Маскоўскай карэспандэнтцы BBC Сары Рэйнсфорд удалося зьвязацца з Марыяй Калесьнікавай і распытаць у яе пра жыцьцё ў турме, сытуацыю ў краіне і тое, якой бы яна хацела бачыць Беларусь.
— Як з вамі абыходзіліся ад моманту вашага арышту? Як вам удаецца даваць рады псыхалягічна? Які ўвогуле лад вашага жыцьця ў турме — камэра, распарадак дня?
— Прачынаюся заўсёды а 6-й раніцы вельмі лёгка і бадзёра. У маім мінулым жыцьці гэтага немагчыма было ўявіць.
У 6:30 пачынаецца турэмны сьняданак у выглядзе кашы, соку, хлеба і чаю. Але я ніколі ня ем так рана і нічога з прапанаванага не бяру. «Прымаю душ», награваючы ваду ў тазіку.
Цяжка паверыць, але ў цэнтры Менску людзі ўтрымліваюцца ў камэрах з халоднай вадой, а душ прымаюць у агульным душавым пакоі (на чатыры чалавекі безь перагародак) адзін раз на тыдзень па 20 хвілін.
Бялізну мыем у тазах, награваючы ваду кіпяцільнікам. Сохне яна ўначы на батарэі або нарах.
А 8-й раніцы — праверка, пасьля чаго 2-3 гадзіны я вучу мовы ці чытаю на нямецкай ці ангельскай мове. Гэта самы плённы час.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Марыя Калесьнікава атрымала прэмію імя Вацлава ГаўлаКаля 9-й выходжу на прагулку. Турэмны дворык — 3 мэтры на 3 мэтры. (у Жодзіне быў большы). Але нават там я схітраюся бегаць 40-50 хвілін і яшчэ 30 хвілін раблю практыкаваньні.
Сьнедаю пасьля прагулкі: бутэрброды або, рэдка, каша з сухафруктамі і абавязкова — моцная кава. Прыбіраюся ў камэры, і ў гэтым ёсьць пэўнае задавальненьне: рабіць чысьцей, утульней, лепей тое месца, дзе ты ёсьць.
Калі ў мяне няма сустрэчы з адвакатамі ці допытаў, то я чытаю і пішу наступныя 2-3 гадзіны. Кнігі выдаюцца па заяве, дзе трэба пазначыць аўтара і назву. Празь некалькі дзён бібліятэкар прыносіць усё, што знайшлі.
У кнігах шукалі інфармацыю, «напісаную малаком»
У Жодзіне кніг для мяне хутчэй не было, чым былі. Адміністрацыя тлумачыла гэта тым, што праблемы з кнігамі для мяне зьвязаныя з страхам, што ў іх ёсьць нейкая інфармацыя, як у Леніна, «напісаная малаком» (нябачным чарнілам).
Гэта і ёсьць сапраўдная прычына таго, чаму ў мяне забралі і тры тыдні правяралі кнігі Харары, Гокінга. «Малака не знайшлі» — вярнулі.
У СІЗА з кнігамі іншая сытуацыя. Ёсьць шмат з таго, што я прашу, нават падручнікі і кнігі на нямецкай і ангельскай мовах. У Жодзіне гэтага не было.
За ўвесь час я пабывала ў пяці камэрах з розным «складам» сябровак-аднакамэрніц. Цяпер камэра вельмі маленькая, 2,5 на 3,5 мэтра, дзе двое нараў на чатырох чалавек, прыбіральня, умывальнік, тэлевізар, кіпяцільнік, кубак, тазы, стол, лаўка. Праз шыбу і краты відаць неба.
У Беларусі забаронена курэньне ў грамадзкіх месцах і нават на прыпынках, але турма ня месца для законаў. Тут кураць амаль усе і ўсюды: у камэрах, калідорах, кабінэтах. У маім выпадку гэта ня толькі шкода здароўю і пагроза жыцьцю, але і шкода, якая не дазволіць мне застацца ў прафэсіі музы́кі-флейтысткі.
У 13:00—14:00 абед. У мяне ён таксама свой: суп ці гародніна зь мясам. Пазьней кава і прысмакі, якімі мяне балуюць у перадачах.
Наступныя тры гадзіны чытаю, працую ў справе (маецца на ўвазе крымінальная справа Марыі. — BBC), пішу тэксты і лісты.
Вячэра ў турме а 18-й, але я вячэраю а 17-й. Гародніна, чай і халва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сястра Калесьнікавай на сэсіі ПАРЭ: «Неабходна падтрымаць беларускі народ сёньня і цяпер»У месяц Калесьнікава піша каля 200 лістоў
З 18:00 пішу лісты кожны дзень. За месяц атрымліваецца каля 200. Гляджу навіны, якія і не навіны ўвогуле, а «пяціхвілінкі нянавісьці» даўжынёй у гадзіны, як у Джорджа Оруэла. Вельмі «карысна», але шкада людзей, якія гэта ствараюць і ў гэта вераць. А 20-й — праверка, потым забіраюць лісты і заявы.
А 21-й вечаровы «душ» з кіпяцільнікам, кніга. З 22:00 да 6:00 здаровы моцны сон. Так многа я ня спала шмат гадоў, асабліва апошнія месяцы перад 7 верасьня 2020 году (дзень, калі Марыю Калесьнікаву скралі, а потым арыштавалі. — BBC).
«Рэжым перакладае на нас тое, у чым вінаваты сам»
— Што вы думаеце пра выстаўленае вам надзвычай сурʼёзнае крымінальнае абвінавачаньне?
— Рэжым перакладае на нас тое, у чым вінаваты сам. Бо сапраўдную змову з мэтай захопу ўлады ўчыніў акурат рэжым Лукашэнкі.
Калі вы спытаеце, ці ў захапленьні я ад таго, што мне далі 11 гадоў, то не, цяжка знайсьці чалавека, якому спадабалася б такая пэрспэктыва. Але калі я ўспамінаю, за што насамрэч улады і іхныя кішэнныя суды далі нам з Максімам такія тэрміны, то дыхаць становіцца лёгка, а жыць весялей.
Гэтае абсурднае абвінавачаньне нам выставілі таму, што мы былі дастаткова сьмелымі і сумленнымі з сабой і беларусамі, за тое, што хацелі пазытыўных перамен у краіне і рабілі гэтыя перамены. Ня зьдзіўлена, што для рэжыму гэта лічыцца злачынствам.
«Я ведала, што калі мяне не забʼюць, то дакладна пасадзяць»
— Ці шкадуеце вы пра што-небудзь? Ці зрабілі б вы інакш, калі б змаглі наноў пражыць мінулы год? Можа, было б лепш зьехаць у той самай машыне, як вашыя калегі?
— Нельга сказаць, што, калі я рвала свой пашпарт, я не разумела маштабу наступстваў для сябе. 7 верасьня 2020 году я ведала, што калі мяне не забʼюць, то дакладна пасадзяць. Бо людзі, якія падпарадкаваліся сыстэме, не пакінулі ў гэтым сумневаў.
Увесь год яны намагаліся зрабіць усё, каб я пашкадавала. Год у гарачых і халодных камэрах, без паветра, безь сьвятла, безь людзей… Год без анічога, але я не шкадую і цяпер зрабіла б гэтаксама. Я тут і цяпер праходжу складаны шлях разам з сваім народам.
Мы разам зь беларусамі хадзілі па вуліцах летам, абдымаліся, хваляваліся, спадзяваліся. Мы разам пачыналі гэты шлях, і цяпер мы разам. Вось жа я не шкадую.
«Хачу, каб перамагла справядлівасьць»
— Што б вы хацелі зьмяніць у Беларусі? І ці ёсьць шанец, што гэта адбудзецца?
— Хачу, каб перамагла справядлівасьць, працавалі законы і выкананьне права. Я хачу, каб беларусы верылі ў сябе і адзін аднаго. Я хачу, каб беларусы не баяліся думаць, гаварыць, крытыкаваць, гуляць і любіць.
Я хачу, каб мы жылі ў свабоднай, багатай і бясьпечнай краіне, дзе ўлада служыць народу, а не наадварот. Гэта вельмі простыя, але неабходныя рэчы, і нам належыць яшчэ прайсьці складаны шлях, каб іх здабыць.
«Думаю, што ў Беларусі ёсьць яшчэ кволы шанец»
— Судовы працэс быў закрытым, і мы ня можам гутарыць з вамі наўпрост. Што б вы больш за ўсё хацелі сказаць краіне і астатняму сьвету?
— Турма — гэта агіднае месца, але тут я асабліва пачуваюся свабоднай і шчасьлівым чалавекам.
Ведаю, як шмат людзей мяне любяць і думаюць пра мяне — гэта дае мне неймаверныя сілы ісьці далей. І я дакладна ведаю, што дабро пераможа.
Я хачу, каб беларусы верылі ў сябе і любілі сябе і адзін аднаго. Не, вы ня сталі горшымі ад таго, што больш не выходзіце на праспэкты з нашым сьцягам. Не, вы ня сталі слабейшымі праз тое, што баіцеся за сваё жыцьцё і свабоду. Вам няма ў чым вінаваціць сябе і адзін аднаго, няма ў чым папракаць. Вы не прайгралі, вы не зьмірыліся, вы ўсё гэткія ж неймаверныя. Так, сябры, вы — неймаверныя.
І я думаю, што ў Беларусі ёсьць яшчэ кволы шанец вырашыць крызіс усярэдзіне краіны ўласнымі сіламі, але ўлада для гэта мусіць павесьці сябе інакш.
«Уяўляеце, судзьдзя б устала і вынесла апраўдальны прысуд»
— Прысуд аказаўся суворым. Вы былі гатовыя да гэтага? Вы дасьце рады?
— Ці была я да гэтага гатовая? Шчыра кажучы, крыху не чакала. Думала, дадуць 12 гадоў.
Ну а калі сурʼёзна, то апошні год не пакінуў беларусам ніякіх ілюзій. Давер да ўсіх дзяржаўных інстытутаў разбураны. Усе цудоўна разумеюць, што няма незалежных судоў і незалежных судзьдзяў. Што гэта больш не пасады, гэта абслуга рэжыму. Што кадры падабраныя гэтак, што рука не здрыганецца. А як толькі паўстае сумнеў, то кадры адразу мяняюцца і ператасоўваюцца.
Уяўляеце, калі б раптам, нягледзячы на тое, што ёй загадалі зрабіць, судзьдзя б устала і вынесла апраўдальны прысуд. Чалавек увайшоў бы ў гісторыю як герой! Пра яе гаварылі б і пісалі ня менш, чым пра нас. Так, хутчэй за ўсё, яе арыштавалі б адразу пасьля, але ў гэтым і сутнасьць цяперашняга беларускага часу — ці ты чалавек, ці адпраўляй невінаватага (і ты ведаеш, што ён невінаваты) на 10 гадоў у калёнію, а потым неяк жыві з гэтым, супакойваючыся на лецішчы, на якое абмяняў сваё сумленьне.
«Мае прынцыпы і мае каштоўнасьці ня ўпісваліся ў карціну сьвету рэжыму Лукашэнкі»
— Як вы думаеце, чаму супраць вас пачалі гэткую сурʼёзную крымінальную справу?
— Таму што мае прынцыпы і мае каштоўнасьці, як і прынцыпы і каштоўнасьці Віктара Бабарыкі і штабу Бабарыкі, ня ўпісваліся ў карціну сьвету рэжыму Лукашэнкі.
Мы перакананыя, што правы чалавека, свабоды і закон павінны быць на першым месцы. Што ўлада павінна мяняцца, і выбіраць яе павінен народ. Што суды павінны быць сумленнымі і незалежнымі, а не падпарадкоўвацца ўладзе. Што незалежныя журналісты павінны пісаць, а не сядзець у турме. Што ў дастатку павінны жыць беларусы, а ня група людзей, якая акупавала ўладу і тэрыторыю краіны.
Але гэта ўсё супярэчыць сыстэме, якую збудаваў рэжым. Апроч таго, мы надта падабаемся беларусам :)
Нянавісьць і кандалы разабʼюцца аб нашыя песьні, сьмех, танцы і любоў
— Як вам удалося прыстасавацца да жыцьця пасьля арышту — і фізычна, і ў думках?
— Да новага жыцьця адаптавалася імгненна і безбалесна. Новы досьвед, новыя людзі, новыя адкрыцьці.
Да таго ж, я музы́ка, а ў клясычных музыкаў за гады рэпэтыцыі выпрацоўваецца практычна вайсковая стойкасьць і дысцыпліна :)
— Вы танчылі на судзе ў першы дзень працэсу. Чаму?
— Бо танчыць лепей, чым пакутаваць. Гэта маё прывітаньне родным, блізкім і ўсяму сьвету.
Можна замураваць у турму, схаваць ад людзей, даць 11 гадоў. Але ўсё гэта, як і страх, нянавісьць і кандалы, разабʼецца аб нашыя песьні, сьмех, танцы і любоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За дзевяць месяцаў 2021 году па «палітычных» артыкулах у Беларусі асудзілі 945 чалавекШто трэба ведаць пра вырак Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку
Прысуд палізьняволеным Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку вынесьлі 6 верасьня 2021 году. Былых удзельнікаў выбарчага штабу Віктара Бабарыкі і сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады судзілі разам за зачыненымі дзьвярыма. Вырак — 11 гадоў калёніі Калесьнікавай і 10 — Знаку. Судзьдзя Сяргей Епіхаў.
Іх прызналі вінаватымі паводле трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:
- змова з мэтай захопу ўлады;
- заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы;
- стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраўніцтва ім.
Працэс заняў 17 паседжаньняў.Віны ніхто з палітвязьняў не прызнаў.
Марыя Калесьнікава і Максім Знак далучыліся да выбарчага штабу Віктара Бабарыкі ў траўні 2020-га — амаль адразу пасьля таго, як той абвясьціў пра сваё рашэньне ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Абое сталі тварамі кампаніі нароўні з самім Бабарыкам — зьяўляліся на працэдуры падачы дакумэнтаў аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў ЦВК, падавалі туды сабраныя Бабарыкам подпісы за вылучэньне, актыўна камэнтавалі ход кампаніі і пляны штабу пасьля затрыманьня самога Бабарыкі.
Пасьля стварэньня аб’яднанага штабу і Максім Знак, і Марыя Калесьнікава працягнулі актыўную дзейнасьць у выбарчай кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай. Пасьля стварэньня Каардынацыйнай рады Знак і Калесьнікава ўвайшлі ў яе прэзыдыюм.