Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнку патрэбны невядомы, слабы і шэры пераемнік». Дыскусія пра новую Канстытуцыю


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Праект новай Канстытуцыі Беларусі будзе апублікаваны не пазьней за 7 лістапада, а рэфэрэндум у пытаньні яе прыняцьця адбудзецца не пазьней за люты наступнага году. Палітычныя аглядальнікі Свабоды Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў аналізуюць уплыў новай Канстытуцыі на транзыт улады ў Беларусі.

Прыводзім некаторыя выказваньні экспэртаў. Цалкам дыскусію глядзіце па спасылцы на відэа.

Карбалевіч

Пра Канстытуцыю:

Лукашэнка не хавае, што новая Канстытуцыя робіцца для новага прэзыдэнта. Таму паўнамоцтвы гэтага прэзыдэнта будуць трошкі

меншыя, чым у цяперашняй Канстытуцыі. І самае галоўнае: прэзыдэнт перастае быць заканадаўчым органам. Бо сёньня ў Беларусі прэзыдэнт — адзіны заканадаўчы орган. Парлямэнт хоць і мае на гэта права, але можа ініцыяваць законы толькі са згоды Адміністрацыі прэзыдэнта.

Пра Ўсебеларускі сход:

Лукашэнка заявіў, што статус Усебеларускага народнага сходу надаецца для таго, каб кантраляваць прэзыдэнта. І з гэтага вынікае, што пасаду кіраўніка гэтага сходу Лукашэнка прыхаваў для сябе. Але ці ўдасца Лукашэнку кантраляваць гэты сход? Бо кандыдаты будуць арыентавацца на таго, хто мае больш улады. А ўлады будзе больш у прэзыдэнта.

Пра пераемніка:

Навошта цяпер Лукашэнку кагосьці засьвечваць пры той сыстэме выбараў, якая ёсьць у Беларусі? Вынік загадзя вядомы: прызначай любое прозьвішча і абвяшчай яго прэзыдэнтам. Ня трэба яго раскручваць, бо намэнклятура можа аглядацца па баках і думаць, што трэба арыентавацца на новага гаспадара. Чым больш слабы, чым больш невядомы і шэры будзе гэты чалавек, тым лепш для Лукашэнкі. Яму патрэбны чалавек кшталту Мядзьведзева, які пры Пуціну не прэтэндаваў на рэальную ўладу і на тое, каб замяніць Пуціна. Такі варыянт цалкам задаволіць Лукашэнку.

Цыганкоў

Пра Канстытуцыю:

Думаю, што Лукашэнка хоча даседзець да 2025 году, калі заканчваецца тэрмін паўнамоцтваў. Ён хоча, але пакуль не знаходзіць самага камфортнага для яго варыянту так званай канстытуцыйнай рэформы, каб транзыт улады прайшоў спакойна і ня выклікаў пратэстаў. Думаю, што ён будзе зацягваць з прыняцьцем новай Канстытуцыі.

Пра Ўсебеларускі сход:

Калі будуць вялікія паўнамоцтвы ва Ўсебеларускага сходу, значыць, Лукашэнка сапраўды мае на мэце сыходзіць, каб іншы прэзыдэнт быў слабы.

Пра пераемніка:

Калі мы гаворым пра шэрую мыш, то давайце ўзгадаем, якой шэрай мышшу быў Пуцін за год да прэзыдэнцтва. Ёсьць шмат здымкаў,

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

як ён ходзіць каля Сабчака ў нягеглым паліто і ўяўляе сабою славутую шэрую мыш, якая не высоўваецца і не займаецца палітыкай.

Мядзьведзеў таксама быў тэхнічнай фігурай. Але нават пры Мядзьведзеву, калі падышоў тэрмін, то так званая лібэральная група спадзявалася і штурхала яго, каб ён адправіў у адстаўку Пуціна. Ён на гэта не пайшоў. Але палітыка пры Мядзьведзеву адрозьнівалася ад палітыкі Пуціна, хоць гэта было фармальнае прызначэньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG