У Кіеве заявілі, што Расея вывела ня ўсе войскі зь Беларусі пасьля вучэньняў «Захад-2021»

Падчас вучэньняў «Захад-2021», 21 верасьня 2021 году

Паводле міністра абароны Ўкраіны, Расея выкарыстала вучэньні «Захад-2021» для нарошчваньня прысутнасьці сваіх войскаў уздоўж мяжы з Украінай.

Міністар абароны Ўкраіны Андрэй Таран заявіў, што Расея пасьля супольных зь Беларусьсю вучэньняў «Захад-2021» ня ўсе свае вайсковыя фармаваньні вярнула назад у месцы сталай дысьлякацыі.

«Расейскі бок выкарыстаў актыўную фазу стратэгічных вучэньняў „Захад-2021“ для дадатковага нарошчваньня войскаў уздоўж нашай мяжы з Расеяй і Беларусьсю.

Вучэньні завяршыліся, але ня ўсе вайсковыя фармаваньні вярнуліся на месцы сталай дысьлякацыі», — цытуе прэсавая служба Міністэрства абароны Ўкраіны тэмы, якія міністар абароны Андрэй Таран абмеркаваў на сустрэчы з канцлерам Міністэрства абароны Эстоніі Кусьці Салмам.

У той жа час Андрэй Таран не ўдакладніў ні імаверную колькасьць расейскіх вайскоўцаў, што засталіся ў Беларусі, ні месцы іхнай меркаванай дысьлякацыі на беларускай тэрыторыі.

Міністар абароны Ўкраіны таксама выказаўся за неабходнасьць разблякаваньня пасяджэньняў камісіі Украіна — NATO на ўзроўні кіраўнікоў абаронных ведамстваў і атрыманьня Пляну дзеяньняў аб сяброўстве ў Паўночна-атлянтычным альянсе.

29 верасьня Міністэрства абароны Беларусі распаўсюдзіла інфармацыю, у якой сьцьвярджала, што ўсе падразьдзяленьні Ўзброеных сілаў Расеі пасьля вучэньняў выправіліся з тэрыторыі краіны на свае месцы сталай дысьлякацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінабароны Беларусі: расейскі вайсковы кантынгент пакінуў краіну пасьля вучэньняў «Захад-2021»

Згодна са справаздачай Міністэрства абароны Расеі, на час вучэньняў на тэрыторыю Беларусі былі перакінутыя прыкладна 2,5 тысячы расейскіх вайскоўцаў. Ва Ўкраіне заяўлялі, што рэальная колькасьць залучаных расейскіх вайскоўцаў была істотна большай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пагроза поўнамаштабнай агрэсіі з боку Расеі захоўваецца,— галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны

Беларуска-расейскія вучэньні праходзяць раз на два гады і лічацца «завяршальным этапам» сумеснай падрыхтоўкі ўзброеных сіл дзьвюх краін.

Сёлета манэўры праходзілі 10–15 верасьня на тэрыторыі Расеі і Беларусі, агулам у іх было задзейнічана каля 200 тысяч вайскоўцаў, блізу 100 самалётаў і верталётаў, звыш 750 адзінак баявой тэхнікі, у тым ліку 290 танкаў, 240 гармат, рэактыўных сыстэм залпавага агню і мінамётаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар абароны Хрэнін назваў вучэньні «Захад-2021» выразным сігналам «калектыўнаму Захаду»

Украіна ўзмоцніць кантроль на беларускай мяжы

Кіраўнік Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Сяргей Дайнека ў часе інспэкцыі некаторых участкаў мяжы заявіў аб неабходнасьці ўзмацненьня кантролю ня толькі ў напрамку Расеі, але і Беларусі.

«Мы мусім забясьпечыць назіраньне за кожным мэтрам дзяржаўнай мяжы з Расеяй і Беларусьсю, таму што ў любы момант мы можам чакаць тут перамяшчэньня дывэрсійна-выведніцкіх груп ці нелегальных мігрантаў. Вядома, ніякія перашкоды ня выратуюць Украіну ад поўнамаштабнага ўварваньня, але комплекс стацыянарных інжынэрных збудаваньняў і сыстэм відэаназіраньня, якія цяпер уладкаваныя на ўчастку мяжы з Расеяй, забясьпечаць нам своечасовае выяўленьне такіх пагроз і дазволяць падрыхтавацца, даць адпор і дачакацца падыходу фармаваньняў Узброеных сіл», — сказаў Сяргей Дайнека.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ніякага форс-мажору. Стала вядома, чаму МАЗ сарваў пастаўкі аўтобусаў у Кіеў