Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За дзевяць месяцаў 2021 году па «палітычных» артыкулах у Беларусі асудзілі 945 чалавек


Паштоўкі і канвэрты палітвязьняў
Паштоўкі і канвэрты палітвязьняў

Колькі чалавек асудзілі па крымінальных «пратэставых» артыкулах, колькі адправілі ў калёніі, самыя суровыя прысуды за год — «Вясна» падала лічбы крымінальнага палітычнага перасьледу за год.

29 верасьня 2020 году колькасьць палітзьняволеных у Беларусі складала 73 чалавекі, за год гэтая лічба ўзрасла амаль у 10 разоў, падкрэсьліваюць праваабаронцы ў сваёй статыстыцы.

За год па «палітычных» артыкулах асудзілі 945 чалавек

На працягу гэтага году асноўным відам рэпрэсій стаў крымінальны перасьлед грамадзян, якія адкрыта выказалі сваю грамадзянскую пазыцыю і нязгоду з уладай. Дагэтуль штодзённа па ўсёй Беларусі працягваецца хваля затрыманьняў па крымінальных справах, зьвязаных з пратэстамі. Усяго, па дадзеных сілавых ведамстваў, са жніўня 2020 году ў Беларусі распачалі 4691 крымінальную справу пасьля такіх падзей.

Праваабаронцы падлічылі, што за год асудзілі паводле «палітычных» артыкулаў КК мінімум 945 чалавек (158 жанчын і 787 мужчын). За гэты год за ўдзел у пратэстах асудзілі 17 непаўналетніх, зь іх 11 — на пазбаўленьне волі ў выхаваўчых калёніях для непаўналетніх, астатніх — на «хімію» ці «хатнюю хімію».

Суды толькі за гэты год пазбавілі волі амаль палову з усіх асуджаных — 439 чалавек, абмежаваньне волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімію») прысудзілі 234 чалавекам, да «хатняй хіміі» асудзілі 232 чалавек, пакаралі штрафам 12, арыштавалі 23, і толькі аднаму чалавеку ў якасьці пакараньня абралі прымусовую меру выхаваўчага характару.

Па самых «рэпрэсіўных» артыкулах асудзілі 731 чалавека

Самымі распаўсюджанымі артыкуламі, якія выкарыстоўваліся ўладамі ў рэпрэсіўных мэтах супраць беларусаў, сталі арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), ч. 2 арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках), арт. 364 КК (гвалт альбо пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў), арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады). Агулам па гэтых артыкулах асудзілі 731 чалавека.

Суды не рэагуюць на заявы абвінавачаных пра жорсткае і бесчалавечнае абыходжаньне, катаваньні, ціск і прымус даваць сьведчаньні на этапе папярэдняга сьледзтва. Судзьдзі выносяць абвінаваўчыя прысуды, базуючыся на паказаньнях, атрыманых гвалтоўным шляхам з парушэньнем вызначанага парадку.

10–18 гадоў калёніі — самыя суворыя прысуды за год

За апошні час у краіне вынесьлі восем суворых прысудаў, у тым ліку экс-кандыдату ў прэзыдэнты, былому вайскоўцу, адвакату і кіраўніцы выбарчага штабу апазыцыйнага кандыдата — іх пазбавілі волі на тэрмін ад 10 да 18 гадоў. Усе асуджаныя прызнаныя палітычнымі зьняволенымі:

  • адваката Максіма Знака,берасьцейца Аляксандра Кардзюкова і менчукоў Аляксандра Троцкага і Ягора Міхайлава пазбавілі волі ў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму тэрмінам на 10 гадоў;
  • кіраўніцу штабу Бабарыкі Марыю Калесьнікаву і інжынэра Ціхана Восіпава асудзілі на 11 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага і ўзмоцненага рэжыму адпаведна;
  • экс-кандыдата на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыку — на 14 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму;
  • былога капітана Генштабу Ўзброеных Сілаў Дзяніса Ўрада асудзілі на 18 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG