Нобэлеўская прэмія міру, якую прысуджае ўтвораны нарвэскім парлямэнтам адмысловы камітэт, — у апошнія дзесяцігодзьдзі ня толькі прызнаньне заслугаў, але яшчэ і акцэнтацыя ўвагі міжнароднай супольнасьці на той ці іншай праблеме, важнай для ўсяго чалавецтва ці пэўнага рэгіёну.
Сярод сёлетніх намінантаў — і Сьвятлана Ціханоўская.
Якія яе шанцы на атрыманьне прэміі? Несумненна, вельмі высокія.
І спрыяе гэтаму некалькі фактараў — як аб’ектыўных, гэтак і субʼектыўных.
Беларуская праблематыка не зьмяншае, а павялічвае сваю прысутнасьць на міжнароднай арэне, не ў апошнюю чаргу — дзякуючы справакаванаму Лукашэнкам міграцыйнаму крызісу. А Сьвятлана Ціханоўская на сёньня ўспрымаецца міжнароднай супольнасьцю як асноўны апанэнт рэжыму. Рэжыму, які ўразіў сьвет і маштабам парушэньняў чалавечых правоў, і дзеяньнямі, якія праваабарончыя арганізацыі адносяць да ліку злачынстваў супраць чалавечнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экспэрты прадказваюць Нобэлеўскую прэмію міру Ціханоўскай, Тунбэрг або «Рэпартэрам бязь межаў»Сярод сёлетніх фаварытаў зь ліку прэтэндэнтаў на прэмію называюць «Рэпартэраў бязь межаў» — арганізацыю, якая шмат робіць для абароны правоў журналістаў і прынцыпаў свабоды слова. Традыцыя нобэлеўскага камітэту даваць прэмію міру ўстановам і арганізацыям пачалася яшчэ з 1994 году, калі яе атрымаў бэльгійскі Інстытут міжнароднага права.
Праўда, раз-пораз выбар ляўрэатаў-арганізацый выклікае кпіны: так, пасьля ўзнагароджаньня ў 2012-м ЭЗ (Эўрапейскага Зьвязу) жартавалі, што наступным ляўрэатам, відаць, будзе плянэта Зямля, альбо адразу — Сонечная сыстэма. У рэальнасьці наступнай, у 2013-м, аказалася арганізацыя за забарону хімічнай зброі.
Але гэта быў адзіны выпадак за ўсю гісторыю прысуджэньня Нобэлеўскіх прэміяў міру, калі не асобы, а арганізацыі рабіліся ляўрэатамі два гады запар.
Летась прэмію атрымала Ўсясьветная гандлёвая праграма — і, па лёгіцы, гэта істотна зьніжае шанцы тых жа «Рэпартэраў бязь межаў» ды іншых намінаваных арганізацый (напрыклад, Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя).
Але ў Ціханоўскай ёсьць моцныя канкурэнты і не ў «камандным заліку», а ў «асабістым» — Аляксей Навальны і Грэта Тунбэрг.
Канечне, Навальны — асоба значна больш «засьвечаная» і ў сусьветных СМІ, і на міжнароднай палітычнай арэне, найперш дзякуючы маштабу фігуры, якой ён супрацьстаіць (Пуцін), і маштабу краіны, дзе гэтае супрацьстаяньне адбываецца (ядзерная Расея). Параўнайце рэакцыю, напрыклад, ЗША на асуджэньне Навальнага — і на сотні судоў над беларускімі актывістамі.
Але, парадаксальным чынам, у выпадку з Нобэлеўскай прэміяй гэта можа якраз спрацаваць супраць Навальнага. Бо даць прэмію яму — гэта пайсьці на сурʼёзнае абвастрэньне з Пуціным. Якога (дазволю сабе гэтак меркаваць) Захад баіцца. Хоць, трэба прызнаць, гэта быў бы моцны ход.
Яшчэ мацнейшы ён быў бы, калі б прэмія была падзеленая паміж Ціханоўскай і Навальным — гэта ўжо быў бы ўдар па тандэму Пуцін-Лукашэнка, па альянсу двух пэрсонаў, якія рэалізуюць ужо не аўтакратычныя, а дыктатарскія мэтады. З другога боку, гэта магло б быць знакам, што Расея і Беларусь успрымаюцца як адна дзяржава — таму верагоднасьць такога рашэньня вельмі малая.
Увогуле, ня трэба забывацца, што часта Нобэль уручаецца не адной, а дзьвюм (апошні раз у 2018-м) ці нават тром асобам (апошні раз у 2011 годзе).
Гэтым разам прэмія можа быць падзеленая, напрыклад, паміж Ціханоўскай, Тунбэрг і кімсьці з грамадзкіх актывістак афрыканскага кантынэнту альбо Азіі — з фармулёўкай кшталту «за прыклад мабілізацыйнай ролі жанчын у арганізацыі негвалтоўных грамадзкіх пратэстаў». Гендэрны фактар у рашэньнях Нобэлеўскага камітэту адыгрывае пэўную ролю.
На карысьць Ціханоўскай яшчэ і тое, што яна не прафэсійны партыйны палітык, які належыць да нейкай палітычнай партыі і, адпаведна, можа атаясамлівацца зь нейкай канкрэтнай палітычнай эўрапейскай плыньню (скажам, кансэрватарамі, лібэраламі, левымі, зялёнымі і г.д.). А значыць, яе ня выкарыстае нейкая, дапусьцім, фракцыя ў Эўрапарлямэнце ў сваіх вузкапартыйных інтарэсах. Для наданьня прэміі кіраўнікам краінаў кшталту Бранта ці Гарбачова партыйнасьць ня мае асаблівага значэньня (хоць мне цяжка ўявіць прэмію амэрыканскаму палітыку-рэспубліканцу), а вось у выпадку тых, хто нядаўна ў цэнтры сусьветнай увагі, — мае.
Прыкметна, што ў апошнія гады прэмія даецца ў палове выпадкаў не за нейкія глябальныя рэальныя заслугі (як у выпадку з Кісынджэрам, Картэрам, Мандэлам ці тым жа Гарбачовым), а ў значнай ступені авансам, з разьлікам на будучыню (як Бараку Абаму яшчэ ў першы год ягонага прэзыдэнцтва) ці як спосаб прыцягнуць увагу да нейкай важнай праблемы (як 17-гадовай Малалай Юсуфзай — змагарцы за правы моладзі на адукацыю).
І, нарэшце, самае галоўнае. Прысуджэньне Нобэлеўскай прэміі міру Сьвятлане Ціханоўскай — гэта тое, што «калектыўны Захад» (як любіць казаць Аляксандар Рыгоравіч) можа рэальна зрабіць для беларускага народу — у ягоным, Захаду, разуменьні. Усе астатнія спосабы альбо скарыстаныя без асаблівага эфэкту, альбо (як санкцыі) маюць адцягнуты ў часе і зусім ня пэўны эфэкт.
Архівы Нобэлеўскага камітэту рассакрэчваюцца толькі праз 50 гадоў, і якія канкрэтна фактары ды аргумэнты «за» і «супраць» паўплывалі на тое ці іншае рашэньне ў дачыненьні да будучага ляўрэата — аўтар гэтых радкоў (як і пэўная колькасьць чытачоў) не даведаецца.
Адно магу сказаць пэўна: за апошні год і Лукашэнка, і ягоны карны апарат (сілавікі, пракуроры, судзьдзі) зрабілі ўсё ад іх залежнае, каб Нобэлеўскую прэмію міру атрымала Сьвятлана Ціханоўская.
У пятніцу даведаемся, ці ўдалося.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нобэлеўскую прэмію 2021 году ў мэдыцыне далі за за адкрыцьцё рэцэптараў тэмпэратуры і дотыку