Палітвязьню прысудзілі 3 гады «хіміі»
У судзе Ленінскага раёну Менску вынесьлі прысуд у крымінальнай справе палітвязьня Кірыла Чарткова, якога абвінавацілі ў «арганізацыі або актыўным удзеле ў групавых дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак» (арт. 342 КК РБ). Маладога чалавека затрымалі 14 жніўня і зьмясьцілі пад варту ў СІЗА № 1.
Судзьдзя Юлія Шут пакарала яго 3 гадамі абмежаваньня волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу, а таксама пастанавіла разгледзець у межах грамадзянскага вядзеньня матэрыяльны пазоў прадпрыемства «Менсктранс» у памеры 21 тысяча 667 рублёў, піша «Вясна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Менсктранс» патрабуе 22 тысячы рублёў у пратэстоўцаў за «перакрыцьцё дарог» у ноч з 10 на 11 жніўня каля «Рыгі»Паводле сьледзтва, апоўначы 11 жніўня 2020 году Кірыл Чарткоў далучыўся да групы пратэстоўцаў і рухаўся па праспэкце Пушкіна, Прытыцкага і Кальварыйскай, «што пацягнула за сабой парушэньне працы транспарту і прадпрыемстваў», выкрыкваў лёзунгі і гучна пляскаў у далоні, «парушаючы спакой грамадзян», каля дому № 37 на вуліцы Кальварыйскай перагарадзіў рух транспарту.
Фігурант справы сказаў, што выйшаў на вуліцу пасьля заклікаў у інтэрнэце, пайшоў паглядзець, што адбываецца ў горадзе. Прызнаўся, што спыніў тралейбус 77, каб саступіць месца хуткай дапамозе. Пастаяў каля хвіліны, потым, калі кіроўца папрасіў адысьці, ён адышоў убок. Пракурор у спрэчках сказаў, што дзеяньні абвінавачанага кваліфікаваныя правільна.
Працяглы тэрмін калёніі за леташнія акцыі
Менчука асудзілі на 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму паводле трох артыкулаў.
30 верасьня ў судзе Ленінскага раёну Менску вынесьлі прысуд 40-гадоваму Андрэю Навіцкаму. Пад вартай ён ад 1 чэрвеня.
Яго прызналі вінаватым паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу — арт.368, арт.295 і арт.342, на гэтай падставе судзьдзя Тацяна Шоцік прысудзіла Навіцкаму 5 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыхара Гомля, затрыманага за налепку з Пагоняй, судзяць за «масавыя беспарадкі»Мужчыну абвінавацілі ва ўдзеле ў трох мінулагодніх акцыях, абразе Лукашэнкі ў YouTube і незаконным захоўваньні пораху.
Калі Андрэя Навіцкага запыталі, чаму, нягледзячы на тое, што яго прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці, ён не перастаў хадзіць на масавыя мерапрыемствы, мянчук адказаў: «Праз тое, што сьвядома адмаўляюць у правядзеньні шэсьцяў, права на якія ў грамадзян ёсьць паводле Канстытуцыі».
Гомельскі актывіст пайшоў на суд і не вярнуўся
У Гомлі чарговым разам затрымалі актывіста і валянтэра Ільлю Міронава. Ягоная маці расказала праваабаронцам, што ранкам 30 верасьня сын пайшоў на суд, каб падтрымаць на працэсе палітзьняволенага, і не вярнуўся.
«Потым ён затэлефанаваў на хатні нумар і сказаў, што затрыманы на 72 гадзіны. Проста жах нейкі!» — абураецца Валянціна Міронава.
У другой палове дня стала вядома, што Ільлю Міронава папярэдне зьняволілі на 72 гадзіны за пост у сацсетках, у якім ён выказаў спачуваньне сям'і забітага ў перастрэлцы айцішніка Андрэя Зельцара.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Трымаецца малайцом». Што з валянтэрам Міронавым, якога затрымаў КДБІльля Міронаў вядомы тым, што напісаў больш за 2500 лістоў палітвязьням. Ён носіць перадачы ў СІЗА і наведвае суды.
Нядаўна Міронаў ужо адбыў 25 сутак нібыта за пікет. Так судзьдзя Віктар Казачок патрактаваў надпіс на ягонай майцы — «Пишите письма».
Разграмілі кватэру літаратара Кудласевіча
Сілавікі ўварваліся да барда і пісьменьніка Анатоля Кудласевіча і ўчынілі там сапраўдны пагром. Увесну да яго ўжо прыходзілі праз падазрэньне ў тэрарыстычнай дзейнасьці.
«Маці вярнулася дадому, а там усё раскідана па падлозе — нават крупы і спэцыі. Няма бацькі, ноўтбукаў, мабільніка, асабістых рэчаў. Пры гэтым каштоўнасьці не кранутыя, — расказаў „Нашай Ніве“ іх сын Мікалай. — Я зьвязаўся з адвакатам, званіў у міліцыю. Дзяжурны сказаў: у тым раёне, дзе жывуць бацькі, працуе ГУБАЗіК».
Гаспадара затрымалі і адвезьлі да суду ў турму на Акрэсьціна. А 30 верасьня ягоную справу паводле ч.1 адміністрацыйнага артыкула 24.23 (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) накіравалі на разгляд у суд Фрунзэнскага раёну Менску. У выніку судзьдзя Ала Скуратовіч аштрафавала творцу на 2900 рублёў за сьцяг на бальконе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У пісьменніка Кудласевіча прайшоў ператрус, канфіскавалі ноўтбук і нацыянальны сьцягАнатоль Кудласевіч — інвалід другой групы, у яго выдалена адно лёгкае з прычыны анкалёгіі. Праз праблемы зь ціскам трэба пастаянна прымаць лекі, інакш ён пачынае задыхацца.
Літаратар не хаваў сваёй грамадзянскай пазыцыі, адкрыта выказваўся ў сацыяльных сетках, быў у камандзе Сяргея Ціханоўскага, езьдзіў зь ім па Беларусі. Летась, нягледзячы на інваліднасьць, Кудласевіча асудзілі на 10 сутак за «мітынг» падчас збору подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую.
У Менску шукалі братоў Касінеравых
30 верасьня сілавікі прыйшлі па месцы менскай прапіскі актывіста анархісцкага руху, аднаго з арганізатараў ініцыятывы ў падтрымку палітвязьняў dissident.bу Вячаслава Касінерава.
«Выламаная паштовая скрыня і ледзь ня выбітыя ўваходныя дзьверы ў кватэру, дзе пражываюць арандатары, бо большасьць чальцоў сям’і вымушана пакінула Беларусь праз пагрозы жыцьцю», — адзначаецца ў тэлеграм-канале ініцыятывы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У менскай кватэры анархістаў Касінеравых правялі ператрус, апісалі нават канапуСілавікоў найперш цікавіла месцазнаходжаньне братоў Вячаслава і Паўла Касінеравых, а таксама іхнай маці. Гэта ўжо ня першы ператрус за апошні час, да іх прыходзілі таксама вясной.
«Падобныя візыты мы лічым актамі запалохваньня, якія ў першую чаргу накіраваныя супраць актывістаў розных апазыцыйных рухаў, а ў сьвятле апошніх падзеяў ужо набылі ўсеагульны размах», — пракамэнтавалі ў сям’і Касінеравых.
У Барысаве цікавяцца паляўнічай зброяй
У Барысаве 30 верасьня адбыўся ператрус у мясцовага прадпрымальніка Аляксандра Статкевіча. З дому забралі ўсю тэхніку, а самога Аляксандра зьвезьлі ў невядомым кірунку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома пра сям’ю, якую вінавацяць у тэрарызьме пасьля нападу на дом ГайдукевічаПератрус праходзіў у межах крымінальнай справы за тэрарызм (арт. 289 КК) і псаваньне маёмасьці (арт. 341 КК). Хто яго праводзіў, невядома, пратакол вобшуку візытэры таксама не пакінулі.
Паводле сьведак, сілавікі сарвалі са сьцяны плякат «Магутны Божа», а таксама пыталіся пра паляўнічую зброю, якой у прадпрымальніка ніколі не было.
За абразу міліцыянта з Бабруйску завялі 6 крымінальных спраў
За абразу бабруйскага міліцыянта ў камэнтарах у чаце ў Тэлеграме завялі крымінальныя справы ў дачыненьні да шасьці чалавек, паведамляе прэс-служба МУС. Камэнтары пакінулі трое бабруйчан, магілёвец, пэнсіянэрка з Клімавічаў і мянчук.
Магілёўца год таму ўжо асудзілі на два гады «хіміі» за абразу гэтага ж участковага і абавязалі выплаціць «пацярпеламу» кампэнсацыю маральнай шкоды. Жыхар Менску праходзіць падазраваным па 13 аналягічных крымінальных справах.
Ператрус і пратакол за рэпост з тэлеграм-каналу Сьцяпана Пуцілы
Супрацоўнікі Ленінскага РАУС Магілёва ўчора заявіліся дадому да магілёўца Сяргея Удальёва, піша MAYDAY. Сілавікі правялі агляд і канфіскавалі тэхніку — прычынай стаў репост у Facebook інфармацыі тэлеграм-каналу Сьцяпана Пуцілы, прызнанага экстрэмісцкім. На гаспадара таксама склалі адміністрацыйны пратакол па арт. 19.11 КаАП Беларусі. У бліжэйшы час Удальёва чакае суд за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У МУС пабаяліся «дыскрэдытацыі органаў» і не далі статыстыку па артыкуле 23.34
Палітвязьня Івана Вярбіцкага, асуджанага да 8 гадоў і 1 месяца калёніі, зьбіраюцца пераводзіць на строгі рэжым
Вядома, што ў папраўчай калёніі на зняволенага гальшанца аказвалі ціск: два месяцы Івана ўтрымлівалі ў ШІЗА і ПКТ, зь якога яго павінны былі выпусьціць 5 кастрычніка. Сёньня стала вядома, што палітвязьня этапавалі ў магілёўскую турму №4, бо зьбіраюцца зьмяніць рэжым з узмоцненага на строгі праз шматлікія «парушэньні», піша «Вясна».
56-гадовы Іван Вярбіцкі — мастак з Гальшанаў, мае 2 вышэйшыя адукацыі. Яго абвінавацілі адразу па некалькіх сур’ёзных артыкулах — падбухторваньне да акта тэрарызму, незаконныя набыцьцё, захоўваньне боепрыпасаў і выбуховых рэчываў, а таксама зьнішчэньне афіцыйных дакумэнтаў — і 15 сакавіка асудзілі да 8 гадоў і 1 месяца калёніі ўзмоцненага рэжыму.