Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты прадказваюць Нобэлеўскую прэмію міру Ціханоўскай, Тунбэрг або «Рэпартэрам бязь межаў»


Сёлета Нобэлеўскую прэмію міру могуць прысудзіць беларускаму палітыку Сьвятлане Ціханоўскай, актывістцы барацьбы са зьменай клімату Грэце Тунбэрг або арганізацыям, якія змагаюцца за свабоду прэсы, паведамілі ў сераду нарвэскія экспэрты па прэміі.

Атрымальнік прыза ў 1 мільён даляраў, які, магчыма, зьяўляецца вышэйшай узнагародай у сьвеце, выбіраецца групай зь пяці чалавек, якую прызначае нарвэскі парлямэнт, і будзе абвешчаны ў Осла 8 кастрычніка.

Арганізацыі, якія змагаюцца за свабоду прэсы, такія як базаваныя ў Парыжы «Рэпартэры бязь межаў» (RSF) або Камітэт абароны журналістаў (CPJ), — сярод асноўных прэтэндэнтаў, сказаў Хэнрык Урда, дырэктар Інстытуту дасьледаваньня праблемаў міру ў Осла.

«Гэта пераклікаецца з шырокімі дэбатамі пра важнасьць незалежнага асьвятленьня падзей і барацьбы з фэйкавымі навінамі», — сказаў ён.

Можа таксама быць ацэненая барацьба з глябальным пацяпленьнем, якую вядзе швэдзкая актывістка Грэта Тунбэрг, магчыма, самая вядомая змагарка за клімат у сьвеце.

«Рада Бясьпекі ААН заклапочаная, што неспрыяльныя наступствы зьмены клімату могуць станавіць небясьпеку для міжнароднага міру і бясьпекі», — сказаў Аслэ Сьвін, гісторык Нобэлеўскай прэміі міру.

І Сьвін, і Урда ў мінулым слушна прадказвалі пераможцаў, у тым ліку тых, у якіх быў параўнальна нізкі міжнародны статус да таго, як яны былі абраныя.

Яшчэ адным галоўным прэтэндэнтам абодва яны назвалі Сьвятлану Ціханоўскую, якая ўзначаліла дэмакратычны супраціў у Беларусі пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў.

«У Беларусі адзін з самых дэспатычных рэжымаў у сьвеце і ў асноўным негвалтоўная апазыцыя. Гэта будзе прыз, які знойдзе водгук ва ўсім сьвеце, а таксама будзе разглядацца як агульная рэакцыя на тое, што мы цяпер разглядаем як свайго роду адкат да аўтакратыі ў многіх краінах», — сказаў Хэнрык Урда.

Сьвятлану Ціханоўскую вылучыў на Нобэлеўскую прэмію міру прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа. Выступаў з такой ініцыятывай і былы прэзыдэнт Эўрапейскай рады Дональд Туск.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG