Джуліюс адкрыў «ванілоідныя рэцэптары», і адзін зь іх зьяўляецца рэцэптарам гарачай тэмпэратуры і пякучага смаку.
Другі навуковец, Патапут’ян, вызначыў рэцэптары, якія рэагуюць на мэханічныя раздражняльнікі.
«Наша здольнасьць адчуваць цяпло, холад і дотык неабходная для выжываньня і ляжыць у аснове нашага ўзаемадзеяньня з навакольным сьветам. У паўсядзённым жыцьці мы прымаем гэтыя адчуваньні як належнае, але якім чынам узбуджаюцца нэрвовыя імпульсы, каб можна было адчуць тэмпэратуру і ціск? Гэтае пытаньне вырашылі ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі сёлетняга году», — гаворыцца ў прэс-рэлізе Нобэлеўскага камітэту.
Летась ляўрэатамі Нобэлеўскай прэміі ў фізыялёгіі і мэдыцыне сталі Гарві Олтэр, Майкл Готан і Чарлз Райс. Навукоўцы ўнесьлі вырашальны ўклад у барацьбу з гепатытам, які перадаецца праз кроў — сур'ёзнай глябальнай праблемай аховы здароўя, якая выклікае цыроз і рак печані ў людзей ва ўсім сьвеце.
- Нобэлеўская прэмія ў фізыялёгіі і мэдыцыне прысуджаецца адмысловым нобэлеўскім камітэтам Каралінскага інстытуту (мэдычнага ўнівэрсытэту, разьмешчанага непадалёк ад Стакгольму), у склад якога ўваходзяць 50 прафэсараў інстытуту.
- Кожны зь ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі атрымлівае залаты мэдаль і дыплём. Нобэлеўская прэмія таксама ўключае фінансавую частку: ляўрэат атрымлівае 9 мільёнаў швэдзкіх кронаў (0,9 мільёна даляраў). Калі ляўрэатаў некалькі, гэтая сума дзеліцца паміж імі.