Канчатковае вяртаньне органаў кіраваньня і войскаў у пункты сваёй дыслякацыі заплянаванае да сярэдзіны кастрычніка, гаворыцца ў паведамленьні ведамства.
Сярод іншага ўдкладняецца, што часткі Кантэміраўскай дывізіі, якія ўдзельнічалі ў манэўрах на тэрыторыі Беларусі, прыступілі да пагрузкі на чыгуначныя плятформы для адпраўкі ў Расею. Таксама перабазуюцца ў Расею сілы Заходняй вайсковай акругі і паветрана-дэсантных войскаў. Так, напярэдадні са станцыі пагрузкі «Брэст-Паўднёвы» ад’ехаў першы эшалён з узбраеньнем і тэхнікай, праінфармавалі ў Мінабароны Расеі.
Калі расейскі бок афіцыйна заявіў пра завяршэньне вучэньняў яшчэ 15 верасьня, то беларускія войскі правялі ўрачыстую цырымонію закрыцьця толькі 17 верасьня.
У сваёй прамове з гэтай нагоды міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін адзначыў геапалітычны аспэкт вучэньняў:
«Самае галоўнае — нашы камандзіры, штабы атрымалі практыку плянаваньня сумесных дзеяньняў. Нам удалося прадэманстраваць, што мы можам забясьпечыць незалежнасьць, тэрытарыяльную цэласнасьць і сувэрэнітэт саюзнай дзяржавы. Гэта выразны і ясны сыгнал для калектыўнага Захаду: размовы з пазыцыі сілы з народамі Беларусі, Расеі, Казахстану беспэрспэктыўныя», — падсумаваў кіраўнік абароннага ведамства.
У вучэньнях «Захад-2021» на тэрыторыі Расеі і Беларусі агулам было задзейнічана каля 200 тысяч вайскоўцаў, блізу 100 самалётаў і верталётаў і амаль 800 адзінак баявой тэхнікі.