныя пытаньні. Будзе Лукашэнка празь дзесяць гадоў кіраваць у Беларусі?
— Не.
— Празь пяць гадоў?
— Калі і будзе, то вельмі слаба.
— Праз два гады?
— Праз два гады, я мяркую, ён будзе ў працэсе пераходу ад такой сыстэмы, якой бы ён хацеў, да сыстэмы слабога кіраваньня.
Але ўсё тое, што я цяпер сказаў, гэта кансэрватыўны (або нэгатыўны) прагноз. Бо магчымасьці «чорных лебедзяў» і імклівых зьменаў заўсёды ёсьць і будуць.