Паводле лізінгавага дагавору, Кіеў мусіў да канца 2020 году атрымаць 200 беларускіх аўтобусаў, зь іх 53 паставілі толькі на пачатку 2021 году. За нясвоечасовую пастаўку гэтага транспарту прадпрыемства «Київпастранс» налічыла штрафныя санкцыі ў памеры 14 мільёнаў 305 тысяч 976 грыўняў (больш як паўмільёна даляраў у эквіваленце. — РС) і зьвярнулася з пазовам у суд.
Але суд, скарыстаўшыся сваім правам, у 10 разоў зьменшыў памер кампэнсацыі, хоць і не прызнаў форс-мажорнымі агучаныя прычыны зрыву тэрмінаў пастаўкі пасажырскага транспарту ў Кіеў — пандэмія COVID-19, складанасьці з пастаўкамі арыгінальных камплектных частак для зборкі аўтобусаў і дэфіцытам грашовых сродкаў. Гэтыя прычыны, як адзначаецца ў судовым рашэньні, назваў Менскі аўтамабільны завод у сваім лісьце на адрас украінскай кампаніі.
Сёлета ў сакавіку аб зрыве тэрмінаў паставак беларускіх тралейбусаў заявілі і мясцовыя ўлады Жытоміра, якія таксама заяўлялі пра намер выставіць штрафныя санкцыі пастаўшчыку. Афіцыйная дамова аб пастаўках беларускіх тралейбусаў была падпісаная ў рамках другога Форуму рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны, які праходзіў 3-4 кастрычніка 2019 году ў Жытоміры. Там адбылася першая і пакуль адзіная сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Зяленскага.
У сярэдзіне жніўня стала вядома, што Міністэрства фінансаў Беларусі не пералічыла 1 988 703 грыўні (звыш 70 тысяч даляраў) кампэнсацыі Крамянчуцкаму аўтатранспартнаму прадпрыемству за набыцьцё 10 аўтобусаў МАЗ на ўмовах фінансавага лізінгу праз «Укргазбанк». У выніку банк вымушаны быў рэструктурызаваць даўгі ў абслугоўваньні крэдыту, а гарадзкія ўлады ажыцьцяўляць гэтыя выплаты зь мясцовага бюджэту.